Народныя майстры з нашага раёна прынялі ўдзел у VІ рэспубліканскім
фестывалі-кірмашы рамёстваў “Вясновы букет”.
На пару дзён Лошыцкі парк г. Мінска ператварыўся ў сапраўдную майстэрню прыгажосці: менавіта тут і сустракаліся майстры з розных куткоў нашай краіны, якія маюць званне “народны” і з’яўляюцца членамі Саюза майстроў Беларусі, каб прадэманстраваць свае цудоўныя вырабы і падзяліцца мастацкім вопытам. Нагадаем, што гэтае свята праходзіць ужо на працягу шасці гадоў і яго мэтай з’яўляецца падтрымка, аднаўленне і папулярызацыя традыцыйных і часам забытых рамёстваў.
Сапраўднае суквецце талентаў прадстаўляла Капыльшчыну на мерапрыемстве: знакамітыя ткачыхі са званнем “народны майстар Беларусі” Валянціна Кузьмінічна Гладкая, Марыя Мікалаеўна Астапеня, а таксама майстар разьбы па дрэве Іван Іванавіч Васілевіч, дырэктар раённага Цэнтра ткацтва Таццяна Волкава і юныя выхаванцы Школы ткачоў пры раённым Цэнтры ткацтва (аграгарадок Семежава) Яна Шчэрба, Настасся Лянько, Кацярына Бубніковіч і Аляксей Бірук. Акрамя таго, на фестываль прыехала ўдзельніца клуба майстроў “Скарбонка” раённага Цэнтра культуры па бісерапляценні Ірына Шваюк. Таксама былі прадстаўлены работы арыгамі Валянціны Мяцельскай. Дарэчы, рознакаляровыя вырабы з папяровых модуляў карысталіся найбольшым попытам у пакупнікоў.
Як адзначыла кіраўнік клуба “Скарбонка” Галіна Гурло, кожны наведвальнік фестывалю-кірмашу меў магчымасць не толькі паглядзець і набыць, а нават навучыцца ўпадабанаму рамяству падчас правядзення майстар-класаў.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота Галіны ГУРЛО
Комментарии