[caption id="attachment_36640" align="aligncenter" width="570"]

Ірына Кісляк віншуе Сяргея і Вольгу Пяцігорцаў[/caption]
Работнікі кожнага сельгаспрадпрыемства гэтай гарачай парой працуюць ад усёй душы, каб хутка і без страт убраць вырашчаны ўраджай. І за гэтым працэсам заўсёды надзвычай прыемна назіраць. Карціна, якую давялося днямі ўбачыць на ячменным палетку ААТ “Ціміразеўскі”, прымусіла зноў і зноў захапляцца зладжанасцю і нават нейкай апантанасцю працы хлебаробаў.
Уявіце сабе: на палетку са спелай збажыной гудуць 14 камбайнаў, да якіх, нібы па ўзмаху палачкі небачнага дырыжора, спяшаюцца аўтамабілі. І тады з бункера сыплецца густы струмень залацістай збажыны, напаўняючы наваколле незвычайным водарам, у якім спалучыліся і цеплыня сонечных промняў, і салаваты пот земляроба, і густы, ні з чым не параўнальны пах зямлі, якая аддала свае сокі збажыне. Хутка поўдзень, і на палетку з’яўляецца аўтобус, да якога накіроўваюцца хлебаробы – абеды прывезлі. І тут не да лішніх размоў: кожны камбайнер імкнецца хутчэй падмацавацца і – зноў у кабіну сваёй магутнай машыны. Здаецца, што ім і спёка не перашкода, што няма жадання пасля абеду хоць крышачку адпачыць!..
[caption id="attachment_36641" align="aligncenter" width="356"]

Вадзіцель Сяргей Турэйка[/caption]
І хаця ў ААТ “Ціміразеўскі” ўсе камбайнавыя экіпажы паказваюць добрыя вынікі, усё ж такі апошнія гады тут раўняюцца на братоў Пяцігорцаў. Сёлета ў іх чыста сямейныя экіпажы: Сяргею і Алегу дапамагаюць іх жонкі – Вольга і Ала. Па-ранейшаму высокія рэзультаты на адвозцы збожжа на сваім старэнькім ГАЗ-53 паказвае Сяргей Турэйка – неаднаразовы пераможца і прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод маладых удзельнікаў уборачнай кампаніі.
Зладжанасць і напружанасць працы даюць свае вынікі. Як расказаў намеснік дырэктара гаспадаркі па раслінаводстве Віталь Платун, за дзень удаецца ўбраць каля 300 га і намалаціць больш за паўтары тысячы тон збажыны. Сухое гарачае надвор’е дазваляе скараціць і час, які звычайна затрачваецца на дапрацоўку збажыны – сухое зерне не патрабуе сушкі, а толькі ачышчаецца ад смецця. На апусцелае поле следам выходзяць прэс-падборшчыкі (іх у гаспадарцы чатыры) і тэхніка для адвозкі рулонаў. А хутка тут з’явяцца і трактары, якія пачнуць падрыхтоўку глебы пад азімыя культуры ўжо ўраджаю 2015 года.
[caption id="attachment_36639" align="aligncenter" width="570"]

Маладзёжны экіпаж у складзе Сяргея Сямашкі і Васіля Васілеўскага[/caption]
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии