Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

44

«Капыльскія дудары»: талент не мае межаў

02.09.2014
[caption id="attachment_37074" align="aligncenter" width="443"]“Капыльскія дудары” на святкаванні Дня Незалежнасці “Капыльскія дудары” на святкаванні Дня Незалежнасці[/caption] Народны аркестр народных інструментаў «Капыльскія дудары» прыняў удзел у 49-м Фестывалі фальклору Русінаў – Украінцаў Славакіі ў г. Каменка (Славацкая Рэспубліка), які кожны год праводзіць Саюз Русінаў-Украінцаў гэтай краіны. Творчасць сапраўды не мае межаў. А музычныя гукі становяцца пуцяводнымі зоркамі, якія клічуць і вядуць за сабой. Але гэты гонар трэба здабыць у штодзённай, шматгадовай працы. Вось ужо больш за 60 гадоў народны аркестр народных інструментаў «Капыльскія дудары», які, дарэчы, з’яўляецца адным са старэйшых калектываў Міншчыны, стварае і дорыць кожнаму з нас звычайны цуд – музыку. Вытокі славянскай культуры У гэтым годзе цымбалы і дудкі «Капыльскіх дудароў» ізноў загучалі за мяжой. Невялічкі горад з вельмі сугучнай для капылян назвай Каменка, што ў Славацкай Рэспубліцы, прымаў беларускіх гасцей. Акрамя нашага аркестра  мілагучныя  творы выконвалі музычныя калектывы «Перазвон» (г. Баранавічы), «Народныя музыкі» (г. Ляхавічы) і «Сувенір» (г. Кобрын). Горад Каменка крыху падобны на родны Капыль: такія ж прыгожыя краявіды, але замест родных пагоркаў і азёраў – магутныя Карпаты і бурлівыя горныя рэкі. Мабыць таму і музыка капылян прыйшлася даспадобы славакам. Асабліва блізкай стала кампазіцыя «Звіняць цымбалы і гармонік», у якой цесна перапляліся гісторыя і мелодыі славян. Гаспадарам фестывалю музыканты падарылі яскравае і запамінальнае выступленне, а самі ў вольны час здзейснілі сплаў на плытах па горнай рэчцы Дунаец, наведалі сярэднявечны замак Любаўнянскі град. Адметна, але з мясцовымі жыхарамі – гараламі – размаўлялі па-беларуску і руску: мовы, як і ўся культура славян, маюць адзіныя карані. Наведалі і другі па велічыні горад краіны Кошыцу. Затым з найвялікшай цікавасцю захапляліся прыгажосцю Будапешта (Венгрыя) і Вены (Аўстрыя). Як адзначыў адзін з удзельнікаў культурнай экспедыцыі, дырэктар Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў Уладзімір Чаркас, галоўнае, што «Капыльскія дудары» паказалі беларускую культуру, прадэманстравалі высокі прафесійны ўзровень выканання беларускай народнай музыкі. А таксама пазнаёміліся з гісторыяй, культурай і нацыянальнымі традыцыямі заходніх славян. Вынік? Шмат станоўчых эмоцый як для гаспадароў, так і для саміх капылян.   Па прыступках часу Каб набыць высокі прафесійны ўзровень, аркестру давялося прайсці доўгі і цікавы шлях. Калектыў быў створаны ў пачатку 50-х гадоў XX стагоддзя пры раённым Доме культуры вядомым на той час па ўсім наваколлі самабытным музыкам Мікалаем Астрэйкам. Затым, у 1960 годзе, калектыў узначаліў Сяргей Рончык. У свой час кіраўніком з’яўляўся і Аляксей Клякін. Але менавіта Валянцін Арсеньевіч Мотуз, які кіраваў аркестрам з 1984 па 2004 гады, унёс вялікі ўклад у развіццё калектыву. Пры ім жа ў 1987 годзе аркестр «Капыльскія дудары» атрымаў ганаровае званне «народны аматарскі калектыў». Ішлі гады. Змяняліся кіраўнікі і ўдзельнікі. Але з кожным годам калектыў дэманстраваў новыя грані таленту падчас удзелу ў шматлікіх аглядах, конкурсах, фестывалях. Неаднаразова аркестр быў узнагароджаны ганаровымі граматамі і дыпломамі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, Капыльскага райвыканкама. У 2001 годзе народны аркестр народных інструментаў «Капыльскія дудары» набыў новы дом – Капыльскую дзіцячую школу мастацтваў. У 2005 годзе кіраўніком аркестра стала таленавіты музыкант і арганізатар, выкладчык Баранавіцкага музычнага каледжа Святлана Васільеўна Салавей. Сёння ў склад уваходзіць 15 чалавек. Самабытнасць і непаўторнасць гэтага калектыву ўвесь час вабіла знакамітых беларускіх кампазітараў, якія складалі свае творы менавіта для яго. На працягу многіх гадоў гучаць творы I. Кузняцова, В. Войціка, У. Кур’яна і інш. Рэпертуар калектыву ўключае і апрацоўкі народнай музыкі, творы на аснове старадаўняй беларускай музыкі, творы сучасных аўтараў, акампанементы да народных і аўтарскіх вакальных твораў. Але асобна стаіць тэма Капыльскага краю, яго легендаў і гісторыі. Гэтаму прысвечаны такія творы У. Кляшчова, як «Капыльская легенда», «Ля бруістай Каменкі», «Капыльская радзімая зямля». З часам змяняўся інструментальны склад, яго кіраўнікі. Кожны пакідаў нешта сваё, але нязменным заставалася і застаецца прапаганда беларускай нацыянальнай музычнай культуры і беларускіх народных духавых інструментаў. Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей