«Лета з добрай кнігай» - так называецца праект, накіраваны на папулярызацыю чытання сярод насельніцтва Беларусі. Пра тое, што і як чытаюць жыхары нашага раёна, мы зараз вам раскажам.
Людміла ЛАЗОЎСКАЯ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА «Гімназія №1 г. Капыля»:
– Чытанне – гэта не толькі частка маёй прафесіі, але і стан душы. Лічу, што менавіта на старонках твораў беларускіх пісьменнікаў як нельга лепей адлюстравана наша гісторыя. Перавагу аддаю раманам Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародне”, “Чорны замак Альшанскі”, “Каласы пад сярпом тваім”. Вельмі люблю вершы нашага земляка Адама Русака. Дарэчы, з яго сям’ёй пашчасціла быць знаёмай і нават слухаць, як паэт іграў на скрыпачцы. Перш за ўсё, у творчасці Русака прывабліваюць тэмы кахання, прыгажосці і велічнасці жанчыны. Як майстра псіхалагічнай прозы не магу не назваць Кузьму Чорнага. Чытанне яго твораў дапамагае зразумець узаемаадносіны паміж людзьмі. А калі падрасце ўнучак Цімошка, абавязкова прачытаю яму вершы Якуба Коласа і Васіля Віткі, аповесці Янкі Маўра.
Вольга РАДКЕВІЧ, бібліятэкар Жыліхаўскай сельскай бібліятэкі:
– Найбольш актыўнымі чытачамі ў нашай мясцовасці з’яўляюцца дарослыя людзі ад 30 да 50 гадоў, а таксама дзеці малодшага школьнага ўзросту. Самы актыўны чытач, які аддае перавагу беларускім пісьменнікам, – Уладзімір Первой. Ён заўсёды цікавіцца публікацыямі ў часопісе “Нёман”, кнігамі па гісторыі. Нядаўна Уладзімір Васільевіч браў зборнікі беларускай прозы “Кахаць і верыць”, творы Алеся Савіцкага “Обаль”, Кастуся Тарасава “Памяць пра легенды”, Аляксандра Асяроўскага “Анэлін хутар”. Хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю чытаюць пра дамавічка Кузю Галіны Аляксандравай, а таксама цікавяцца прыгодамі герояў Мікалая Носава і Астрэд Ліндгрэн. А я з захапленнем чытаю творы аўтараў-класікаў: Цвейга, Хэмінгуэя, Стэндаля.
Святлана ПАБОКА, намеснік дырэктара, начальнік аддзела рознічнага бізнесу ЦБП № 609 ААТ «ААБ Беларусбанк»:
– Перавагу аддаю творам гістарычнай тэматыкі: асабліва падабаецца Пікуль – прачытала ўсё: ад “Фаворита” да “На задворках империи”. Зараз захапілася творчасцю Барыса Акуніна: гэта таксама гісторыя. Прычым кнігі купляю, а не бяру ў бібліятэцы: да іх заўсёды можна вярнуцца, перачытаць найбольш цікавыя моманты. Дачка, дзесяці- класніца Настасся, чытае кнігі сучасных амерыканскіх пісьменнікаў Чака Паланіка і Джорджа Марціна.
Ірына ГАЛУЗА, прадавец аддзела “Тканіны” Універмага №1:
– Чытаю заўсёды і з задавальненнем. Дома сабрана вялікая бібліятэка. Калі раней аддавала перавагу дэтэктывам, то цяпер з цікавасцю чытаю Габрыэля Гарсія Маркеса “100 гадоў адзіноцтва”. Кніга па-сапраўднаму прыцягальная. Потым планую прачытаць што-небудзь з Дастаеўскага. Хутчэй за ўсё, гэта будзе раман “Ідыёт”.
Комментарии