Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

33

Любі справу — майстрам станеш!

02.06.2014
У Семежаўскім Цэнтры культуры і вольнага часу прайшло свята-ўшанаванне жанчын, якім было прысвоена высокае званне “Народны майстар Беларусі па ткацтве”. Капыльшчына заўсёды была багатая на таленавітых людзей. Яшчэ ў мінулым стагоддзі старанная плённая праца ткачых Аляксандры Нічыпараўны Мяшэчак, Настассі Кандратаўны Чаркас, Ганны Іванаўны Паляшчук, Аляксандры Сямёнаўны Серады была адзначана званнем “Беларускі савецкі майстар народнага мастацкага ткацтва”. А некалькі гадоў таму мы віншавалі Валянціну Кузьмінічну Гладкую, Валянціну Міхайлаўну Кіеню, Ніну Яўгенаўну Гарашчэню з атрыманнем звання “Народны майстар Беларусі па ткацтве”. І вось у кагорту славутых людзей уліліся Вольга Дзмітрыеўна Мацкевіч, Зінаіда Іванаўна Кравец, Вера Васільеўна Мікалаевіч, Марыя Мікалаеўна Астапеня. Гэтыя імёны ўжо назаўсёды ўнесены ў гістарычны летапіс мастацтва Рэспублікі Беларусь і праслаўляюць сваю малую радзіму далёка за яе межамі. “Для кожнага майстра галоўнае, каб яго справа жыла ў пакаленнях, — гаворыць, звяртаючыся да віноўнікаў урачыстасці, дырэктар раённага Цэнтра ткацтва Таццяна Волкава. — Авалодаць сакрэтамі старадаўняга рамяства няпроста. І хоць навучэнцы “Школы ткачоў”, што працуе пры нашым Цэнтры, паказваюць добрыя вынікі на конкурсах рознага кшталту, прывозяць адтуль граматы і дыпломы, але яшчэ знаходзяцца ў самым пачатку той дарогі, якая завецца майстэрствам. Вы — наша жывая спадчына, вы — берагіні традыцый. І мы абяцаем вам, што будзем імкнуцца да таго, каб ніць народнага мастацтва, якая бярэ пачатак з глыбінь стагоддзяў, не перарывалася, а цягнулася далей, у будучыню”. У гонар майстроў гучалі самыя шчырыя словы прызнання, захаплення іх спрытнымі, умелымі рукамі. Арганізатары свята — супрацоўнікі раённага Цэнтра ткацтва — падрыхтавалі невялікую выставу работ таленавітых жанчын, інфармацыю аб іх жыццёвым шляху. Са сцэны ліліся песні, прысвечаныя віноўніцам урачыстасці. Іх павіншавалі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Гарбацэвіч, старшыня Семежаўскага сельвыканкама Марыя Стружко, настаўнік Семежаўскай школы Уладзімір Выскварка. Удзельнікі школы юных ткачоў — Аляксандра Скамароха, Кацярына Бубніковіч, Дар’я Сечка і Ангеліна Голец — узгадалі старонкі біяграфіі майстроў. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей