Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

109

«Бывайце здаровы», або Прыгоды вядомай песні

25.05.2014
[caption id="attachment_35883" align="aligncenter" width="570"]Адам Русак у першым радзе першы злева, Ісаак Любан  у другім радзе злева Адам Русак у першым радзе першы злева, Ісаак Любан у другім радзе злева[/caption] (Да 110-годдзя з дня нараджэння паэта-песенніка Адама Русака) Аднойчы, недзе яшчэ ў 30-я гады, маці Адама Русака Марыя Ігнатаўна праводзіла яго ў Ленінград і папрасіла: “Напішы, сынку, як ты дабраўся. Суцеш радаснай вестачкай”. Праз пэўны час яна атрымала пісьмо, якое заканчвалася такімі словамі: “Бывайце здаровы, жывіце багата, а я ўжо прыехаў да дому, да хаты. У вашым калгасе шырокае поле. Няхай жа на шчасце цвіце ваша доля”. Першай песню заспявала маці на вядомы вясельны матыў. Потым падхапілі суседзі, вёска і акруга. Песня пайшла ў свет. Неяк у чарговы візіт у родную вёску Адам Русак сустрэўся са сваім сябрам — паэтам Анатолем Астрэйкам. Русак паказаў словы свайго апошняга верша “Бывайце здаровы”. Погляд прафесіянала (Астрэйка працаваў адказным сакратаром ў газеце “Літаратура і мастацтва”) адразу адзначыў якасць твора і дадаў: “Калі дазволіш, я вазьму верш у Мінск”. Верш галоўнаму рэдактару газеты “Літаратура і мастацтва” І. Гурскаму спадабаўся, але форма і змест, якія былі вельмі блізкія да народных, насцярожылі. Летам 1936 года ў рэдакцыю зайшоў госць з Масквы, вядомы вучоны-філолаг Ляжнёў. Ён збіраў сучасны фальклор для зборніка вершаў “Творчество народов СССР”, які рыхтаваўся да выдання пад рэдакцыяй М. Горкага. Сярод адабраных вершаў быў і “Бывайце здаровы” (у той час яшчэ не надрукаваны). Калі 1 студзеня 1937 года Адам Русак атрымаў выпуск “Правды”, дзе быў упершыню змешчаны пераклад верша, пачуццё радасці было азмрочана: з заўвагі вынікала, што не ён з’яўляецца аўтарам твора. На беларускай мове верш з’явіўся 9 студзеня 1937 года ў газеце “Літаратура і мастацтва” пад назвай “Вясельнае віншаванне маладых” з такой пазнакай: “Запісаў ад А. Русака (калгас “Красный пахарь” Капыльскага раёна Анатоль Астрэйка”). Імя аўтара перакладу на рускую мову стала вядома ў 1940 годзе, калі выйшаў зборнік паэзіі Міхаіла Ісакоўскага. У каментарыі да верша “Пожеланье” ён пісаў, што выкарыстаў матыў беларускай народнай песні, запісанай ад А. Русака. Пазней адбылося пасяджэнне Саюза пісьменнікаў Беларусі, на якім аўтарства Адама Русака ўсё ж такі было даказана. У 1940-м годзе Ісакоўскі даслаў яму ліст з прабачэннямі. Пасля публікацыі верш адразу ж заўважылі кампазітары. Цікава, але ўпершыню песня загучала на музыку, якую напісаў У. Р. Захараў, мастацкі кіраўнік хора імя Пятніцкага. Аднак доўгую славу прынесла менавіта музыка сябра Русака — Ісаака Любана. Цікавая легенда існуе і пра напісанне музыкі да гэтай песні. Неяк у Ленінградзе Адам Русак сустрэў свайго былога аднакурсніка па Мінскім музычным тэхнікуме Ісаака Любана. Той расказаў пра свае творчыя планы і прызнаўся, што не можа знайсці патрэбнага тэксту для створанага ім лірычнага цыкла песень пра беларускую вёску. “Разумееш, — сказаў Ісаак Ісаакавіч, — хочацца, каб заключная песня была незвычайна радаснай, светлай…” Пасля сустрэчы з Русаком, Любан пачаў працаваць над словамі “Бывайце здаровы”. Ён працаваў доўга і вельмі старанна. Пасля таго, як работа была завершана, Любан паказаў яе свайму настаўніку па кансерваторыі. Стары кампазітар паставіў ноты на пюпітр, праіграў і сказаў: “М-да… не атрымалася ў цябе гэтая песня. Пакінь яе. Ты можаш напісаць лепшую”. Любан паверыў настаўніку і, як не было яму цяжка, парваў ноты. 15 чэрвеня 1937 года ў Мінску праходзіў рэспубліканскі партыйны з’езд, пасля завяршэння якога ў выкананні народнай артысткі БССР Ларысы Александроўскай прагучала песня “Бывайце здаровы”. У антракце да Ісаака Ісаакавіча падыходзілі нейкія людзі, паціскалі рукі, віншавалі. Але кампазітар нічога не чуў, не бачыў, не разумеў… Як жа так адбылося, што знішчаную песню выканала Александроўская? Высветлілася, што пасля таго, як Любан парваў ноты, неяк да яго зайшла Ларыса Пампееўна. Яна даведалася пра няўдачу кампазітара. І тут жа, у кабінеце, на раялі Любана ўбачыла чарнавік мелодыі. Вопытным вокам яна паглядзела на ноты. Нічога не кажучы Любану, артыстка ўзяла чарнавік і развучыла песню. Сярод першых выканаўцаў песні і Леанід Уцёсаў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны песня гучала на франтах у розных варыяцыях. Сярод пазнейшых выканаўцаў — ансамбаль “Песняры” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна, Іосіф Кабзон, Зміцер Вайцюшкевіч. Людміла Русак, дачка паэта-песенніка, успамінала: “Тата атрымаў ад Леаніда Уцёсава ліст, у якім спявак пісаў: “Паважаны Адам Герасімавіч! Вашу цудоўную песню “Бывайце здаровы” я пачаў спяваць у 1938 годзе. Поспех быў велізарны. Як ні дзіўна, яна гучала не толькі ў мірныя гады, але і на фронце, дзе мы яе спявалі, выклікаючы ў байцоў радасную ўсмешку і ўдзячнасць за нястрымны аптымізм гэтай песні”. Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей