Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

54

Старонкі культуры і гісторыі

02.09.2014
[caption id="attachment_37070" align="aligncenter" width="443"] Мэндэле Мойхер-Сфорым (злева) з яўрэйскімі пісьменнікамі[/caption] Супрацоўнікі дзяржаўнай установы “Капыльскі раённы краязнаўчы музей” сталі ўдзельнікамі семінара-канферэнцыі па тэме “Гісторыя яўрэйскага насельніцтва Беларусі”, які прайшоў на базе Грамадскага аб’яднання “Рэспубліканскі фонд “Халакост”. Дадзенаму мера-прыемству  папярэднічалі  семінар у Навагрудку ў 2011 годзе, а таксама вучоба ў Ізраільскім мемарыяльным комплексе трагедыі і гераізму яўрэйскага народа “Яд-Вашэм”, што праходзіла ў 2013 годзе і ўдзельнікам якой была аўтар гэтых радкоў. На гэты раз мы прэзентавалі сваё даследванне гісторыі яўрэяў Капыля. Выступаць давялося на другі дзень, праслухаўшы лекцыі “Доўгі шлях ад Іўдзеі да Беларусі” дырэктара Музея гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі Вадзіма Акапяна, а таксама “Яўрэйскія жанчыны ў гісторыі Беларусі” Ілоны Акапян. Дарэчы, менавіта з яе дапамогай наладжваюцца экскурсіі з Ізраіля ў Капыль. Расказваць пра свой горад і яго гісторыю было вельмі лёгка. У аснову прэзентацыі ўвайшлі матэрыялы з пастаянна дзеючай экспазіцыі музея і   яго фондаў. А гаварыць ёсць пра што. Капыль – радзіма такіх знакамітых людзей, як пісьменнік, класік яўрэйскай літаратуры Мэндэле Мойхер-Сфорым, публіцыст ХІХ стагоддзя Абрам Паперна, грамадскі дзеяч і пісьменнік Леў Клейнбарт, заслужаны мастак РСФСР Пётр Розін, Герой Сацыялістычнай Працы Аляксандр Нахмановіч. У сярэдзіне ХІХ ст. у Капылі з 424 двароў  172 было яўрэйскіх, 244 – хрысціянскіх, 8 – татарскіх. Па веравызнанні мужчыны падзяляліся так: праваслаўныя – 1511, каталікі – 73, іўдзеі – 868, мусульмане – 109. Сінагог было дзве: зімняя і летняя. Як сведчыць перапіс 1939 года, у Капылі пражывала 1435 яўрэяў – 30% усяго насельніцтва. І вось удзельнікам канферэнцыі дэманструецца здымак сінагагальнага двара (цяпер двор СШ №2 г. Капыля) і аповед пра яго. Затым – гарадская сядзіба Клейнбартаў (будынак ДАІ), помнікі на месцы гета і ахвярам гета (на беразе возера), яўрэйскія могілкі з цікавымі камянямі, помнік камандзіру партызанскага атрада Льву Гільчыку, старая забудова горада з будынкам былой карчмы, якая належала Рабіновічу. І далей – знаёмства з экспазіцыяй музея, дзе адноўлены інтэр’ер карчмы Шымана Жукоўскага. Яго дачка Іда Маза напісала аўтабіяграфічную кнігу “Дзіна”, якая сёння экспануецца і з’яўляецца скарбніцай звестак пра Капыль канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Гэтая кніга даслана нам з Амерыкі. У музеі можна ўбачыць і сапраўдныя малюнкі мастака Гершмана да кніг Мэндэле, прысланыя з Масквы, архіў Клейнбартаў і кнігу “Маладая Беларусія”, прывезеную з Кіева. У фондах музея захоўваецца кніга У. Фінкеля “Менделе Мойхер-Сфорим” на ідзіш 1948 года выдання, дзе таксама распавядаецца пра Капыль. У раздзеле пра Першую сусветную вайну гаворка ішла пра  Льва  Нахмановіча  – салдата гэтай вайны, сын якога А. Нахмановіч атрымае званне Героя Сацыялістычнай Працы, будучы ў Казахстане (у 30-я гады гэту сям’ю выслалі з в. Вясёлае). Дарэчы, першым калгасам на Капыльшчыне быў калгас імя Абрамовіча ў в. Вусава на чале са старшынёй Шульманам. У фондах музея захавалася касавая кніга гэтай гаспадаркі. пра тэму акупацыйнага рэжыму расказваецца ў зале, дзе экспануецца нямецкая губная гармошка. У новай экспазіцыі “Партызанскі лагер” ёсць матэрыял і пра яўрэяў з партызанскага атрада Гільчыка. А чаго варты толькі 200 адзінак карцін Пятра Розіна! Нашы калегі з Чэрвеня, Смілавіч, Лошы, Браслава распавядалі пра  свае  даследванні  па  Халакосце,  пра  стварэнне музея мастака Х. Суціна, пра патрыятычнае выхаванне моладзі. А напрыканцы для нас, капылян, прагучала прыемная навіна: у цэнтры “Халакост” ёсць пераклад на рускую мову кнігі У. Фінкеля “Менделе Мойхер-Сфорим”. Яго ў надрукаваным выглядзе падораць нашаму музею. Вось адкуль можна будзе даведацца пра наш горад канца ХІХ стагоддзя. І яшчэ. Тураператар з Бабруйска зацікавіўся адпаведным турыстычным маршрутам па Капылі. А даследчык і журналіст Аркадзь Шульман прыедзе ў рабочую камандзіроўку ў Капыль восенню гэтага года. Валянціна ШУРАКОВА, дырэктар раённага краязнаўчага музея

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей