59
«Матчыны кросны» склікалі гасцей
21.07.2014
У Старых Дарогах адбылося шостае рэгіянальнае свята-конкурс “Матчыны кросны”. Лепшыя майстры Міншчыны сабраліся ў гэтым горадзе: прыехалі 64 канкурсанты з 8 раёнаў: Старадарожскага, Капыльскага, Любанскага, Уздзенскага, Нясвіжскага, Вілейскага, Валожынскага, Слуцкага.
Дарэчы, у гэты дзень старадарожцы адпачывалі, што кажуць, з размахам. Свята ткацтва было прымеркавана да святкавання 70-й гадавіны вызвалення Старадарожскага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Свята праводзілася на адной з цэнтральных пляцовак горада, дзе размяшчаліся кросны ўдзельнікаў конкурсу. Тут жа знаходзіліся ўласныя выставы канкурсантаў. Уся цэнтральная плошча ператварылася ў сапраўдны горад майстроў. Тут можна было паглядзець на карціны, вырабы з дрэва, гліны, бісера і залацістай саломкі або на вышыванкі, вязаныя сурвэткі і г. д.
Урачыстае адкрыццё свята пачалося з выканання песні пра матчыны кросны. Самыя цёплыя словы гучалі ў адрас майстроў і ад адміністрацыі Старадарожчыны, і ад членаў журы конкурсу. Яго старшыня Яўген Сахута – старшыня Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, доктар мастацтвазнаўства – павітаў удзельнікаў конкурсу шчырымі словамі і пажадаў натхнення і поспехаў у працы.
У склад дэлегацыі Капыльскага раёна ўвайшлі народны майстар Беларусі, актыўная ўдзельніца рэспубліканскіх, абласных і раённых святаў, кірмашоў, фестываляў, ткачыха, чыё імя запісана ў кнігу “Памяць. Капыльскі раён” – Валянціна Гладкая з в. Праснакі, дырэктар раённага Цэнтра ткацтва Таццяна Волкава, а таксама навучэнцы “Школы ткачоў” пры раённым Цэнтры ткацтва Мікалай Шчоткін, Яна Шчэрба, Аляксей Бірук, Настасся Лянько і Раман Волкаў, які, дарэчы, з’яўляўся самым малодшым удзельнікам конкурсу. Гэтаму маленькаму майстру сёмы гадок, але ён зусім па-даросламу сочыць, каб ніводная нітка не падхапілася, а краі вытканага палатна заставаліся роўнымі, без сцяжак і петляў.
І вось нарэшце пачалася галоўная частка свята – конкурс. Вельмі цікава было глядзець, як спрытныя рукі майстроў імкліва пускаюць жвавы чаўнок, прыбіваюць нітку бёрдам, і на вачах, пры дапамозе майстэрства і старання, памножанага на векавыя традыцыі, ствараецца сапраўдны цуд.
Пакуль ткачы былі засяроджаны на працы, журы ацэньвала іх конкурсныя работы. А гледачы, раз-пораз вяртаючыся да кроснаў удзельнікаў конкурсу, мелі магчымасць парадавацца выступленням лепшых калектываў мастацкай сама- дзейнасці, паласавацца рознымі прысмакамі, што прапаноўвалі работнікі гандлю, пазабаўляцца на атракцыёнах.
І ўсё ж самы хвалюючы момант свята – падвядзенне вынікаў. Што да капыльскіх майстроў, то ўсе яны атрымалі высокую ацэнку сваёй працы. Так, Валянціне Гладкай быў уручаны Дыплом І ступені “За зберажэнне і творчае развіццё традыцый ткацтва”, Таццяне Волкавай – Дыплом І ступені “За высокае майстэрства і мастацкі густ”, Яне Шчэрбе – Дыплом ІІ ступені “За лепшы выраб традыцыйнага ручніка”, а Настассі Лянько – Дыплом ІІІ ступені ў гэтай жа намінацыі “За хуткасць і якасць ткацтва”. Дыпломамі ІІІ ступені былі ўзнагароджаны Мікалай Шчоткін і Аляксей Бірук, а Раман Волкаў атрымаў Дыплом у намінацыі “Самы малодшы ўдзельнік свята-конкурсу”. Ну а Гран-пры конкурсу атрымалі прадстаўнікі Уздзенскага і Старадарожскага раёнаў за ткацтва пояса і ручніка, адпаведна. Трэба адзначыць, што акрамя дыпломаў уручалі і каштоўныя падарункі. Аднак і ўдзельнікі рэгіянальнага свята-конкурсу “Матчыны кросны” пакінулі Старадарожчыне свае конкурсныя работы на добрую памяць.
Свята, на жаль, скончылася. Але на душы засталося прыемнае ўражанне ад таго, што традыцыйнае майстэрства развіваецца, рухаючыся ўпэўнена наперад. А гэтаму садзейнічае цікавасць моладзі да ткацтва. Менавіта яна і прыўносіць у традыцыйнае майстэрства новы подых ідэй.
Таццяна ВОЛКАВА,
дырэктар раённага Цэнтра ткацтва
Поделиться
Комментарии