У дзяржаўнай установе адукацыі “Семежаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” ў суботу, 31 мая, як і ў іншых агульнаадукацыйных установах горада і раёна, адбылося Свята апошняга званка. Сёлета гэта мерапрыемства было куды больш знакавым, чым раней: школе прысвоена ганаровае імя славутага земляка, Героя Беларусі Міхаіла Сцяпанавіча Высоцкага.
На ўрачыстасць, як заўсёды, завіталі ганаровыя госці — старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, жонка Міхаіла Высоцкага Валянціна Мікалаеўна, докторы медыцынскіх навук Андрэй Манак, Міхаіл Рымжа, начальнік упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі і сацыяльнага абслугоўвання камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Марына Гурчанка, начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Міхайлоўская, старшыня Семежаўскага сельвыканкама Марыя Стружко, настаяцель праваслаўнага храма вв. Кіявічы і Семежава айцец Павел. Шмат цёплых слоў было сказана гасцямі, бацькамі вучняў у адрас педагагічнага калектыву, што з года ў год годна працуе, выпускнікоў, наперадзе ў якіх выпускныя і ўступныя экзамены. Пад апладысменты прысутных дырэктар школы Сяргей Апон уручыў падзякі выдатнікам вучобы, прызёрам і пераможцам прадметных алімпіяд, спартыўных мерапрыемстваў.
Ужо традыцыйна на свяце апошняга званка першакласнікі атрымалі падарункі ад ААТ “Белаграпрамбанк”, Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футболу” і міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Напрыканцы лінейкі прагучаў апошні званок, які паклікаў гасцей свята, вучняў і іх бацькоў на мерапрыемства пад назвай “Генеральны канструктар — геніяльны чалавек”, прысвечанае Герою Беларусі Міхаілу Высоцкаму.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии