Вось і адшумела Купалле — весела, з песнямі, танцамі і пошукам той самай папараць-кветкі.
Менавіта святкаванню Купалля надавалі асаблівую ўвагу нашы продкі, таму што гэта кульмінацыя гадавога кола, момант найвышэйшага росквіту прыродных сіл. У таямнічую купальскую ноч, па народным павер’і, выходзяць наверх закапаныя ў зямлю скарбы, дрэвы пераходзяць з месца на месца і вядуць гутарку між сабой. Дзяўчаты варажылі на вянках, якія пускалі па вадзе, апоўначы рвалі на скрыжаванні трыпутнік, каб даведацца, хто будзе суджаны. Разам з хлопцамі шукалі папараць-кветку. Хто яе сарве і будзе насіць пры сабе, той стане шчаслівым, багатым і атрымае ўсё, што захоча. Аднак здабыць яе вельмі цяжка.
Але гэта, як кажуць, прыказка. А казка, якую расказвалі і паказвалі супрацоўнікі раённага Цэнтра традыцыйнай культуры, была захапляльнай і па-сапраўднаму таямнічай, ды і назву мела адпаведную – “Ночка купальская”. Вось на сцэне Таццяна Вошкат і Валянціна Бенеш з Пацейкаўскага сельскага Дома культуры. Вельмі настойліва яны шукалі маладых ды моцных кавалераў. І, самае цікавае, — знайшлі такіх волатаў сярод гледачоў! Як заўсёды, цудоўна спявалі Вячаслаў Курчык, Вольга Даманская і ўпершыню — студэнцкі гурт аўтэнтычнага выканання “Раме”. Дарэчы, у мерапрыемстве прынялі ўдзел першакурснікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (кіраўнік Н. Матыліцкая).

У гэты ліпеньскі вечар з захапленнем бавілі час хлопчыкі і дзяўчынкі: адгадвалі загадкі, танцавалі і нават лавілі вянкі, якія “купальскія” дзяўчаты кідалі на шчасце. Народны танец выканалі выхаванцы дзіцячай Школы мастацтваў (кіраўнік калектыву Л. Беразоўская).
Самы доўгачаканы момант – спальванне чучала лялькі Мары. Падпальвала святочнае вогнішча абраная Купалінка (студэнтка Валерыя Грынкевіч). Пасля карагодаў, падчас забаўляльна-гульнёвай праграмы “Купальскае ігрышча”, дзяўчаты вырашалі, каму ў гэтым годзе пашчасціць выйсці замуж. Для гэтага трэба было закінуць вянок на самую высокую галінку бярозкі. І такія шчаслівіцы былі!
Маладыя хлопец і дзяўчына знайшлі-такі таямнічую папараць-кветку. А гэта значыць, што быць ім шчаслівымі і багатымі!
АБ’ЕКТЫЎНЫ ПОГЛЯД
Таццяна Сабалеўская, г. Пскоў (Расія):
— Праздник, на котором присутствовали мы с мужем Сергеем, был поистине необычным и запоминающимся. Народные песни белорусов — невероятные, мелодичные! Даже через костер мы перепрыгнули, не разомкнув рук. А по народному поверью — это хорошая примета!
Вера Кучура, г. Мінск:
— Вельмі цікавае свята адбылося. І хоць я прысутнічаю на ім не аднойчы, кожны раз з захапленнем і песні слухаю, і жартам усміхаюся. На жаль, папараць-кветку не ўдалося знайсці. Але нічога: будзе нагода завітаць на свята ў наступным годзе!
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара
Комментарии