Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

33

Сустрэча праз 50 гадоў

20.07.2014
[caption id="attachment_36526" align="aligncenter" width="570"]Выпускнікі Цімкавіцкай СШ 1964-га года Выпускнікі Цімкавіцкай СШ 1964-га года[/caption] “27 чэрвеня 1964 г. у Цімкавіцкай сярэдняй школе імя К. Чорнага адбыўся трэці выпуск агульнаадукацыйнай політэхнічнай працоўнай школы з вытворчым навучаннем. Выпуск праходзіў ва ўрачыстай абстаноўцы. З 46 чалавек, атрымаўшых у той дзень атэстаты, тры выпускнікі атрымалі залатыя медалі. Гэта Людміла Калацкая, Рыгор Розін і Валянціна Грышкова. Тры чалавекі — Анатоль Кулеш, Валерый Ранцэвiч i Сеня Насевiч — атрымалі сярэбраныя. Адначасова з атэстатамі выпускнікам былі ўручаны пасведчанні аб прысваенні кваліфікацыі: дзяўчатам — швеі, юнакам — слесара-рамонтніка другога разраду. Перад выпускнікамі і іх бацькамі выступілі дырэктар школы заслужаная настаўніца БССР З. І. Раманенка, класны кіраўнік М. К. Андруковіч, старшыня бацькоўскага камітэта школы С. А. Лобан, самi выпускнікі. З добрымі ведамі закончылі вучні школу. Цяпер перад імі ад- крыты ўсе дарогі ў жыццё”. Так пісаў у сваёй заметцы “З добрымі ведамі” ў газету “Слава працы” ад 7 ліпеня 1964 года няштатны карэспандэнт Уладзімір Калацкі. І сапраўды, пераканацца ў тым, што ўсе дарогі ў жыццё перад імі былі адкрыты, можна было падчас сустрэчы выпускнікоў, што адбылася праз 50 гадоў. Праўда, не ўсе змаглі прыехаць. На жаль, некаторых з іх ужо няма на гэтым свеце, іншыя па сямейных ці іншых абставінах не змаглі завітаць на сустрэчу. А зараз пазнаёмімся з тымі, хто нягледзячы на адлегласць і іншыя перашкоды, сабраўся на вечар школьных сяброў. Доктар тэхнічных навук, прафесар Маскоўскага авіяцыйнага інстытута Уладзімір Родчанка — аўтар больш чым 180 навуковых прац, 10 манаграфій у вобласці эксплуатацыі ракетнай тэхнікі, з’яўляецца намеснікам загадчыка кафедры вышэйназванай навучальнай установы. Дацэнт, кандыдат тэхнічных навук Валерый Ранцэвіч займаўся практычным прымяненнем цеплафiзiчных з’яў для неразбураючага кантролю якасцi матэрыялаў у Iнстытуце прыкладной фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, затым выкладаў фiзiку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і электронікі, пасля ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Анатоль Кулеш пасля заканчэння факультэта радыёфізікі Белдзяржуніверсітэта пачынаў сваю дзейнасць у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе адпрацаваў больш за 20 гадоў, там абаранiў дысертацыю кандыдата тэхнiчных навук, затым выкладаў вышэйшую матэматыку ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, дзе працуе i зараз. Дацэнт, кандыдат фiзiка-матэматычных навук Людміла Калацкая працуе на факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Валянціна Грышкова, на той момант адзіная з Беларусі, паступіла ў Ленінградскі інстытут тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці. Пасля заканчэння была накіравана ў г. Тальяці, дзе працавала выкладчыкам-метадыстам вучэбнага цэнтра па падрыхтоўцы рабочых, інжынерам па ахове працы. Па настаўніцкай сцежцы пайшлі Жанна Кароль, якая закончыла Магiлёўскi педiнстытут, выкладала геаграфію ў школах Асіповіцкага раёна, дзе заслужыла павагу i аўтарытэт сярод калег, навучэнцаў i iх бацькоў за сваю апантанасць i бязмежную любоў да сваёй прафесii; а таксама гісторык Валянціна Макаўчык, якая была настаўніцай, сакратаром райкама камсамола, дырэктарам школы на Любаншчыне, дзе пражывае i цяпер. З далёкага Саратава прыехала на сустрэчу Ганна Насевіч, якая ўсё жыццё працавала i працуе ў вытворчым сектары эканомiкi, i сёння перадае вопыт маладому пакаленню; з Мінска – тэхнік-тэхнолаг прыгатавання ежы Раіса Фянюк, з Нясвіжа – майстар-мадэльер мадэльнага адзення з трыкатажу Яўгенія Петрусевіч. Засталіся на радзіме былая ткачыха, бухгалтар Валянціна Мялешка,  вадзіцель Анатоль Раеўскі з Капыля, таксама вадзіцель Аляксандр Лагішынец з Канатопаў і былы аграном, брыгадзір паляводчай брыгады, землеўпарадкавальнік Іван Карабнёў, які жыве ў Цімкавічах. Прыемнымі, нават чуллівымі ўспамінамі была напоўнена вечарына. Самыя цёплыя словы гучалі ў адрас былога дырэктара школы, цудоўнага педагога, заслужанай настаўніцы школ БССР Зінаіды Іосіфаўны Раманенка. Гэта апантаны, улюбёны ў сваю справу чалавек, сапраўдны кіраўнік. На той час у школе былі струнны, духавы аркестры, ансамбль дудароў, хор, народны тэатр, танцавальны калектыў. І побач з вучнямі заўсёды была дырэктар. Пра тое, што дакладныя навукі выкладаліся на высокім узроўні, сведчаць вынікі паступлення і атрымання многімі навучэнцамі фізіка-матэматычных спецыяльнасцей. Вялікая заслуга ў гэтым настаўніка фізікі Флора Паўлавіча Рудзіка і матэматыка Адама Мартынавіча Семяновіча. Словы ўдзячнасці гучалі ў гонар і іншых педагогаў, якія далі даволі трывалыя веды. Асабліва былі адзначаны класныя кіраўнікі Марыя Канстанцінаўна Андруковіч і Алена Іосіфаўна Бянькоўская, якую, дарэчы, былыя вучні наведалі дома. Вельмі хвалюючай і сентыментальнай была гэта сустрэча. Нягледзячы на свой паважаны 94-гадовы ўзрост, класны кіраўнік добра памятае сваіх выхаванцаў і некаторыя выпадкі са школьнага жыцця… А ў настаўленне маладому пакаленню ўдзельнікі сустрэчы пажадалі выдатна вучыцца і берагчы сваю школу, захоўваць яе традыцыі, а таксама поспехаў будучым інжынерам, акадэмікам, педагогам… Сяргей КОЗЕЛ Фота аўтара

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей