[caption id="attachment_36462" align="aligncenter" width="535"]
На падворку ААТ “Прагрэс 2010”[/caption]
Напярэдадні 70-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на свята вёскі ў аграгарадку Пацейкі сабраліся яго жыхары і шаноўныя госці. Сімвалічна, што месцам яго правядзення стаў мясцовы парк адпачынку, дзе мерапрыемства такога кшталту адбывалася ўпершыню.
Трэба адзначыць, што жыхары Пацеек праявілі вельмі высокую актыўнасць і завіталі на свята, каб сустрэцца са сваімі землякамі, паглядзець на мясцовыя таленты, ды і ўвогуле сябе паказаць. Многія, нават нягледзячы на свой паважаны ўзрост, накіраваліся ў новы парк, што размясціўся ў цэнтры населенага пункта.
Як заўважылі, адкрываючы свята, яго вядучыя – дырэктар СДК Таццяна Вошкат і настаўніца мясцовай школы Алена Белаш, – родная вёска – гэта тое ядро, тая аснова, з якой пачынаецца першы крок у вялікае жыццё, незабыўная казка, куды хочацца вяртацца зноў і зноў. На свяце кожны змог стаць яго ўдзельнікам, знайсці занятак па душы, прадэманстраваць свае здольнасці, бо пацейкаўцы – людзі з рукамі залатымі, сэрцам шчырым, фантазіяй багатай, а душой – пявучай і шчодрай.
[caption id="attachment_36466" align="aligncenter" width="407"]
В. Пашкевіч[/caption]
Якое ж свята без шаноўных гасцей? Хлебам-соллю самадзейныя артысты сустракалі старшыню Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Ірыну Кісляк, якая вітала жыхароў аграгарадка, старшыню раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Марыю Сандрозд, дырэктара ААТ “Прагрэс 2010” Валерыя Тароцьку, в. а. старшыні Пацейкаўскага сельвыканкама Сяргея Цвірко.
Экскурс у гісторыю вёскі зрабіла старшыня ветэранскай арганізацыі ААТ “Прагрэс 2010”, былы старшыня Пацейкаўскага сельвыканкама Раіса Лянько. Як адзначыла Раіса Віктараўна, паселішча Пацейкі было вядома яшчэ ў XVI стагоддзі, а назва яго пайшла ад прозвішча Пацей. Адам Пацей быў выхадцам з буйнога магнацкага роду і ўладальнікам гэтых мясцін. У той час паселішча было цэнтрам воласці Навагрудскага павета, які належаў Радзівілам. Толькі ў ХVIII стагоддзі яно ўвайшло ў склад Слуцкага павета. У 1793 годзе была пабудавана Пакроўская царква, якая, на жаль, не захавалася. У 1861 годзе адкрыта царкоўна-прыходскае вучылішча, пазней – народнае вучылішча з рамесленым класам, у 1921 годзе – школа І ступені. У 1924 годзе Пацейкі сталі цэнтрам сельсавета. У 20-я гады мінулага стагоддзя тут быў арганізаваны калгас імя Блюхера, які потым быў перайменаваны ў калгас “Радзіма”, “Прагрэс”, СВК “Пацейкі” і цяпер – ААТ “Прагрэс 2010”.
[caption id="attachment_36465" align="aligncenter" width="570"]
С. Цвірко, В. Тароцька, І. Кісляк, М. Сандрозд[/caption]
Не абмінула вёску сваім жудасным крылом і Вялікая Айчынная вайна. Але пра гэта ў расказе адной з наступных выступоўцаў – Марыі Козел. Толькі трэба адзначыць, што на дадзены момант у Пацейках пражываюць адзін удзельнік вайны – Іван Козел і два вязні фашысцкіх лагераў – Мікалай Бойка і Валянціна Хартановіч. Жывуць зараз у населеным пункце і воіны-афганцы Сяргей Бенеш і Алег Ганчар.
Гісторыя мясцовай школы ў многім адлюстроўвае гісторыю вёскі. У 1954 годзе сямігодка была пераўтворана ў дзесяцігодку, а ў 1968-м быў узведзены новы будынак. Дарэчы, выпускнікоў Пацейкаўскай СШ добра ведаюць не толькі ў роднай вёсцы, але і за яе межамі. У іх ліку Герой Сацыялістычнай Працы Надзея Букатая, доктар медыцынскіх навук Несцер Станкевіч, прафесар кафедры спартыўнай медыцыны, заслужаны трэнер Беларусі Мікалай Гамза, дацэнт медуніверсітэта Людміла Гірко, пісьменніца Леаніда Галаўня, былы старшыня Капыльскага раённага Савета дэпутатаў, старшыня РА РГА “Белая Русь” Марыя Сандрозд, загінуўшы воін-інтэрнацыяналіст Генадзь Булат і іншыя.
Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Пацейкі папоўніліся перасяленцамі з зоны адсялення, а таксама жыхарамі Столінскага раёна, якія далі вёсцы новае жыццё і паказваюць узорны прыклад у працы.
[caption id="attachment_36464" align="aligncenter" width="570"]
Мнагадзетная сям’я Мініч[/caption]
Раіса Віктараўна ад імя тых пажылых людзей, якія не змаглі пабываць на свяце, пажадала ўсім прысутным любіць родную зямлю, умацоўваць свабоду і незалежнасць нашай краіны і працай праслаўляць родныя мясціны.
Балючымі ўспамінамі пра падзеі ваеннага часу было прасякнута выступленне ветэрана працы, заслужанай настаўніцы БССР Марыі Козел.
– Я не ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны. Маё пакаленне называюць “дзеці вайны”, – так пачала свой аповед Марыя Васільеўна. – Мірна жылі вяскоўцы, пакуль не прыляцела страшэнная вестка. Пра тое, што нямецка-фашысцкія захопнікі напалі на нашу краіну, мы даведаліся 22 чэрвеня 1941 года з выступлення па радыё ў 12 гадзін народнага камісара замежных спраў Молатава. З боку Мінска і Слуцка даносіліся цяжкія выбухі. Гэта фашысцкія самалёты скідвалі свой смяротны груз на нашы мірныя гарады і вёскі. Пазней неба зацягнулі чорныя хмары дыму.
27 чэрвеня немцы з’явіліся і ў нашай вёсцы. Але першыя фашысты, якія ступілі на нашу родную зямлю, былі знішчаны чырвонаармейцамі.
[caption id="attachment_36463" align="aligncenter" width="570"]
Валейбольныя баталіі[/caption]
Ніколі не забуду дзень мабілізацыі жыхароў вёскі ў рады Чырвонай Арміі. Каля школы было шмат людзей: жанчыны, мужчыны, дзеці. Калі пачалі адпраўляць у Капыль, пачуўся вялікі гул. Усе плакалі, крычалі. Для многіх гэта была апошняя сустрэча. Большасці з іх не суджана было вярнуцца.
Першую карную аперацыю фашысты правялі, калі знішчылі ўсіх цыган, якія жылі ў Пацейках. Немцы сагналі іх у хату Аляксандра Радкевіча, расстралялі, а хату падпалілі. У адказ на жорсткасць фашыстаў многія жыхары вёскі пайшлі ў партызаны, каб адпомсціць ворагу. У хуткім часе немцы пачалі расправу з партызанскімі сем’ямі. Жорсткую расправу фашысты ўчынілі і над жыхарамі пасёлка Прагрэс, які так і не аднавіўся. Мы таксама былі сведкамі знішчэння суседняй вёскі Жавулкі. Але самым страшным і памятным у маім жыцці стаў дзень, калі фашысты ўчынілі расправу над маёй сям’ёй, бо два мае браты пайшлі ў партызаны. Гэта было 12 сакавіка 1943 года. Ад рук фашыстаў загінулі мая матуля, малодшы брацік, жонка брата-партызана і іх маленькі сын…
За гады вайны было забіта 48 нашых землякоў і 32 не вярнуліся з фронту. Памяць пра іх назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.
На шчасце, гады ваеннага ліхалецця ўжо ў далёкім мінулым. Цяпер аграгарадок Пацейкі жыве сваім спакойным, мерным жыццём. Шчырыя словы ўдзячнасці гучалі ў адрас тых, хто стварыў сям’ю шмат год таму. Сярод іх Ніна і Сямён Гірко, Валянціна і Аляксандр Вадап’ян, Валянціна і Мікалай Загорскія, Таіса і Уладзімір Дасько, але асаблівая ўвага была нададзена сям’і Аляксандра Васільевіча і Аляксандры Канстанцінаўны Самойленка, якія сёлета адзначаць сваё залатое вяселле. Ушанавалі на свяце і мнагадзетную сям’ю Івана і Наталлі Мініч, у якой выхоўваюцца пяцёра дзяцей, а таксама самага юнага жыхара Багдана Скуратовіча, якому яшчэ няма нават годзіка.
Гонарам Пацеек з’яўляюцца і народныя ўмельцы. Удзельніца народнага клуба майстроў “Скарбонка” Вера Пашкевіч аддае перавагу ў сваёй творчасці вышыванню ікон. У сямейнага дуэта Вольгі і Марыі Ганчар спектр захапленняў яшчэ большы: вышыўка, выраб шкатулак, жывапіс… Матуля і дачка – неаднаразовыя ўдзельніцы разнастайных конкурсаў і святаў.
Не абышлося без падвядзення вынікаў конкурсу на лепшую сядзібу. Такім чынам, першае месца прысуджана сем’ям Мікалая і Галіны Жалянгоўскіх, другое – Канстанціна і Вольгі Астроўскіх і трэцяе – Мікалая і Вікторыі Скуратовіч. Асобна быў адзначаны Яўген Давыдзенка, які ў хуткім часе павінен стаць гаспадаром аграсядзібы. Шмат цёплых слоў заслугоўваюць і выставы, якія былі размешчаны ў парку на “Вясёлым падворку”. Іх арганізавалі ААТ “Прагрэс 2010”, сельвыканкам, школа, дзіцячы сад, аддзяленне паштовай сувязі, бібліятэка, комплексна-прыёмны пункт.
Спонсарскую падтрымку ў правядзенні свята аказалі РА РГА “Белая Русь”, дырэкцыя і прафкам ААТ “Прагрэс 2010” і фермерская гаспадарка “Бандыка”. А вось культурную праграму на працягу ўсяго дня забяспечвалі самадзейныя артысты Пацейкаўскага СДК на чале з Таццянай Вошкат. Заслужаныя апладысменты падчас выступленняў гучалі ў гонар Вікторыі Філончык, Валянціны Бенеш, Лідзіі Брэль, Улада Капытка, Улада Гурло, Надзеі Кляшэвіч, Настассі Гірко і Ірыны Еўдакімавай.
Працягам свята сталі спаборніцтвы на валейбольнай пляцоўцы, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі розных пакаленняў, а таксама танцавальная праграма з сюрпрызам – святочным салютам.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Комментарии