Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

59

Святы Рох – апякун капыльскай зямлi

14.08.2014
16 жніўня каталіцкая царква адзначае памяць Святога Роха. У шматлікіх мясцовасцях па ўсім свеце ў гэты дзень будуць ладзіцца маляўнічыя працэсіі. Паводле падання святы Рох нарадзіўся ў Манпелье (Францыя), каля 1295 года ў сям’і мэра. Яшчэ пры нараджэнні ён быў адзначаны асаблівым знакам на грудзях у форме чырвонага крыжа. У 19-20-гадовым узросце юнак страціў абодвух бацькоў. Хутка Рох прымае рашэнне прадаць большую частку бацькоўскай спадчыны з мэтай дапамагчы бедным. Пасля здзяйснення гэтага малады чалавек накіроўваецца ў Рым, у пілігрымку. Дасягнуўшы Італіі, у якой на той час лютавала эпідэмія чумы, Рох спыняе пілігрымаванне на карысць догляду і лекавання хворых, пазбаўляючы іх ад хваробы малітвай і крыжам. Праз пэўны час Рох вырашыў вярнуцца на радзіму, аднак у дарозе сам захварэў на чуму ў горадзе П’ячэнца, адкуль па гэтай прычыне быў выгнаны. Змірыўшыся з лёсам, накіраваўся ў бліжэйшы лес, дзе знайшоў прытулак у закінутай халупінцы. Паводле падання, сабака шляхціца Готхарда знайшла Роха і, прыносячы яму хлеб, ратавала яго ад голаду. Неўзабаве святы вылечыўся ад чумы, а Готхард стаў яго памочнікам. Пасля гэтага святы Рох нарэшце вярнуўся дадому, дзе, адмовіўшыся раскрыць сваё імя, быў арыштаваны як італійскі шпіён паводле загаду, як потым аказалася, уласнага дзядзькі. Пасля пяцігадовага пазбаўлення волі ён памёр 16 жніўня 1327 года. Пасля смерці Рох быў апазнаны па знаку крыжа на грудзях. Шырокае народнае шанаванне святога пачалося адразу ж пасля яго смерці, хоць афіцыйна ён не быў кананізаваны. У 1585 годзе папа Рыгор XIII змясціў яго імя ў рымскім мартыралогу. Канчаткова шанаванне Св. Роха было ўсталявана папам Урбанам VIII у 1629 годзе. Першы час  Святому Роху маліліся, галоўным чынам, з просьбамі аб выздараўленні ад чумы. Культ, першапачаткова абмежаваны Манпелье і паўночнай Італіяй, хутка распаўсюдзіўся ў Іспаніі, Францыі, Германіі і Нідэрландах. У жыцці святога «Vita Sancti Rochi», напісаным у 1478 годзе Франчэскам Дзіедам, мэрам Брэшыі, прыведзены эпізод, паводле якога ў 1416 годзе, падчас правядзення Канстанцкага сабору, гораду пагражала эпідэмія чумы. Пасля маленняў да Святога Роха і малітоўных працэсій эпідэмія горад абмінула. У 1485 годзе венецыянцы таемна вывезлі мошчы Св. Роха з Манпелье ў Венецыю, якая, як галоўны гандлёвы горад, дзе праходзіў гандаль з Усходам, моцна пакутавала ад смяротных эпідэмій. Неўзабаве Рох быў абвешчаны адным са святых апекуноў горада. У 1508 годзе ў Венецыі была пабудавана царква Сан-Рока. Святы Рох лічыцца заступнікам хворых на чуму і халеру, пакутуючых на хваробы ног і скуры; пілігрымаў, хірургаў, а таксама сабак і хатняй скаціны. Святы Рох — апякун французскага Манпелье (у яго гонар названы гарадскі сабор, вуліца, сквер і чыгуначны вакзал) і некалькіх італьянскіх гарадоў. У класічнай іканаграфіі Святы Рох зазвычай паказаны маладым пілігрымам у лахманах, які паказвае на чумную язву на сваёй левай назе. Часта разам з ім адлюстроўваюць сабаку, які трымае ў роце хлеб ці ліжа ўзгаданую язву Святога. Яшчэ адным характэрным іканаграфічным атрыбутам з’яўляецца кій пілігрыма. У гонар Святога Роха на гарадскіх капыльскіх могілках з даўніх часоў стаяла капліца. Аднак яе разбурылі. І сіламі вернікаў капліца была ўзведзена нанава. Кожны год 16 жніўня каталікі шматліка збіраюцца каля капліцы Святога Роха, каб праз яго заступніцтва выпрошваць у Бога тое, аб чым продкі нашы на працягу вякоў такім жа чынам у Бога прасілі і атрымлівалі. Аляксандр ТАРАСЕВІЧ, пробашч (настаяцель) парафіі Святых Пятра і Паўла

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей