Бадай, адна з самых важных сезонных работ на сёння — уборка і вывазка цукровых буракоў. Сельгаспрадпрыемствы цвёрда ведаюць: пасля 5 лістапада ў полі не павінна застацца ніводнага салодкага кораня. Таму і імкнуцца хутчэй справіцца з пастаўленай задачай.
Сёлета на палетках Капыльшчыны вырас неблагі ўраджай, нават нягледзячы на капрызы надвор’я, капаюць на круг па 324 цэнтнеры. Сярод лідараў — ВСК “Семежава”, якое адным з першых у раёне закончыла ўборачныя работы: у гэтай гаспадарцы не толькі самая высокая ўраджайнасць цукровых буракоў (450 ц/га), але і якасць караняплодаў, якія пастаўляюцца на Цімкавіцкі буракапрыёмны ўчастак, вельмі добрая. Пра гэта расказаў начальнік участка Дзмітрый Пешкур. Дзмітрый Аляксандравіч упэўнены, што такі важны паказчык як забруджанасць (наяўнасць зялёнай масы, зямлі, а часам і камянёў), цалкам можна аднесці на сумленне кіраўніка гаспадаркі, інжынернай і агранамічнай службаў.
“Прадукцыя вырастае добрай якасці, — лічыць Дзмітрый Пешкур, — а затым умешваецца чалавечы фактар. Калі абсталяванне камбайнаў не наладжана як след, а буракі грузяцца ў кузавы і прычэпы аўтамабіляў франтальным пагрузчыкам, накшталт “Амкадора”, калі на буракаўборачным камбайне адсутнічае сепарыруючае ўстройства (“мыш”), якое ўбірае пустазелле, аўтаматычна ўзрастае паказчык забруджанасці. У ліку гаспадарак, якія не стваралі для сябе і работнікаў участка праблем з якасцю прадукцыі, Дзмітрый Аляксандравіч назваў таксама СВК “Пацейкі”, СГФ “Руднае”, СВК “Душава”, ЗАТ “Жыліхава”, ААТ “Старыца-Агра”. Паводле слоў начальніка ўчастка, не наладжана як след работа ў гэтым кірунку ў СВК “Ціміразеўскі” (за два дні вернута ў гаспадарку сем машын з буракамі), былі праблемы з СГФ “Браткава”.
Сёння на Цімкавіцкі буракапрыёмны ўчастак, які з’яўляецца філіялам Слуцкага цукрова-рафінаднага камбіната, паступае прадукцыя, вырашчаная на палетках Капыльскага (пераважная большасць — каля 1500 тон штодня), Клецкага і Уздзенскага раёнаў. Работнікі прадпрыемства імкнуцца арганізаваць свой рабочы час так, каб стварыць найспрыяльныя ўмовы для пастаўшчыкоў. Працоўны дзень пачынаецца ў 8 гадзін раніцы і цягнецца да 19.00 без выхадных і перапынку на абед.
Каб не было чаргі, адначасова задзейнічаюць тры, а то і чатыры буртаўкладачныя машыны (БУМы). Штодня паступае звыш дзвюх тысяч тон салодкіх караняплодаў, якія ў адпаведнасці са сваёй якасцю, размяркоўваюцца ў кагаты — для хуткага вывазу (буракі, якія крыху падмерзлі), сярэдняга (да 1 месяца) і позняга (да 90 дзён) захоўвання. Згодна з распрацаваным графікам, па чыгунцы буракі дастаўляюцца на камбінат (па 650 тон у суткі). Участкам ужо нарыхтавана звыш 50 тысяч тон салодкай прадукцыі.
Маргарыта САКОВІЧ
НА ЗДЫМКАХ: 1.Машыніст БУМа Алег Чаркас; 2. На кагатным полі; 3. Вадзіцель пагрузчыка “Амкадор-342С4” Міхаіл Тамашэня.
Комментарии