Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

35

Смех і жарты на капыльскай прасторы

08.09.2014
[caption id="attachment_37113" align="aligncenter" width="443"]Удзельнікі свята Удзельнікі свята[/caption] V абласны фестываль гумару і гульні “Капыльскія пацехі” зноў прайшоў у нашым горадзе. Удзельнікі – забаўляльна-гульнёвыя і драматычныя калектывы, тэатры мініяцюр, гумарысты, прыпевачнікі – сабраліся не толькі з Мінскага, але і з Брэсцкага рэгіёнаў. Усяго 27 калектываў: 9 жартоўных гуртоў з найменнем “народны”, 8 індывідуальных выканаўцаў, 10 калектываў гульнёвага і вакальнага жанраў. Рэжысёр — загадчык аддзела культурна-масавай і метадычнай работы Капыльскага РЦК Любоў Галубовіч, якая стаяла ля вытокаў стварэння народнага тэатра гульні і гумару “Капыльскія пацехі”, што даў жыццё фестывалю. Адкрыў фестываль старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, які адзначыў, што не хлебам адзіным жыве чалавек, а вось такімі святамі, дзе гучаць анекдоты, жарты і прымаўкі. Таму “Капыльскія пацехі” дазволяць назапасіць энергіі і добрага настрою на доўгі час. [caption id="attachment_37111" align="aligncenter" width="443"]Гасцей свята вітаюць  Р. Трухан і А. Жданеня Гасцей свята вітаюць Р. Трухан і А. Жданеня[/caption] Звярнуўся да гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства  і начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Руслан Трухан: “Дазвольце перадаць прывітальныя словы ад імя губернатара Мінскай вобласці Сямёна Шапіры. Думаю, што гэта самы бессмяротны фестываль, таму што смех падаўжае жыццё”. Але так проста прамоўцы сцэну пакінуць не змаглі. На іх долю выпала такая цяжкая, але і такая пачэсная роля – узнесці на п’едэстал пашаны вялікі мех смеху. Мабыць, гэты самы мех крыху пашкодзіўся – і смех выкаціўся на капыльскі прастор.      Інтрыга свята [caption id="attachment_37112" align="aligncenter" width="443"]На сцэне — тэатра гульні і гумару “Капыльскія пацехі” На сцэне — тэатра гульні і гумару “Капыльскія пацехі”[/caption] Яшчэ да пачатку фестывалю заінтрыгавала і зацікавіла незвычайнае слова з афішы — “курапёт”. Ні “наймудрэйшы” інтэрнэт, ніводны слоўнік не змаглі растлумачыць, што гэта такое. Каб зразумець, трэба было абавязкова прысутнічаць на свяце, бо тэма гучала так: “Куранят па восені лічаць”. Таму і сярод удзельнікаў былі пераапранутыя курамі, пеўнямі і куранятамі розных колераў, пароды і памераў.   І песні, і гульні Каб і ўдзельнікі, і госці ўсё ж такі памяталі пра тое, што гэта конкурс, былі прадстаўлены члены журы: дырэктар дзяржаўнай установы “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” Раіса Вайцяхоўская, галоўны рэдактар альманаха сатыры і гумару “Вожык” Юлія Зарэцкая, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Акушэвіч, генеральны прадзюсар тэатра сатыры і гумару “Хрыстафор” Ілля Казаноўскі, рэжысёр народнага тэатра Бярэзінскага РДК Мікалай Пытляк. Пасля таго, як вядучыя свята Вольга Даманская і Антон Шышмароў аб’явілі ўдзельнікаў, над капыльскімі пагоркамі загучалі жартоўныя песні пра “лісапеды” (жаночы вакальны гурт “Івушка” Морацкага СДК Клецкага раёна) і долю-долечку (ансамбль народнай песні “Лазінка” Лазавіцкага СДК Клецкага раёна). Гледачы змаглі ўбачыць гумарыстычныя замалёўкі і пра вясковае жыццё-быццё (жартоўны гурт “Возерскія вычваракі” Возерскага СДК Уздзенскага раёна) і нават прыняць удзел у розных сюжэтна-гульнёвых праграмах, якія прадставілі іншыя калектывы.   А ў гэты час… На пляцоўцы “Горада майстроў” можна было не толькі ўбачыць, але і набыць вырабы народных умельцаў: і беларускія лялькі-засцярогі, і сувеніры з бісеру, арыгамі і нават ганчарныя вырабы. Крыху далей размясцілася Алея атракцыёнаў. Супрацоўнікі Навасёлкаўскага СДК прапаноў-валі набыць латарэю, выйгрышы да якой скідаў з цуда-дрэва прыгожы бялюсенькі кот. А праверыць сябе на спрытнасць можна было… адзеўшы чыгун на галаву: прайсці трэба паміж іншых чыгуноў, вялікіх і не вельмі, ніводнага не закрануўшы. Гэты атракцыён арганізавалі весялухі з Быстрыцкага СДК. А вось калі кінуць дроцік у мішэні-паветраныя шарыкі, што прапаноўвалі зрабіць супрацоўніцы з Цімкавіцкага СДК, можна было праверыць сябе на трапнасць. Сярод удзельнікаў – і дзеці, і дарослыя. Навобмацак дастаць прыз з чароўнага куфра прапаноўвалі жартаўніцы з Лясноўскага СДК. Кожны  акрамя прыза-падарунка выносіў добры настрой і ўпэўненасць ва ўласнай моцы. Цікавай была і бяспройгрышная латарэя ад РЦК. Сапраўды, удзельнікі атрымоўвалі “За 20 рублёў прыз – будзь здароў!” Пашанцавала нават і мне: невялічкая курачка Пяструшка стала сапраўдным хатнім гадаванцам. На канцэртнай пляцоўцы на рыначнай плошчы выступалі артысты з сельскіх дамоў культуры. А спевакі-дзеці дарылі праменьчыкі свайго таленту ў гарадскім парку, дзе ўладарыла сапраўдная Краіна дзяцінства.   І нарэшце І хоць журы вельмі няпроста было вызначыць лепшых, гэта адбылося. Прыемна, што сярод пераможцаў шмат прадстаўнікоў Капыльшчыны. Так, у намінацыі “За творчае развіццё гульнёвых традыцый” Дыпломам I ступені ўзнагароджаны клуб нацыянальнай кухні “Лоцвінскія ўдалухі” Лоцвінскага СДК Капыльскага раёна (кіраўнікі Галіна Дрожжа, Валян-ціна Шыманская). А ў намінацыі “За аўтарскую творчасць, прапаганду гумару і выканальніцкае майстэрства” Дыплом I ступені ў Вольгі Ліс. Дыпломам у намінацыі “Самы яркі сцэнічны вобраз” узнагароджаны Вольга Даманская і Антон Шышмароў. Дыпломам за ўдзел узнагаро-джаны адзіны дзіцячы калектыў з Новадоктаравіцкага СК. І жартам, і ўсур’ёз Ірына Кісляк, старшыня раённага Савета дэпутатаў: — Вельмі цікава. Весела, шмат людзей. Няхай гэта свята праходзіць на капыльскай зямлі кожны год, таму што яно аб’ядноўвае разам людзей. Аляксандр Рыбак, дырэктар ААТ “Слуцкі воцатны завод”, дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў: — Адметна, што менавіта на Капыльшчыне праводзіцца гэта свята. Думаю, што не толькі пяты, але і дзясяты раз яно адбудзецца. Я прысутнічаю тут упершыню. Бачу, што да свята старанна рыхтаваліся і ўдзельнікі, і арганізатары. Цікава, што ўдзельнічаюць не толькі абласныя калектывы, але і з Брэстчыны. Ну а паколькі гэта конкурс, я прыхільнік — капылян. Валерый Мазура, кіраўнік народнага гумарыстычнага гурта “Дубінскія фанабэры” (Валожынскі раён): — Вельмі яскрава праходзіць свята. Тут можна адпачыць, павесяліцца, сустрэць знаёмых. Я не першы раз прыязждаю да вас, таму асабліва прыемна сустрэцца з артыстамі. Вельмі спадабалася выступленне капылянкі Вольгі Ліс. А пераможа той, у каго больш гумару. Ілля Казаноўскі, генеральны прадзюсар тэатра сатыры і гумару “Хрыстафор”: — Сёння курыца — птушка шчасця, ну а я тады — гусь кахання. А калі сур’ёзна, то як генеральны прадзюсар адзначыў для сябе некалькі нумароў: жаночы вакальны гурт “Івушка” Морацкага СДК Клецкага раёна, аўтара і выканаўцу Вольгу Ліс, тэатральны гурток “Жартаўнікі” Новадоктаравіцкага СК. Як прафесійны артыст хачу параіць, каб у калектывах быў рэжысёр-пастаноўшчык. Тады іх выступленні стануць больш цікавымі і прафесійнымі. Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей