Дзяржаўная ўстанова “Рэдакцыя газеты “Слава працы” і праграмы радыёвяшчання “Раніца Капыльшчыны” па выніках штогадовага абласнога спаборніцтва сярод сродкаў масавай інфармацыі заняла другое месца ў намінацыі “Лепшае друкаванае выданне Мінскай вобласці”.
Пры вызначэнні пераможцаў улічваліся наступныя крытэрыі: усебаковае, аб’ектыўнае і аператыўнае асвятленне дзейнасці Мінаблвыканкама, гар-, райвыканкамаў, прадстаўнічых дзяржаўных органаў, грамадска значымых палітычных кампаній у краіне, пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну, паказчык падпіснога тыражу на адну тысячу насельніцтва (“Слава працы” займае другое месца ў вобласці – 172 экз.), дызайн, вёрстка, якасць фотаздымкаў, аб’ём, палоснасць і колер выдання.
Рэдакцыя газеты “Слава працы” раздзяліла другое месца са сваімі калегамі з “Пухавіцкіх навін”. Трэцяга месца ўдастоіліся выданні Любаншчыны і Слуцкага раёна. А першае месца ў дадзенай намінацыі прысуджана ДУ “Рэдакцыя газеты “Адзінства” (Барысаўскі раён).
Ганаровыя граматы, Дыпломы пераможцам і прызёрам уручыў падчас прэс-канферэнцыі ў Салігорску старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра. Таксама былі вызначаны пераможцы ў намінацыях: “Лепшы творчы праект сярод журналістаў рэгіянальных СМІ, шматтыражных газет”, “Лепшы творчы праект сярод журналістаў рэспубліканскіх СМІ”, “Лепшая тэлепраграма”, “Лепшы афіцыяльны інтэрнэт-рэсурс друкаваных выданняў Мінскай вобласці”.
Марыя ШЭІНА
Комментарии