На паўночным схіле Капыльскай грады за Корзунаўскім і Душаўскім лясамі ля ржаўскіх могілак ляжыць шырокая нізіна, па якой на ўсход цячэ рэчка Выня. Абапал нізіны высокія ўзгоркі, на правым — стаіць вёска Ржаўка, на левым — Бабавенка. Між імі здаўна прабягае шасэйная дарога Капыль-Бабоўня, якая цераз рэчку злучаецца мастом. Раней мост быў драўляны, называўся Іцкаў мост, бо калісьці яўрэй Іцка тут трымаў вадзяны млын. Цяпер мост бетонны, а шаша заасфальтавана. На правым узгорку, супраць могілак, стаіць высокі помнік з надпісам “Вечная слава воінам-героям. 1941-1945 гады”. На пастаменце — бронзавы салдат з аўтаматам дае салют па загінуўшых, якія вызвалялі гэтую тэрыторыю
ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На савецкі народ фашысты напалі раптоўна, без аб’яўлення вайны. Людзі са страхам глядзелі на ворага і верылі, што Чырвоная Армія вытрымае, разаб’е і верне мір на зямлю. 3-за раптоўнага нападу не паспелі пайсці на фронт усе мужчыны, акрамя тых, што былі ў арміі і на ваенных зборах. Таму маладыя хлопцы збіралі зброю і ішлі ў партызаны змагацца з фашыстамі і іх прыслужнікамі-паліцаямі. 3 Бабавенкі ў партызанах былі Пятрусь Чалевіч, Франусь Клімовіч, Франусь Смольскі, Уладзік Чалевіч. Разам з іншымі хлопцамі яны падпільноўвалі фашыстаў і паліцаяў на дарогах, рабілі засады.
Вясна 1944 года была спакайнейшая. Да нас у вёску часта прыязджалі на конях партызаны. Ужо здалёк чутна была іх песня аб загінуўшых героях Лаўскага бою. Часцей былі “грыбаўцы” з атрада імя Чапаева (камандзір атрада I. Грыб). Нам, дзецям, хацелася паглядзець на іх шапкі з чырвонай стужкай, пагладзіць іх коней. Яны расказвалі аб падзеях на фронце, што Чырвоная Армія ўжо гоніць фашыстаў, што хутка і Беларусь будзе вызвалена ад варожай навалы. I людзі чакалі збавення. Аднойчы раніцай, было ўжо лета, бацька ўвайшоў у хату і сказаў, што на гравійцы партызаны спалілі мост. Мы з меншым братам пабеглі пагля-дзець — там ішоў толькі дым ад галавешак. Трэба сказаць, што ў гэтую ноч былі спалены ўсе масты па шашы, у тым ліку і Іцкаў мост, завалена спілаванымі дрэвамі лясная дарога на Бабоўню, раскіданы ўсе рэльсы чыгункі ў Цімкавічах. Гэта была вялікая партызанская акцыя “рэйкавай вайны”, якая пракацілася па ўсёй Беларусі (20 чэрвеня 1944 года). А 1 лі-пеня пад вечар прыбег з поля бацька і крыкнуў: “У Бабоўні нямецкія танкі. Бяжыце на рэчку ў кусты!”
Мама схапіла каляску з малым дзіцем, на другую руку — большае, мяне бацька пасадзіў на каня, і мы паспяшаліся за гару на рэчку. А ад лесу з боку Выні чуваць быў гул і ўзніма-ліся клубы пылу. Гэта імчалі нямецкія танкі, што вырваліся з акружэння пад Мінскам. Усе людзі беглі і хаваліся ў кусты, танкі са стралянінай скіраваліся таксама на балота. Разрыўныя кулі свісцелі па кустах алешніка. На шчасце, адзін танк уграз у тарфяной канаве, і два другія пачалі яго выцягваць. Ды так яны праваждаліся да цямна, чуваць быў толькі роў матораў.
А раніцай усё было ціха. Бацька пайшоў дадому па-глядзець, дзе карова і конь, якія ўцякалі ад выстралаў. Мо праз гадзіну прыйшоў вельмі ўзрадаваны і даў нам па цукерцы і пячэнні і сказаў: “Нашы прыйшлі, чырвоныя!” Маці пачала сабірацца дадому, а бацька пайшоў па каня. А цукерка была такая салодкая, смачная, бо за вайну мы не бачылі ні булкі, ні цукерак. Я не вытрымаў і пайшоў дадому першым, мо гэтыя чырвоныя яшчэ дадуць цукерку. Калі ішоў цераз поле, то з боку гравійкі быў чуваць гул машын. Я мінуў калгасны сад, узышоў на сваю дарожку і чуць не абамлеў. У нас пад вішнямі стаялі вінтоўкі і ляжалі салдаты ў зялёным адзенні. “Немцы!” — мільганула ў маёй галаве, і я ціхенька пайшоў, затым пабег, каб папярэдзіць маму. Дзіцячы розум: “Чырвонаармейцы павінны быць у чырвоным, а немцы — у зялёным”. Я хутка бег цераз поле, сонца ўжо было высока, з боку гравійкі гул машын нарастаў, чуліся гучныя галасы людзей, высока праляталі самалёты.
Як потым стала вядома, гэта былі войскі Чырвонай Арміі. З баямі вызваліўшы Бабруйск, Слуцк, Капыль, яны ішлі на Нясвіж, Гродна, Баранавічы. А партызаны ўжо да гэтага дня выгналі немцаў і паліцаяў з Капыля і ўтрымлівалі горад да прыходу нашай арміі. Гэта былі групы Першага Чырвонагвардзейскага механізаванага корпуса (камандуючы генерал-лейтэнант С. Крывашэін) і 4-га Гвардзейскага кавалерыйскага корпуса (генерал-лейтэнант I. Пліеў), а таксама 28-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта А. Лучынскага. 3 боку Слуцка, Капыля ішлі машыны, танкі, танкеткі, параконныя вазы, коні цягнулі гарматы, ехалі і ішлі пяшком салдаты.
На рэчцы ля Ржаўкі мост быў спалены, таму пераправа ішла ўброд. Быў сонечны цёплы ліпеньскі дзень. Змораныя баямі і паходамі салдаты на рэчцы скідалі пілоткі, змывалі дарожны пыл, прахалоджвалі вусны, коні пілі ваду. Вакол быў гул, шум, уверсе праляталі самалёты.
Раптоўна два самалёты знізіліся і, зайшоўшы ўздоўж рэчкі, адзін з іх праляцеў на нізкай вышыні, адкрыў кулямётны агонь і скінуў бомбу на пераправу. Прагучала каманда: “Паветра! Трывога!” Але было позна. Услед за ім другі самалёт скінуў бомбу, яна ўпала ў балота. Але тут загаварылі шквальным агнём зеніткі і не далі нямецкім самалётам пайсці на другі заход. На пераправе стаялі крыкі параненых салдат і коней.
А наступленне войск нашай арміі прадаўжалася. Людзі выходзілі на гравійку з радасцю, выносілі чырвонаармейцам папіць вады, малака. Не памятаю, які гэта быў дзень, але ўсе радаваліся, святкавалі. Параненых салдат забралі жыхары Ржаўкі, першую дапамогу ім аказаў ветфельчар Кастусь Меляшкевіч. Затым іх забраў палявы медсанбат. А загінуўшых салдат людзі пахавалі ў брацкай магіле на могілках, паставіўшы невялікі абеліск з чырвонай зоркай. Параненых кубанскіх коней людзі пазабіралі ў калгас, вылечылі, і яны, і іх патомства яшчэ доўга дапамагалі людзям у рабоце.
Як мне расказвалі са Ржаўкі Яроша Нагорны, Віця Бярновіч, з Бабавенкі Ніна Слабкевіч, што праз месяц прыязджала ў Ржаўку жанчына са Слуцка, і па дазволе ваенкамата мужчыны раскапалі магілу, у якой яна апазнала свайго мужа Міхаіла Іванавіча Алешына — камандзіра роты аўтаматчыкаў 134-га танкавага палка. Яго зноў пахавалі побач з загінуўшымі.
У дзяцінстве мы часта бегалі да ржаўскага маста ў рэчцы пакупацца, пазагараць на траве. На другім беразе яшчэ доўга стаяў танк з разбітай гусеніцай, разбітая палутарка без калёс, у якой мы круцілі руль. Магілу загінуўшых салдат людзі доўга даглядалі, пасыпалі жоўтым пяском, садзілі кветкі, паднаўлялі помнік. А ў 1972 годзе калгас паставіў вялікі помнік, каб быў відаць на ўзгорку ля могілак па загінуўшых воінах.
Уладзімір КОЎШ,
в. Бабавенка
Комментарии