Наш зямляк Рэнальд Іванавіч Кныш знакаміты спартыўнымі дасягненнямі сваіх выхаванцаў па спартыўнай гімнастыцы, заслужаны трэнер Беларусі, заслужаны трэнер СССР, заслужаны дзеяч фізічнай культуры Беларусі. Нарадзіўся ён у далёкім ужо 1931-м годзе ў Капылі. Як адзначаюць краязнаўцы, сям’я жыла ў адным з дамоў, на месцы якіх цяпер знаходзіцца рэдакцыя газеты “Слава працы”.
Пазней сям’я пераехала ў горад Гродна. Бацька, былы партызанскі камісар, загадваў Гродзенскім гарадскім аддзелам адукацыі. Мама-педагог вучыла дзяцей быць добрымі, справядлівымі, спагадлівымі. Падрастаючы, Рэнальд дні і ночы напралёт пісаў вершы або часам браўся за пэндзаль і ствараў ве- лізарныя палотны-рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў. Адзін час марыў стаць навукоўцам-астраномам і адкрываць новы свет, ды раптам паехаў паступаць на журфак БДУ. У тое ж лета стаў студэнтам Гродзенскага педінстытута, але правучыўся на фізмаце толькі год. Зразумеўшы, што прафесія школьнага настаўніка яго не прыцягвае, перавёўся ў Мінск, у інстытут фізічнай культуры. Да таго часу ён ужо ведаў салодкі смак перамогі і горыч паражэнняў.
Выпадкова трапіўшы ў шаснаццаць гадоў у спартыўную залу, у яго захапіла дух ад убачанага: гімнасты спрытна выконвалі галавакружныя практыкаванні, а ў яго, аслабленага пасля вайны (давялося нават перанесці малярыю), нічога спачатку не атрымлівалася. Тады ў сваім ціхім дворыку хлопец збудаваў перакладзіну, кольцы і гадзінамі трэніраваўся, нягледзячы на стомленасць. Калі цямнела, працягваў заняткі дома перад люстэркам. Закінуў вершы і вучобу ў школе, але праз год трэнер яго не пазнаў. А неўзабаве Рэнальд Кныш — вучань гродзенскай СШ № 1 — стаў чэмпіёнам рэспублікі па спартыўнай гімнастыцы. Ён быў лепшым у горадзе гімнастам сярод юнакоў, першым у Гродна першаразраднікам. І на першамайскіх дэманстрацыях здзіўляў гараджан: на спецыяльна абсталяваным грузавіку, што рухаўся ў святочнай калоне, выконваў на перакладзіне складаныя гімнастычныя практыкаванні.
Ён марыў стаць чэмпіёнам свету і, магчыма, стаў бы ім. Але нечакана рэўматызм прыкаваў яго да ложка. Ніхто не думаў, што Рэнальд, адпраўлены на насілках у бальніцу, зноў вернецца ў гімнастычную залу. Ён вярнуўся ў сваю спартыўную школу. Але ўжо як трэнер, пра свае перамогі марыць перастаў. Затое пра поспехі яго выхаванцаў, якія займалі першыя месцы, загаварылі ў рэспубліцы. У яго была свая методыка, свой стыль працы. Цалкам новыя правілы работы, і яны давалі ашаламляльныя вынікі. Калі калегі з іншых абласцей даведаліся, што ён трэніруе падлеткаў не па дзве гадзіны ў дзень, а па чатыры, што трэніроўкі не адмяняюцца ў святочныя і выхадныя дні, што дзеці трэніруюцца раніцай і ўвечары, звярнуліся ў Міністэрства спорту рэспублікі з патрабаваннем забараніць Рэнальду Кнышу трэнерскую працу. Але ён тады ўжо быў у зеніце славы, у ліку самых перспектыўных трэнераў, і яго навацыі ў міністэрстве пастараліся «не заўважыць». Яго 14-15-гадовыя выхаванкі выконвалі нарматывы майстроў спорту, але ў краіне толькі з шаснаццаці гадоў дазвалялася выступаць па праграме майстроў. І вось ужо Міністэрства спорту краіны адобрыла і ўзаконіла вопыт гродзенскага трэнера.
У сярэдзіне 50-х ён набраў групу 10-11-гадовых дзяўчынак, сярод якіх былі Алена Валчэцкая і Тамара Аляксеева. Менавіта яны праз тры гады сталі першымі ў Гродне майстрамі спорту. Ён хацеў абедзвюх зрабіць алімпійскімі чэмпіёнкамі. Рэнальд Кныш быў цвёрда ўпэўнены, што Аляксеева і Валчэцкая змогуць узяць усе залатыя і сярэбраныя медалі Алімпіяды 1964 г. у Токіа, але яго не ўзялі на перадалімпійскія трохмесячныя зборы. А ад яго вучаніц патрабавалі спрасціць складаныя камбінацыі… І ўсё-такі Алена Валчэцкая вярнулася ў Гродна з “золатам”, стаўшы першай гродзенскай алімпійскай чэмпіёнкай.
У 1965 годзе Рэнальд Іванавіч арганізаваў новы набор дзяўчынак. Сярод юных выхаванак была і Вольга Корбут. Пасля шмат у чым дзякуючы навізне і складанасці практыкаванняў, распрацаваных трэнерам, Корбут заваявала на Алімпійскіх гульнях чатыры залатыя і два сярэбраныя медалі, стала адзінай жанчынай СССР з тытулам лепшага спартсмена свету.
Рэнальд Іванавіч нястомны ў сваіх творчых шуканнях, шмат піша. З-пад яго пяра выйшлі не толькі паэтычныя зборнікі, але і кніга-дапаможнік “Як рабіць алімпійскіх чэмпіёнаў”.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии