З 8 па 10 кастрычніка ў горадзе Капылі на фізкультурна-аздараўленчым комплексе праходзіла IX міжгаліновая спартакіяда прафсаюзаў Мінскай вобласці, заяўкі на ўдзел у якой падалі 13 каманд.
На працягу трох дзён аматары здаровага ладу жыцця высвятлялі, якая галіна больш увагі надае заняткам спортам. У агульнакамандны залік ішлі ачкі за такія віды спорту, як настольны тэніс, гіравы спорт, стральба кулявая, плаванне, шматбор’е «Здароўе» (бег на 60 м і 1000 м, скачок у даўжыню з месца, падцягванне - у мужчын і адцісканне - у жанчын), валейбол. Таксама сярод кіраўнікоў дэлегацый праводзіліся незаліковыя спаборніцтвы па дартсе.
У мнагаборстве «Зда-роўе» ўдала выступіў квартэт прафсаюза хімічнай прамысловасці. На другім радку выніковага пратакола апынуліся аграрыі. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграў капылянін Дзмітрый Була, які ў асабістым заліку заняў другое месца. Яго апярэдзіў зноў жа наш зямляк Сяргей Місючэнка. Сяргей выступаў за каманду Мінскага гаркама работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прад-прыемстваў. Трэцяе каманднае месца занялі працаўнікі сувязі РУП «Белтэлекам».

Тэнісісты з каманды работнікаў гандлю, не прайграўшы ніводнай партыі, падняліся на першую прыступку п’едэстала гонару. Другую занялі працаўнікі АПК, трэцімі сталі медыкі.
Відовішчным і захапляльным стаў чыста мужчынскі від спорту - падніманне гіры, дзе ўдзельнікі былі падзелены на дзве вагавыя катэгорыі - да 90 і звыш 90 кілаграмаў. У першай групе з вынікам 190 падыманняў перамог Валерый Рамадзін (АПК). Другі (180) і трэці(165) вынікі паказалі капыляне Андрэй Давідовіч - прадстаўнік прафсаюза медыкаў, работнік лесу Валерый Лазарэвіч (165). У групе звыш 90 кілаграмаў, выканаўшы 190 падыманняў, пераможцам стаў чэмпіён свету 2006 года Сяргей Напрэенка (дзяржустановы). Другім быў аграрый Ігар Газізаў (168), а Аляксандр Лабынцаў, работнік лясной гаспадаркі, трэцім (154). У камандным заліку месцы размеркаваліся наступным чынам: першае - аграрыі, другое - дзяржустановы, трэцяе - лясная гаспадарка.

Віталь Барташэвіч і Кацярына Луніна прынеслі камандзе прафсаюза культуры перамогу ў плаванні. Другі радок занялі працаўнікі хімічнай прамысловасці, а трэцяе - адукацыі і навукі. Дарэчы, на спаборніцтвах за абласны прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі ў многіх відах спорту выступаў наш раённы аддзел адукацыі.
Спаборніцтвы па кулявой стральбе прынеслі перамогу прафсаюзу працаўнікоў культуры. Другое месца дасталася энергетыкам, а трэцяе - камандзе адукацыі і навукі. Снайперскія здольнасці тут прадэманстравалі Мікалай Валністы і Аляксей Абросімаў.

За трохдзённым «марафонам» валейбалістаў сачылі ўсе без выключэння. Кожная гульня прыносіла мора прыемных, відовішчных момантаў. Але шматлікія матчы не выматалі фіналістаў, і ня-дзельныя сустрэчы прайшлі ва ўпартай барацьбе за перамогу. Больш сіл засталося ў каманды прафсаюза хімічнай прамысловасці. Яны, атрымаўшы дзве «вікторыі», заваявалі першае месца. Другімі да фінішу дайшлі працаўнікі мясцовай прамысловасці. А медыкі, выйграўшы дзве партыі ў каманды энергетыкаў, сталі трэцімі.
У агульнакамандным заліку пераможцам IX міжгаліновай спартакіяды стаў прафсаюз хімічнай, горнай і нафтавай галін прамысловасці. «Серабро» спаборніцтваў дасталася прадстаўнікам аграпрамысловага комплексу, а «бронзу» прымералі працаўнікі культуры.

Ад арганізатараў свята здароўя пераможцы і прызёры ўсіх відаў атрымалі дыпломы і памятныя прызы.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
На здымках: 1. Парад каманд-удзельніц; 2. Бег на 60 метраў удзельніц мнагаборства «Здароўе»; 3. На падняцці гіры - Андрэй Давідовіч. 4. Узнагароды пераможцам мнагаборства ўручае старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Міхаіл Бода; 5. Упартая барацьба на валейбольнай пляцоўцы.
Комментарии