Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

47

У гонар песняра

15.07.2014
[caption id="attachment_36448" align="aligncenter" width="570"] Выступае Ірына Кісляк[/caption] Мемарыяльная дошка ў гонар класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы з’явілася на будынку Капыльскага ЗАГСа. Цырымонія ўрачыстага адкрыцця прайшла напярэдадні святкавання 740-гадовага юбілею нашага горада. У перапоўненай зале Дома сацыялістычнай культуры (у гэтым будынку зараз знаходзіцца ЗАГС) 18 ліпеня 1932 года на літаратурнай вечарыне з нагоды пастановы ЦК ВКП(б) “Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый” выступаў і Янка Купала. Праз год ён зноў адпачываў у Капылі, і на агульнагарадскім літаратурным вечары, які трансліраваўся па раённым радыё, з вуснаў самога аўтара прагучалі паэма “Магіла льва” і ўрывак з паэмы “Над ракой Арэсай”. У 1982 годзе на будынку былога Дома сацыялістычнай культуры, а на той час — кінатэатра “Мір” — з’явілася мемарыяльная дошка, як сведчанне таго, што гэтыя сцены бачылі песняра і чулі яго голас. [caption id="attachment_36449" align="aligncenter" width="323"] Мемарыяльная дошка[/caption] Як пісала ў той час “Слава працы”, увогуле ў 30-я гады мінулага стагоддзя Янка Купала не раз наведваў наш Капыль, прыязджаў пагасцяваць у шчырых сяброў і паплечнікаў па пяру — Цішкі Гартнага, Алеся Гурло, цэлай плеяды беларускіх пісьменнікаў Чарнушэвічаў, актыўнай дзеячкі беларускай нацыянальнай культуры Алесі Александровіч. Любіў пасядзець ля сівых курганоў і замчышча, паблукаць па схілах стогадовага хвойніку, па квяцістых лугах, падыхаць тут чыстым і звонкім, як бубен, паветрам, настоеным на гаючым водары траў. І кожны такі прыезд уносіў жывы струмень у культурнае жыццё раёна. Янку Купалу гасцінна запрашалі на розныя грамадскія і сямейныя ўрачыстасці. Ён выступаў перад капыльскімі школьнікамі, камандзірамі і байцамі 17-га Цімкавіцкага пагранатрада. Прыезды народнага паэта Беларусі жывуць у памяці капылян як незабыўныя, хвалюючыя сустрэчы са славай і гордасцю беларускага народа. Пра гэта гаварылі падчас урачыстага мітынгу старшыня Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, дырэктар раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова, дырэктар раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Анатоля Астрэйкі Таццяна Серая, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 2 г. Капыля імя Цішкі Гартнага Таццяна Колас. Пачэснае права адкрыць мемарыяльную дошку атрымалі старшыня райсавета Ірына Кісляк і намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская. Кожная вяха на жыццёвай дарозе песняра ашчадна ўшанавана народам, якому ён так аддана служыў, у духоўную моц якога верыў. Удзячныя нашчадкі захавалі не толькі творчую спадчыну Купалы, але і мясціны, звязаныя з ім, зрабіўшы іх месцамі паломніцтва прыхільнікаў творчасці тых, хто цікавіцца яго жыццём. Прыемна, што ў гэтым спісе з’явілася яшчэ адна старонка — капыльская. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей