У музеі імя І. С. Трацэўскага ДУА “Слабадакучынская СШ” прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 70-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У школе сабраліся прадстаўнікі дзяржаўных арганізацый, райваенкамата, ветэранскай арганізацыі в. Слабада-Кучынка, ГА “Беларускі саюз афіцэраў”, каля 20 сведкаў вайны. У святочнай атмасферы маёр Сяргей Ярмолік (прадстаўнік Капыльскага РВК) і Леанід Бурак (намеснік старшыні райвыканкама) уручылі юбілейныя медалі ветэрану Вялікай Айчыннай вайны і вайны з Японіяй Вячаславу Пятровічу Гапонаву і вязню фашызму Надзеі Піліпаўне Зубовіч. Старшыня Слабада-Кучынскага сельвыканкама Нэлі Гусева ўручыла віншавальныя пісьмы ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ад дзяцей вайны (нарадзіліся ў 1941 годзе) Святланы Іванаўны Астрэйкі і Зоі Емельянаўны Салановіч гучалі словы ўдзячнасці ў адрас тых, хто адстаяў для краіны мірнае неба.
— Няхай квітнее наша Рэспубліка Беларусь! А кожны ліпень застанецца ў памяці нашых нашчадкаў вечным напамінам бяспрыкладнага подзвігу нашых дзядоў і бацькоў! — з такімі словамі выступіла ў адказ вязень фашысцкага лагера ў г. Слуцку Надзея Піліпаўна Зубовіч.
Члены клуба “Патрыёты Радзімы” прапанавалі гасцям тэматычную праграму “Мы помнім!”, прысвечаную 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пад гукі мелодыі “От героев былых времен” Аляксандр Пратасевіч, Юрый Нікановіч, Аляксандр Давыдоўскі занялі ганаровую вахту ля стэнда “Яны змагаліся за Радзіму”, а экскурсаводы музея — месцы каля экспазіцый. Мерапрыемства пачалося з выступлення самабытнай паэтэсы Ядвігі Малевіч з в. Дусаеўшчына, якая прачытала свае вершы “Расцвітаў нявінны светлы ранак” і “Стагнала крэпасць Брэсцкая ад ран”.
Крысціна Францкевіч азнаёміла гасцей з баявым шляхам былога дырэктара Слабадакучынскай СШ Трацэўскага І. С. (прайшоў дарогамі вайны ад Масквы да Прагі). Ветэран педагагічнай працы і лаўрэат шматлікіх конкурсаў мастацкай самадзейнасці Аляксандр Кандыбовіч прачытаў верш “Их оставалось только трое”, пасля чаго была аб’яўлена хвіліна маўчання, прагучаў метраном. Вольга Міхайлоўская прадэманстравала ўзнагароды, а Яна Коршук — калекцыю зброі. Усе выступленні экскурсаводаў праектаваліся на экран з дапамогай мультымедыйнай устаноўкі. Апладысментамі госці і члены клуба “Патрыёты Радзімы” сустрэлі выступленне ветэрана вайны Вячаслава Пятровіча Гапонава, у якім прагучала пажаданне моладзі ніколі не адчуць таго, што перажылі прадстаўнікі старэйшых пакаленняў, каб на нашай зямлі былі заўсёды мір і спакой, каб усе сябравалі, любілі і шчасліва жылі!
Ад ГА “Беларускі саюз афіцэраў” выступіў намеснік старшыні Рэспубліканскага савета палкоўнік Васіль Скрыннікаў — удзельнік навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай юбілейнай даце, якую арганізавалі Парламенцкія сходы Расіі і Беларусі.
— У тым, што мы адстаялі незалежнасць, значная заслуга і жыхароў Капыльшчыны. Усе яны мужна і самааддана змагаліся на фронце, у партызанах і падполлі, — падкрэсліў Васіль Савельевіч. Ён уручыў удзельніку вайны кнігу аб генерале Белабародаве (двойчы Героі Савецкага Саюза), а дырэктару школы Валянціне Кандыбовіч — набор дыскаў “Сімвалы эпохі”, “Айчына мая, табе прысягаю”.
Бібліятэкар Слабада-Кучынскай сельскай бібліятэкі Валянціна Зянонаўна Барташэвіч аформіла выставу кніг і плакатаў “Рэха памяці”, “Прачытай кнігу аб вайне”, “Піянеры-героі”.
Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да помніка землякам, на брацкія магілы воінаў і партызан.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
кіраўнік рэгіянальнага цэнтра вуснагістарычных даследаванняў, член ГА “Беларускі саюз афіцэраў”
Комментарии