Таленавіты кіраўнік, які праявіў свае лепшыя арганізатарскія здольнасці на даручаных участках работы, цікавы суразмоўца, выдатны лектар — такім ведаюць Віктара Іванавіча Коласа не толькі на Капыльшчыне, але і далёка за яе межамі.
Нарадзіўся Віктар Іванавіч у Мінску ў 1939 годзе. Пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацька Іван Адамавіч пайшоў на фронт, а сям’я пераехала ў в. Думічы, што на Капыльшчыне. Маці з двума дзецьмі на руках засталася на акупіраванай тэрыторыі. Цяжка прышлося ёй. Захварэла і памерла дачка, а ў хуткім часе пайшла з жыцця і сама маці, не дажыўшы тыдзень да дня Перамогі. Віктара ўзяла на выхаванне сястра бацькі Алена Адамаўна Рымашэўская.
Вярнуўшыся з вайны, бацька быў абраны старшынёй праўлення калгаса ў в. Бабоўня. Але нядоўга пражыў былы франтавік, не вытрымала зда- роўе, падарванае на вайне, і ў чэрвені 1950 года ён памёр.
У 1953 годзе Віктар закончыў 7 класаў Нізкавіцкай сямігодкі і паступіў у Мінскі палітэхнікум, які паспяхова закончыў у 1957 годзе. Непрацяглы час малады спецыяліст працаваў у Магілёўскай вобласці, а затым быў прызваны на ваенную службу, якую праходзіў у Маскоўскай акрузе супрацьпаветранай абароны.
Пасля звальнення ў запас пацягнула ў родныя мясціны. У снежні 1961 года ён быў прыняты на працу інспектарам па кадрах саўгаса “Лясное”. У хуткім часе ажаніўся на выпускніцы Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута, і вось ужо больш за 50 гадоў крочаць з Валянцінай Мікалаеўнай па жыцці разам. Нарадзілі дачку і сына, якія працуюць урачамі ў г. Мінску, звязала свой лёс з медыцынай і ўнучка.
— У лютым 64-га я ўступіў у рады Камуністычнай партыі, — не без гонару гаворыць Віктар Іванавіч, — а ўжо ў 66-м быў абраны сакратаром партыйнага камітэта саўгаса “Бабоўня”.
Ён быццам пераносіцца ў той час, калі быў важаком саўгасных партыйцаў. Спраў і клопатаў у сакратара парткама надзвычай многа. На ўліку некалькі дзясяткаў камуністаў, якія працуюць у полі, на фермах, будоўлях, у майстэрнях. І ўсюды свае праблемы, усюды патрэбна пабываць, правесці з людзьмі адпаведную гутарку, даць разумную параду. А яшчэ вучыцца ў інстытуце народнай гаспадаркі, які ён паспяхова закончыў.
Віктар Іванавіч умеў падабраць ключык да сэрца кожнага чалавека, глыбока пранікнуць у душы людзей, каб даць ім дакладны напрамак у працы і розных жыццёвых сітуацыях. І з кожным годам у яго гэта атрымлівалася ўсё лепей, што, пэўна ж, заўважылі ў райкаме партыі і ў 1971 годзе рэкамендавалі яго ў якасці дырэктара саўгаса “Цімкавіцкі”.
— На гэтай пасадзе я працаваў 15 гадоў, — падкрэслівае мой суразмоўца. – Было ўсялякае: і добрае, і дрэннае, але першага было значна больш…
Віктар Іванавіч, як чалавек сціплы, не стаў гаварыць аб тым, што ў гэтыя гады сельгаспрадпрыемства неаднаразова выходзіла пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва, што ён узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі “За працоўную адзнаку” і “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна”, а таксама Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Яго прозвішча занесена ў Кнігу працоўнай славы ААТ “Капыльскае”. Ён на “выдатна” закончыў Акадэмію ўпраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Амаль 10 гадоў Віктар Іванавіч узначальваў Капыльскую раённую дзяржаўную насенную інспекцыю, а ў 1995 годзе быў выбраны старшынёй Цімкавіцкага сельсавета. На гэтай пасадзе асабліва ярка высвяцілася яго ўменне разумець людзей, жыць з імі адзінымі думкамі, пры неабходнасці аказаць дапамогу.
Ужо 13 гадоў як ветэран працы знаходзіцца на заслужанным адпачынку. Заўтра Віктару Іванавічу Коласу спаўняецца 75 гадоў. Многа гэта ці мала? Калі азірнуцца на жытае-перажытае, дык ужо і ніштавата. Але юбіляр знаходзіцца яшчэ ў поўным росквіце фізічных сіл і разумовых здольнасцей. Дык пажадаем жа яму і надалей заставацца такім жа аптымістам і жыццялюбам на доўгія гады.
Уладзімір СКРЫПІНСКІ
НА ЗДЫМКУ: В. І. Колас.
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Комментарии