[caption id="attachment_36236" align="aligncenter" width="570"]

Уладзімір Вярбіла[/caption]
Праз некалькі тыдняў пачнецца важная пара для аграрыяў раёна — уборачная. Для таго, каб своечасова, хутка, якасна ўбраць хлеб, да жніва рыхтуюцца ўсе гаспадаркі: у ім будуць задзейнічаны і людзі, і тэхніка.
Працаўнікі КСУП “Доктаравічы” добра разумеюць важнасць будучай сельскагаспадарчай кампаніі, таму стараюцца падрыхтавацца да яе як след. Сярод іх — газаэлектразваршчык Сяргей Цыган . Прафесію Сяргей у свой час атрымаў у Капыльскім ПТВ-211. Работа ў яго вельмі адказная: ад майстэрства спецыяліста ў многім залежыць, наколькі безадказна бу- дзе працаваць тэхніка.
Паводле слоў намесніка дырэктара гаспадаркі па механізацыі і раслінаводстве Рыгора Загорцава, усяго неабходна будзе ўбраць 1600 га збожжавых і 210 га азімага рапсу. Для гэтага ёсць восем камбайнаў — іх гатоўнасць Рыгор Іванавіч ацаніў на 60%. Чатыры КЗС-12 абсталяваны прыстаўкамі для ўборкі рапсу, і менавіта яны будуць задзейнічаны на рапсавых палетках. Акрамя таго, маюцца два “ДОНы” і столькі ж камбайнаў КЗС-10. Ужо сфарміраваны камбайнавыя экіпажы, у склад якіх уваходзяць толькі працаўнікі сваёй гаспадаркі.
На машынна-трактарным двары давялося сустрэцца з Уладзімірам Вярбілам. Мужчына завіхаўся ля свайго КЗС-10. Пацікавіліся, чым ён займаецца. “Вось, рыхтуюся да ўборачнай, — ахвотна расказаў Уладзімір Аляксандравіч. — Увогуле я вадзіцель, працую на бензавозе. Але падчас уборкі сумяшчаю гэту справу з работай на камбайне. Гэта ўжо будзе мой адзінаццаты сезон. Камбайну дзявяты год, але вялікіх праблем з ім сёлета няма. Неабходна замяніць некалькі падшыпнікаў, фільтры, масла, адрамантаваць нахільную транспарцёра ў жатцы. Думаю, спраўлюся з гэтым літаральна за тыдзень”.
[caption id="attachment_36237" align="aligncenter" width="282"]

Сяргей Цыган[/caption]
У падрыхтоўцы да ўборачнай (як, урэшце, і ў кожнай справе) дробязей не бывае. У поўнай гатоўнасці павінна быць збожжасушыльная гаспадарка. Дарэчы, у сельгаспрадпрыемстве тры гады таму быў зманціраваны новы комплекс ЗСК-30 “Амкадор”, які практычна і выконвае ўсе работы па сушцы і дапрацоўцы зерня. Як расказаў галоўны энергетык КСУП “Доктаравічы” Аляксандр Зяневіч (ён на час уборачнай становіцца машыністам збожжасушыльнага комплексу), ужо праводзілі праверку ўстаноўкі, практычна яна гатова да работы.
Вытрымае транспартны паток з палёў і вагавая гаспадарка: летась былі набыты новыя электронныя вагі на 40 тон. Заканчваецца падрыхтоўка складоў. Дарэчы, на даху аднаго з іх — для насеннага зерня — поўным ходам ідуць работы па замене пакрыцця з руберойду на шыфернае. Працуе брыгада столінцаў.
Рыгор Загорцаў спадзяецца, што ўраджай сёлета гаспадарка атрымае лепшы, чым у папярэдні год. На гэта паказвае ход развіцця культур. А таму ўбраць яго трэба будзе хутка і без страт.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии