Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

32

Незабыўнае (CMigrator copy 1)

02.07.2014

Сямідзесяты год вызвалення роднай Беларусі сустракае былыпадпольшчык, разведчык атрада Кутузава 2-й Мінскай брыгады  Вячаслаў Пятровіч Гапонаў з вёскі Астрэйкі.

На жыццёвым рахунку ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і вайны з Японіяй ужо 87-мы ліпень. У барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі 14-гадовы Вячаслаў уступіў 29 чэрвеня 1941 года. У гэты дзень па шашы Валяр’яны—Пухавічы рухаліся акупанты. А ён з Рыгорам Меркелем збіраў зброю па лясах і па абочынах дарог. Там знайшлі мінамёт і скрыні, напоўненыя мінамі. Зрабілі некалькі выстралаў па нямецкай калоне. І наўцёкі. Па іх адкрылі стральбу.

Усяго патрыёт сабраў і перадаў партызанам у 1942 годзе 24 вінтоўкі, два станкавыя кулямёты “Максім”, шмат патронаў, мін, гранат. Сабе пакінуў рэвальвер сістэмы Нагана (насіў з сабой у разведку) і самазарадную вінтоўку СВТ. Разведчык Гапонаў неаднаразова прабіраўся ў нямецка-паліцэйскія гарнізоны, дзе збіраў каштоўную інфармацыю, удзельнічаў у многіх баях. За мужнасць і гераізм яго прадставілі да ордэна Чырвонай Зоркі і медаля “За адвагу”, якія ён так і не атрымаў.

Праходзяць гады, але душу Вячаслава Пятровіча вярэдзіць адзін ваенны эпізод, які здарыўся пры вызваленні Беларусі. У канцы 1943 года партызанскую брыгаду перадыслацыравалі ў Баранавіцкую вобласць. Маладога партызана пакінулі за каменданта лагера, які быў створаны для  мірных жыхароў вёсак Старынкі, Кабылічы, Кавалевічы. Камандаванне брыгады даручыла не толькі ахоўваць старых, жанчын, дзяцей, параненых, а і весці разведку ў аколіцах пасёлка Шацк, дзе знаходзіўся варожы гарнізон. Задача наступная: кантраляваць выхад карнікаў у партызан-скую зону. Калі такое здаралася, разведчык Гапонаў прыбягаў у лагер, браў у рукі сваю самазарадку і рабіў запар тры выстралы ў паветра. Людзі ведалі, што гэта трывога — неабходна ўцякаць у балота!

Ужо вызвалены Мінск, але жыхары не спяшаліся вяртацца дамоў, бо ў лясах яшчэ хаваліся недабітыя паліцэйскія і з акружэння выходзілі асобныя групы  гітлераўцаў. Увечары 6 ліпеня 1944 года юны партызан прыйшоў у родную вёску Старынкі. Уладкаваўся на начлег у калгасную канюшню, дзе кожны захоўваў сена для жывёлы.

— Хоць за ўсю вайну высплюся, — думаў Вячаслаў.

Не атрымалася. Толькі ўклаўся, будзіць сябар Стась:

— Немцы ў вёсцы!

У вінтоўцы  засталося два патроны. Перазарадзіў абойму да дзесяці.

На захад па шашы ішлі чатыры аўтаматчыкі. Сярод іх у фуражцы вылучаўся афіцэр. Сябры кінуліся наперарэз бадзяжным ворагам. Тыя набліжаліся да ўзлеску. Хлопцы выскачылі на пагорак, дзе засталіся акопы яшчэ з 1941 года. У адзін голас яны крыкнулі:

—  Хальт!

Немцы залеглі ў канаву. Вячаслаў націскае на спускавы курок вінтоўкі — асечка. Другі, трэці, чацвёрты раз — і зноў асечка. Патроны былі адсырэлымі. Толькі на дзявятым і дзясятым нажыме прагучалі выстралы. А ворагаў і след прастыў.

— Няхай ідуць і раскажуць сваім, хто іх прагнаў з Беларусі, — сказаў стралок.

Сёння праз столькі гадоў ветэран дзвюх войн з хваляваннем успамінае ўрок жыцця.

— Чаму  не стралялі ў адказ? Маглі ж скасіць аўтаматнай чаргой?! Чаму не забілі мяне, як забівалі фашысты мірных жыхароў у Шацку? Яны здагадаліся, што перад імі юнакі, — разважае Вячаслаў Пятровіч. — Мабыць, і сярод іх людзі заставаліся.

Барыс ДЗЕНІСЮК,

кіраўнік рэгіянальнага цэнтра вуснагістарычных даследаванняў, член ГА “Беларускі саюз афіцэраў”

Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА


Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей