Home
Понедельник 05.05.2025 09:50

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

124

І зноў я тут…

24.05.2014
[caption id="attachment_35880" align="aligncenter" width="570"]Адам Русак Адам Русак (30-я гады ХХ ст.)[/caption] (Да 110-годдзя з дня нараджэння паэта-песенніка Адама Русака) ВІЗІТНАЯ КАРТКА Беларускі паэт-песеннік. Заслужаны дзеяч культуры  БССР  (1964 год).  Нарадзіўся  24 мая  1904  года ў в. Пясочнае Ігуменскага павета Мінскай губерніі. У 1914 годзе скончыў Песачанскую пачатковую школу. У 1922 годзе паступіў у Мінскі будаўнічы тэхнікум, але ў хуткім часе пакінуў вучобу і паступіў у Беларускі музычны тэхнікум, які скончыў у 1930 годзе. У 1930-1934 гады вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі. Быў салістам аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра (з 1932 года), Белдзяржфілармоніі (з 1949 года). Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1939 года. Першы верш А. Русака «Мая песня» апублікаваны 27 мая 1927 года ў ча-сопісе «Чырвоны сейбіт». Больш рэгулярна пачаў друкавацца з 1932 года ў часопісе «Полымя рэвалюцыі», газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва». У 1940 годзе быў падрыхтаваны да друку першы яго зборнік «На родных палетках», але вайна перашкодзіла яго своечасоваму выданню. Ён убачыў свет толькі ў 1946 годзе. Многія вершы сталі вядомымі песнямі: «Бывайце здаровы», «Толькі з табою», «Не  шукай»  (усе — музыка І. Любана);  «Дняпро» і «Не за вочы чорныя» (муз. Ю. Семянякі); «Лясная песня» (або «Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры») і «Па-над лесам, па-над борам» (муз. У. Алоўнікава);  «Узнялося  сонца яснае» (муз. Дз. Лукаса); «Дзе ты, зорка мая» (муз. І. Лучанка) і інш. Вершы А. Русака перакладаліся на ўкраінскую, рускую і іншыя мовы. Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, «Знак Пашаны», медалямі. Памёр 21 сакавіка 1987 года ў Мінску. Пахаваны на радзіме. “Дарагія таварышы і дружбакі! Паведамляю вам аб тым, што мой юбілейны вечар адбудзецца 29 мая ў 19 гадзін у будынку Мінскага педагагічнага інстытута. Сардэчна запрашаю вас прыняць удзел у гэтым вечары і прашу не спазняцца. З зямляцкім прывітаннем – ваш дружбак АДАМ РУСАК”, – менавіта такое кароценькае пісьмо напярэдадні святкавання  75-годдзя паэта прыйшло ў рэдакцыю “Слава працы”, з якой паэт быў вельмі дружны. Мінулі гады. Няма ў жывых Адама Русака, але будзем лічыць, што такое запрашэнне на 110-гадовы юбілей атрымаў кожны з нас — яго чытачоў. Таму завітаем у родную Малінаўку. Апошні раз гэтае свята разам з паэтам тут адзначалі ў 1974-м… Тады сабраліся славутыя беларускія паэты, кампазітары, суседзі і сябры. Цёплы майскі надвячорак. На двары перад хатай пад вялікай старой грушай, якую так любіў паэт, гарыць касцёр. У вядры дыміцца юшка з нёманскай рыбай. І зараз, паважаныя чытачы, уявім сабе і праз тоўшчу часу нібы пачуем галасы тых, хто добра ведаў паэта. Уявім, што вось і ён сам, Адам Русак, са сціплай усмешкай пад кусцістымі брывамі, расказвае пра дзяцінства: — Бацька і маці былі непісьменнымі. Бацька займаўся сталяркай, маці хадзіла да кулакоў у заработкі. Мяне, як крыху старэйшага, аддалі ў вёску Адрынішча кулаку Вінцэсю Зяньковічу пасвіць свіней. Аднойчы маці прыйшла мяне пераведаць. Убачыла каля лесу на лужку з чарадой, паглядзела на мае босыя акрываўленыя ногі, ды на тыя парваныя лахманы на плячах і заплакала. Тады ж і забрала мяне дамоў. Бацька мой быў не толькі сталяром, але і добрым музыкантам. Ад яго я і навучыўся іграць на скрыпцы. — Менавіта з захаплення музыкай абудзілася ў Адама любоў да паэтычнага слова, — чуецца аповед былога супрацоўніка раёнкі Усевалада Гурыновіча. — Спачатку была дудка, а потым скрыпка. І паліліся напеўныя мелодыі, у якіх чуліся і ўсплеск хваляў Нёмана, і ціхі шэпт лугавых траў... Але ў чым жа сіла такой шырокай вядомасці і пашаны людзей да паэзіі Адама Русака? Перш за ўсё ў народнай напеўнасці вершаў. “Бывайце здаровы” спявалі на палявых станах, калгасных вечарынках, імправізаваных сцэнах, на брані танкаў, у славутых маскоўскіх тэатрах. У гэты ж вечар мясцовыя старажылы ўспамінаюць і пра тое, што Русакоў у сяле называлі цыганамі за вясёлы нораў, за тое, што яны ніколі не падалі духам, больш за ўсё на свеце любілі музыку і танцы, а знешнім выглядам нагадвалі цыган: смуглявыя, чорнавалосыя, гарачыя. Дзед Адама Сымон адслужыў 15 год рэкруцкай службы ў царскай арміі ды вярнуўся дадому. Неяк да яго ў хату заглянула маладая прыгожая цыганка. Яна прапанавала былому салдату паваражыць. Дзеля жарту  бывалы рэкрут працягнуў сваю руку смуглянцы. “Салдацік, тваё шчасце ў тваіх руках”, — сказала і нібы загіпнатызавала Сымона. Хутка маладая прыгожая цыганка развіталася з табарам і стала жонкай селяніна, нарадзіла чатырох сыноў, такіх жа смуглых, прыгожых і вясёлых. Найбольш таленавітым з сыноў быў Герасім. Мабыць, не было такога музычнага інструмента, на якім бы ён не змог сыграць! — Так, — пацвярджае колішні супрацоўнік Лясноўскай сельскай бібліятэкі Уладзімір Коўш. — Калі Герасім ужо са сваімі сынамі Адамам і Кастусём ігралі вяскоўцам на вячорках і вяселлях, людзі так і гаварылі: “Іграюць цыганкі”. Нават прымаўка пайшла: “Няма цыганкоў — няма і вяселля”. — Без мяне сумуюць госці, і ўсё гэта нездарма. Бо ў вяселлі весялосці без мяне нідзе няма, — словамі з вершаў дадае Адам Герасімавіч. У гэты вечар нельга не прыгадаць і ўспаміны заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь В. Жалкоўскага: — Першы раз я ўбачыў Русака недзе ў пачатку 30-х гадоў. Тады я вучыўся ў пачатковай школе вёскі Лугавая, куды і запрасілі на сустрэчу паэта і яго бацьку Герасіма. Малады Русак спяваў песні, бацька іграў на скрыпцы. У вёсцы быў свой струнны аркестр. Ужо з дзіцячых гадоў мне падабаліся яго голас, адкрытасць, добразычлівасць. Мы, дзеці, не маглі і падумаць, што малады хлопец Адам Русак хутка стане вядомым паэтам не толькі ў Беларусі, але і ў Савецкім Саюзе. Прыемныя ўспаміны пра Русака засталіся ў мяне, калі той у 1974 годзе пабываў у Лясноўскай школе і амаль дзве гадзіны выступаў у актавай зале. Паэт расказаў аб гісторыі напісання многіх вершаў, выканаў шмат задушэўных песень. Яго скрыпка гаварыла разам з ім, можна сказаць, зачаравала. А калі выконваў песні аб каханні “Толькі з табою”, “Дзе ты, зорка мая”, “Бывайце здаровы” — яго падтрымала ўся зала. Потым адказваў на пытанні вучняў і настаўнікаў. Ізноў Усевалад Гурыновіч: — А колькі сіл і энергіі было аддадзена стварэнню ў родных мясцінах этнаграфічна-музычнага ансамбля “Неманец”, які набыў добрую славу ў рэспубліцы! Колькі ж даводзілася ездзіць на старэнькім “Масквічу” з Мінска ў Пясочнае, заседжвацца на рэпетыцыях, вучыць пажылых, пакалечаных вайною людзей… — Татава любоў да Радімы — гэта нешта сапраўды велічнае, — успамiнае дачка паэта Людмiла Русак. — Як толькi выпадала магчымасць, бацька заўсёды iмкнуўся з Мiнска на Капыльшчыну, да родных мясцiн. Звычайна даязджаў да Пясочнага на аўтобусе, а пасля любiў пешшу прайсцiся некалькi кiламетраў да Малiнаўкi. Табе, татачка, былі патрэбны лес, спевы птушак, рыбалка. Усё гэта святое. Ты чэрпаў тут сілы і натхненне. І праз час пранізліва гучыць прызнанне паэта: “Мае песачанскія працавітыя людзі. Пясочнае, дзе засталіся мае сляды. Iзноў я тут, сярод палёў/ Малiнаўкi маёй,/ Сярод суседзяў, землякоў,/ Сярод раднi сваёй...” Назаўсёды. Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей