Сонечным ранкам мы, вучні Цімкавіцкай сярэдняй школы імя Кузьмы Чорнага, адправіліся ў Хатынь і на Курган Славы. Экскурсія была прысвечана 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Сонца, зеляніна, радасць жыцця і… ціхі журботны звон каміноў на месцы былых сядзіб. Шэры бетон пад нагамі – нібы попел. Сэрца камянее, калі глядзіш на могільнік вёсак, што не адрадзіліся пасля Вялікай Айчыннай вайны. Колькі жыццяў забрана! Яшчэ большы ахоплівае жах, калі даведваешся аб тым, колькі нашых суайчыннікаў закатавалі ў лагерах смерці. Але наш народ выстаяў, перамог. Скульптура “Няскораны чалавек” сімвалізуе моц духу і веліч нашага беларускага народа. З цікавасцю мы адзначылі для сябе, што мемарыяльны комплекс “Хатынь” – адзіны ў свеце помнік зажыва спаленым мірным жыхарам, таму каля Вечнага агню – вянкі народаў розных краін.
Далей наша экскурсія вядзе на Курган Славы. Па дарозе Наталля Мікалаеўна Прохарава, настаўнік гісторыі, паведамляе нам звесткі аб прычыне стварэння гэтага помніка, яго кампазіцыі. Убачаны Курган Славы ўражвае.
Мімаволі адзначаем для сябе, што ў гераічным месцы шмат людзей. Многія беларусы і госці нашай краіны імкнуцца спазнаць нашу гісторыю. Мы – у тым ліку. Ад гэтага радасна і цікава.
Хочацца выказаць словы падзякі нашым настаўнікам Наталлі Мікалаеўне Прохаравай і Галіне Вячаславаўне Пінчук, а таксама вадзіцелю аўтобуса Леаніду Віктаравічу Булату за тое, што падарылі нам магчымасць убачыць і пачуць, наколькі шматпакутная наша беларуская зямля. Гэта, я думаю, застанецца ў сэрцы многіх маіх сяброў-спадарожнікаў.
Алеся ШЧЭГЛІК,
вучаніца 9 “А” класа Цімкавіцкай сярэдняй школы імя Кузьмы Чорнага
Комментарии