[caption id="attachment_36379" align="aligncenter" width="570"]

загадчыца Наталля Мамчыц (у цэнтры) з прадаўцамі Галінай Ермаковіч і Валянцінай Лапотка[/caption]
Універсам “Ластаўка” – гандлёвая кропка, добра вядомая не толькі жыхарам нашага горада і раёна, але і многім заезджым гасцям. Ён знаходзіцца ў даволі зручным месцы, расклад працы прываблівае пакупнікоў, асартымент таксама заўсёды багаты. Таму ў гэтым магазіне тавараабарот адзін з самых большых у Капыльскім райспажыўтаварыстве. Напрыклад, па выніках чэрвеня ён складае не менш за паўтара мільярда рублёў.
Найбольшы пік наведвання прыходзіцца на вячэрні час і выхадныя дні. Гандлёвая кропка аснашчана самым новым халадзільным абсталяваннем, дзякуючы чаму можна размясціць больш тавараў пры захаванні неабходнага тэмпературнага рэжыму. Працуе тут яшчэ адна тэхнічная навінка, дарэчы, пакуль што адзіная ў раёне, — камп’ютарная гандлёвая сістэма СуперМаг, якая дазваляе весці планаванне, улік і кантроль тавараў.
Акрамя таго, не адзін год крама напрамую супрацоўнічае з пастаўшчыкамі: малаказаводамі г. Мінска, Капыльскім і іншымі філіяламі Слуцкага сыраробнага камбіната, мясцовымі кандытарскім цэхам і кааппрамам, ААТ “Савушкин продукт”, агракамбінатам “Сноў”, мінскім і гродзенскім мясакамбінатамі, кандытарскімі фабрыкамі “Камунарка”, “Спартак” і іншымі прадпрыемствамі.
А яшчэ ў магазіне працуе зладжаны і дружны калектыў, які ўзначальвае не адзін год Наталля Мамчыц. Заўсёды ветліва і добразычліва абслугоўваюць пакупнікоў прадаўцы Ядвіга Булат, Галіна Ермаковіч, Валянціна Лапотка, Таццяна Крэпская. Таксама ўважліва адносяцца да наведвальнікаў Галіна Навасадава, Марына Ліпай, Вольга Пашкевіч, Вольга Місевіч. А вось дапамогу ў забеспячэнні камп’ютарнай сістэмы аказваюць аператары Наталля Койка і Юлія Іванцова.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Комментарии