Гарадскі выпускны баль прайшоў 11 чэрвеня на плошчы імя Леніна ў Капылі. Сюды сабраліся галоўныя віноўнікі ўрачыстасці — былыя адзінаццацікласнікі, іх настаўнікі, бацькі, жыхары раённага цэнтра.
Усяго сёлета гімназію №1, гарадскія сярэднія школы №2 и №3 закончылі 97 юнакоў і дзяўчат. Сямнаццаць з іх дзякуючы сваім здольнасцям, працавітасці, вялікаму імкненню да ведаў адзначаны найвышэйшай узнагародай выпускнікоў — залатым медалём “За выдатныя дасягненні ў вучэбнай дзейнасці”.
Прыгожыя, незвычайна ўзрушаныя выпускнікі і верылі, і адначасова яшчэ не зусім разумелі, што школьныя гады, а разам з імі і дзяцінства, ужо закончаны, а наперадзе — нязведанае дарослае жыццё. Усхваляваныя бацькі непрыкметна змахвалі слязінкі, а настаўнікі са шкадаваннем і надзеяй глядзелі на сваіх былых вучняў.
Гучыць гімн Рэспублікі Беларусь, па флаг- штоку павольна ўздымаецца ўвысь Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь. Права яго падняць былі ўдастоены выпускнікі Максім Бароўскі і Дар’я Кухарчык. Да юнакоў і дзяўчат, якія ў гэты дзень назаўсёды развіталіся з дзяцінствам, са словамі віншавання звяртаецца старшыня раённага Савета дэпутаў Ірына Кісляк: “Вы — наша маладое пакаленне, вы — наша змена. І ад таго, як вы пабудуеце сваё жыццё, залежыць і будучыня нашага грамадства. Не бойцеся цяжкасцей, смела ідзіце па жыцці, прымяняйце тыя веды, якія вы атрымалі ў школе”. Ірына Мікалаеўна пажадала выпускнікам галоўнай дарогі, лёгкіх выпрабаванняў, каб ніякія цяжкасці не спынялі іх на жыццёвым шляху.
Самая ўрачыстая частка свята, вядома ж, — уручэнне залатых медалёў і атэстатаў асобага ўзору. Іх лепшыя прадстаўнікі маладога пакалення атрымалі з рук старшыні райсавета Ірыны Кісляк і намесніка старшыні райвыканкама Алы Раеўскай. Акрамя таго, граматамі, падзякамі, каштоўнымі падарункамі былі адзначаны самыя яркія, самыя таленавітыя, актыўныя і творчыя маладыя людзі, тыя, хто праявіў сябе ў спорце і мастацкай самадзейнасці, з’яўляўся актывістам маладзёжнага руху і прымалі актыўны ўдзел у мерапрыемствах, накіраваных на ваенна-патрыятычнае выхаванне.
Выпускнікоў на дарогу ў дарослае жыццё благаславіў Благачынны цэркваў Капыльскай акругі Протаіерэй Сергій Чарны. “Мне хацелася б пажадаць, каб дарога, што вы абралі, прынесла вялікую карысць і для вас, і для вашай сям’і, і для ўсёй нашай дзяржавы, — адзначыў айцец Сергій. — Жадаю, каб вы цанілі нашу зямлю, якая благаслаўлёна Богам, зямлю, на якой мір, спакой і згода. Гэта зямля напоўніцца вашымі новымі здзяйсненнямі і справамі, якія прынясуць агульную карысць”. Свяшчэннік падараваў кожнаму з выпускнікоў іконкі з выявай св. князя Уладзіміра.
Герояў дня павіншавалі таксама: ад імя педагогаў — класны кіраўнік выпускнога класа гімназіі № 1 Зоя Верамей, ад імя бацькоў — Алег Пашкевіч і Таццяна Ермаловіч, якая парадавала прысутных цудоўнай песняй. Словы падзякі педагогам і бацькам ад імя ўсіх выпускнікоў выказала былая гімназістка Вікторыя Кісялёва.
Прыемным сюрпрызам для прысутных сталі песні ў выкананні ўзыходзячай зоркі беларускай эстрады Вольгі Валочнік, аўтара і выканаўцы, кампазітара і аранжыроўшчыка, лаўрэата міжнароднага фестывалю-конкурсу сцэнічнага майстэрства “Мы разам”, удзельніка фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” Сяргея Славянскага. Варта дадаць, што іх выступленні былі арганізаваны пры садзейнічанні былога выпускніка СШ № 3 г. Капыля, а зараз вядомага беларускага кампазітара, паэта, аранжыроўшчыка і прадзюсара Сяргея Ждановіча.
І вось новы сюжэт выпускнога балю. На плошчы з’яўляюцца дзяўчынкі, у руках некаторых з іх — белыя галубы. У завяршэнні танцавальнай кампазіцыі, якую выканалі выхаванцы Святланы Палонскай – педагога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна — галубы ўзмываюць у неба, а разам з імі — паветраныя шары, што да гэтай пары былі ў руках выпускнікоў, як своеасаблівы сімвал маладых людзей, якія назаўсёды адлятаюць з роднай школы.
І нарэшце настаў той момант, якога так цярпліва чакалі ўсе прысутныя — на цэнтральнай плошчы горада ў танцавальных рытмах закружыліся юнакі і дзяўчаты, пакідаючы ў сваім сэрцы толькі самыя светлыя ўспаміны пра школу і адгортваючы новую старонку свайго лёсу, якая павядзе іх у самастойнае дарослае жыццё.
Выпускныя балі прайшлі і ў іншых установах адукацыі раёна. У добры шлях, выпускнікі!
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии