[caption id="attachment_35968" align="aligncenter" width="570"]
Л. Русак сустракае гасцей ля роднай хаты песняра[/caption]
У мінулую суботу на Капыльшчыне ўшаноўвалі памяць знакамітага земляка, паэта-песенніка Адама Русака.
Вось ён, дарожны знак “Малінаўка 1,3”. Да роднай вёскі Адама Герасімавіча, як кажуць, рукой падаць. У дзень 110-гадовага юбілею паэта па гэтай дарозе ў госці да песняра завіталі беларускія пісьменнікі, артысты і сваякі. Сярод тых, хто прыехаў у гэты майскі дзень, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, паэт, публіцыст, першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Генадзь Пашкоў; паэт і бард Канстанцін Цыбульскі; рэдактар літаратурных праграм беларускага радыё Галіна Шаблінская; паэтэса Іна Фралова; загадчыца культурна-адукацыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Шагойка; артысты Белдзяржфілармоніі і, вядома, дачка паэта Людміла Русак.
Перш за ўсё госці ўсклалі кветкі на магілу паэта. А затым падчас творчай сустрэчы беларускіх творцаў з навучэнцамі ДУА “Песачанская СШ імя С. А. Умрэйкі” адбылося сапраўднае “Літаратурнае падарожжа на радзіму А. Русака”.
З вялікай цікавасцю госці наведалі музей, які існуе ў гэтай навучальнай установе. Уразіла ўсіх прысутных і выступленне народнага аркестра народных інструментаў “Капыльскія дудары”. Людміла Адамаўна зрабіла экскурс па жыцці паэта на фоне фотавыставы, размешчанай ў фае Песачанскага Цэнтра культуры і вольнага часу.
Завяршыў сустрэчу літаратурна-музычны спектакль артыстаў Белдзяржфілармоніі “Без песні я жыць не магу”.
— Быць дачкой знакамітага чалавека – вельмі адказна, — адзначыла дачка паэта Людміла Русак. — Калі мы з сястрой вучыліся ў школе, то проста разумелі, што з’яўляемся дзецьмі вядомага чалавека. І толькі з часам я адчула, што ўся адказнасць за захаванне памяці Адама Русака ляжыць менавіта на мне. Таму я раблю ўсё для таго, каб творчую спадчыну бераглі і шанавалі мы, яго нашчадкі.
— Прыезд на Капыльшчыну падмацоўвае тое, што я адбыўся як паэт-песеннік, — падзяліўся ўражаннямі Канстанцін Цыбульскі. — Як ні дзіўна, на мой лёс аказала ўплыў творчасць Адама Русака. Недзе ў чатыры гадочкі я пачуў па радыё песню “Лясная” (“Ой, бярозы ды сосны…”) і потым спяваў яе. Бацька паслухаў і купіў мне акардэон. Гэтага хапіла, каб у душы нарадзілася жаданне пісаць песні. Таму зараз хочацца нізка пакланіцца паэту, які ад- крыў для мяне краіну Песні і Музыкі.
— Я памятаю, як у пачатку 90-х гадоў, — узгадаў Генадзь Пашкоў, — у Ялце праходзіла сустрэча беларускіх, рускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў, пасля якой нас праводзілі прадстаўнікі мясцовай ўлады. І ўжо ў вагоне цягніка, калі мы праспявалі “Бывайце здаровы”, украінцы сказалі: “Во беларусы малайцы — пераклалі нашу песню на сваю мову!” Бо песня стала ўжо міжнацыянальнай! І гэты сонечны куточак засведчыў, што зямля беларуская сапраўды багатая на таленты.
Ад імя гасціннай Капыльшчыны кветкі артыстам уручылі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Капыльскага райвыканкама Наталля Гарбацэвіч і дырэктар Дзяржаўнай установы культуры “Капыльская раённая цэнтральная бібліятэка імя А. Астрэйкі” Таццяна Серая.
Свята поглядамі вучняў:
Ілля БЕНДЗЬ:
24 мая да нас завіталі вучні Лясноўскай, Слабадакучынскай і Старыцкай школ. Гэта стала прыемным сюрпрызам. Творчая сустрэча з беларускімі пісьменнікамі прайшла вельмі цікава і запамінальна. Здзівіла тое, што многія майстры слова, акрамя пісьменніцкага таленту, маюць цудоўны голас, прыгожа спяваюць. Найбольш усхвалявала выступленне Людмілы Адамаўны Русак, дачкі паэта. Адам Русак лічыў Пясочнае, Малінаўку сапраўдным раем, лепшым куточкам на зямлі. Трэба і нам так любіць родную вёску.
Вікторыя ЛЕАНОВІЧ:
Літаратурна-музычны спектакль Белдзяржфілармоніі не пакінуў нікога ў зале раўнадушным. Усе словы ў вершах, песнях Адама Русака такія простыя, але ў іх — вялікая душа паэта. Патрыятычныя пачуцці, любоў да радзімы, да маці, да жанчыны, сардэчнасць, шчырасць беларускай душы, весялосць і гумар — творчасць нашага земляка, якая ўражвае сваёй разнастайнасцю і шматграннасцю.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара
Комментарии