[caption id="attachment_36661" align="aligncenter" width="570"]

За разгрузкай збажыны сочыць аператар Генадзь Лушчыцкі[/caption]
Калі ўборачная ў гаспадарках раёна імкліва набліжаецца да свайго завяршэння, то на Цімкавіцкім хлебапрыёмным пункце ААТ “Клецкі камбікормавы завод” работы ў самым разгары. Паводле слоў яго начальніка Ніны Мароцкай, на 31 ліпеня паступіла толькі 53% харчовай пшаніцы, якую запланавана паставіць на Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў.
Першым справілася з выкананнем задання па продажы гэтай культуры дзяржаве адкрытае акцыянернае таварыства “Піянер-Агра”. У хуткім часе да яго далучыліся КСУП “С “Лясное”, “Грозава-агра”, ААТ “Праснакі”, “Суворава-Агра”, ЗАТ “Жыліхава”.
Увогуле першыя машыны з зернем новага ўраджаю з’явіліся на ўчастку 19 ліпеня з КСУП “С “Лясное” і “Грозава-агра”. Пасля ўключэння ў працэс здачы збожжа іншых гаспадарак тут арганізавалі работу ў дзве змены (працуюць з 7 раніцы да 11 гадзін вечара). Да асноўнага штату ў 18 чалавек дабавіўся яшчэ 21 часовы работнік (лабаранты, дыспетчары-таксіроўшчыкі, грузчыкі).
“Для нас галоўнае, — расказвае Ніна Іванаўна, — выканаць дзяржзаказ па пшаніцы харчовай (неабходна прыняць 16 100 тон). І справа тут не толькі ў колькасці — пры сёлетнім ураджаі гэта не праблема. Галоўнае, каб яна адпавядала патрабаванням 3-га класа, на крайні выпадак — 4-га. А вось гэта, як аказалася, даволі няпроста. Відаць, надвор’е не спрыяла назапашванню бялкоў клейкавіны. Затое ў выйгрышы аказаўся ячмень, для якога адным са станоўчых паказчыкаў з’яўляецца менавіта нізкае ўтрыманне бялку. А ўвогуле зерне паступае на хлебапрыёмны пункт буйное, паўнаважкае, патрэбнага колеру”.
На дастаўцы збажыны з гаспадарак задзейнічана ў асноўным тэхніка філіяла “Аўтамабільны парк № 21” і ААТ “Капыльскі райаграсэрвіс”. Калі ў папярэднія гады вывазкай дзяржзаказу займаліся і аўтамашыны з сельгаспрадпрыемстваў, то сёлета ім з лішкам хапае работы і на сваіх палетках.
Акрамя пшаніцы для Барысаўскага КХП на хлебапрыёмны пункт пастаўляўся піваварны ячмень, а таксама ідзе перагрузка зерня на іншыя элеватары. Штодня запаўняецца па 6-7 вагонаў-хопераў (па 65 – 70 тон у кожным).
Як паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення райсельгасхарчу Алена Паўлюшчык, на апошні дзень ліпеня з раёна ў лік дзяржзаказу паступіла 6934 тоны піваварнага ячменю (69,3%) і 9748,1 тоны збожжа (49% да плана).
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии