Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

23

З творчасцю праз усё жыццё крочыць народны майстар Беларусі па ткацтве Вольга Дзмітрыеўна Мацкевіч з Семежава

02.07.2014
Гэта рамяство з’яўляецца спадчынным. Пераймалася нялёгкая навука ад маці і бліжэйшых родзічаў. Вось і Вольга свае першыя навыкі па ткацтве атрымала ў сям’і, потым былі і іншыя настаўнікі. Яна і цяпер памятае бацькоўскі запавет: “Прывыкай да любой справы. Калі ў цябе залатыя рукі, ты заўсёды будзеш патрэбная людзям”. Вольга Дзмітрыеўна нарадзілася ў в. Семежава ў сям’і калгаснікаў 27 кастрычніка 1933 года. Яна была самым малодшым, трэцім дзіцем у сям’і. Яе бацькі жылі ў Падмажжы каля вельмі выдатнай ткачыхі, майстрыхі ткацкай справы Вольгі Маркаўны Шыкуць, ад якой маленькая Вольга пераняла шмат тонкасцей па ткацтве ўзорных тканін. Ад матулі вучылася апрацоўваць лён, прасці ніткі, ад яе ж пераняла і закладную тэхніку ткацтва чырвона-белых ручнікоў, а таксама тэхніку ткацтва ў 6 і 8 нітоў. Акрамя гэтага, дзяўчынка бегала па-суседску да Вольгі Маркаўны, якая працавала надомніцай ад Слуцкай фабрыкі рамёстваў. Гэты час быў багаты на вопыт. У вялікай сям’і кожны быў адораны па-свойму. Ткалі і яе матуля, і бабуля. У той час прасці, ткаць і вышываць было абавязковым уменнем для кожнай дзяўчыны. З 18 гадоў Вольга шмат чаго ведала, ткала самастойна, была ўжо майстрам высокага ўзроўню. Вялі- кае майстэрства ткачыхі праявілася ў афармленні дываноў. На шырокім вярстаце, запраўленым у два ніты, яна ткала самыя разнастайныя кампазіцыі. Калі заходзіш у дом майстрыхі, упрыгожаны дыванамі, ручнікамі, посцілкамі, здаецца, што знаходзішся на лузе, дзе цвітуць рамонкі, васількі, званочкі. У Семежаве многія ткачыхі былі надомніцамі. Сама Вольга ніколі не ткала для дзяржавы, але да яе часта прыходзілі жанчыны па параду, каб дапамагла заправіць кросны, перабраць які-небудзь цікавы ўзор. Марыя Стральчэня, Валянціна Харковіч — вучаніцы Вольгі Дзмітрыеўны. У 1957 годзе яна выйшла замуж за прыгожага мясцовага хлопца. Жылі з бацькамі мужа. Нарадзіла двух сыноў. Увесь час да пенсіі адпрацавала на ферме. Таксама трымала вялікую ўласную гаспадарку: карова, свінні, птушкі. Працавала многа і цяжка, таму жылі ў дастатку. Калі толькі быў час займацца ткацтвам? Ткала, любіла гэту справу, была здольная да гэтага. Многія ўзоры прыдумвала сама, у некаторых змяняла нейкія элементы, і ўжо выходзіў зусім іншы ўзор. Любіла перабіраць маргухі ў розных варыянтах, ткаць дарожкі ў розных тэхніках, посцілкі пераборам і матрушкамі. Пра майстрыху з залатымі рукамі часта пішуць у газетах і часопісах. Яна з’яўляецца актыўнай удзель- ніцай клуба “Семяжовачка” пры Семежаўскім Цэнтры культуры і вольнага часу. “Умеем працаваць, умеем і адпачываць”, — гаворыць жанчына і ніколі не адмаўляецца, калі запрашаюць на мясцовыя, раённыя мерапрыемствы. Яе вырабы знаходзяцца ў фондах Капыльскага і Слуцкага раённых краязнаўчых музеях, у музеях Мінска. Вырабы экспанаваліся на раённых, абласных, рэспубліканскіх выставах, выставах у Маскве. Вось такі чалавек, заўсёды з добразычлівай усмешкай, які дорыць людзям прыгажосць сваёй справы, жыве на семежаўскай зямлі, дзе майстэрства і талент  людзей не маюць межаў. Таццяна ВОЛКАВА, дырэктар раённага Цэнтра ткацтва Фота аўтара

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей