[caption id="attachment_35850" align="aligncenter" width="443"]
Старт дадзены[/caption]
Гасцінная капыльская зямля 26-ы раз прымала спартсменаў, якія завіталі на традыцыйнае свята аматараў бегу “Капыльскае кальцо” памяці Віктара Новіка. На парковачную пляцоўку ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу горада яшчэ задоўга да старту прыбывалі аўтобусы і легкавыя аўтамабілі з удзельнікамі прабегу.
Ужо з самай раніцы ўсталявалася сонечнае надвор’е. Яно па-сапраўднаму радавала гараджан, якія засумавалі па цёплых вясновых днях. Толькі аматары бегу на асноўнай дыстанцыі разумелі: паўмарафон з-за высокай вільготнасці з улікам цяжкай трасы стане для іх сапраўдным вапрабаваннем (дарэчы, вільготнасць ноччу складала 98%, на момант старту — каля 75%).
А палове адзінаццатай удзельнікі спаборніцтваў выстраіліся на ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства. З прывітальнымі словамі да іх звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Віктар Васілеўскі, якія пажадалі моцнага здароўя і ўдалага старту на 26-ым прабегу. З нагоды прафесійнага свята, а таксама за асабісты ўклад у развіццё фізкультуры і спорту ў раёне Віктар Васільевіч уручыў грамату ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама настаўніку фізкультуры СШ №2 г. Капыля Аляксандру Шакуну. Ад аматараў бегу выступіла госця з Мінска Алена Цухно, якая ўзгадала пра Віктара Новіка, арганізатара “Капыльскага кальца”, яго асабісты ўклад у развіццё аматарскага бегу. Дарэчы, пастаянная ўдзельніца нашага свята, яна напярэдадні дня правя- дзення спаборніцтваў справіла 60-гадовы юбілей. Таму ад арганізатараў мерапрыемства Алена Цухно прымала словы віншавання і вялікі букет прыгожых кветак. Сюрпрызам для ўсіх удзельнікаў свята стаў танец, які падарылі “Вяснушкі” — танцавальны калектыў дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна”.
[caption id="attachment_35851" align="aligncenter" width="443"]
Узнагароджанне самых юных спартсменаў[/caption]
Першымі ў стартавым гарадку з’явіліся самыя юныя спартсмены ва ўзросце да 10 гадоў, якім неабходна было пераадолець 1000 метраў. У тройку лідараў тут увайшлі выключна прадстаўнікі гарадскіх навучальных устаноў. А перамаглі на дыстанцыі Мілана Драніч і Арцём Ермаковіч з СШ №2. На такую ж адлегласць адправіліся і 10-11-гадовыя аматары бегу. Акрамя шматлікіх капылян заяўкі на ўдзел у гэтай дысцыпліне паступілі і ад гасцей з іншых рэгіёнаў, якія, дарэчы, паказалі лепшыя вынікі. Самыя хуткія секунды былі ў Марыі Гнедчык з Мінска і Сцяпана Панчыка са Жлобіна.
Трохкіламетровая траса была больш складаная: два вялікія пад’ёмы капыльскіх пагоркаў даліся многім аматарам бегу з вялікай цяжкасцю. А вось Алене Пятрыка з СШ №2 і Руслану Гарнастаю з Лясноўскай СШ гэту адлегласць удалося пераадолець на “выдатна”. Ва ўзроставай групе да 14 гадоў яны сталі лідарамі, пакінуўшы сваіх сапернікаў далёка за сабой. Да пары ім Марына Нікалаеня з Цімкавіцкай і Дзяніс Дубіна з Жыліхаўскай СШ. Яны святкавалі перамогу сярод 14-15-гадовых удзельнікаў. На гэтай жа дыстанцыі ў сваіх узроставых групах першымі на фініш прыйшлі Таццяна Шабанава і Уладзіслаў Арцёмаў з Бабруйска (група 16-17 гадоў), Вольга Сірэнка з Мінска (65 гадоў і старэй) і Вячаслаў Варанцоў з Жодзіна (75 гадоў і старэй).
У 11.30 на старт выйшлі спартсмены на 11 і 21,1 кіламетра. Акрамя шматлікіх капылян тут былі прадстаўнікі розных клубаў аматараў бегу: “Электрасіла” з Санкт-Пецярбурга (Расія), “БелАЗ” з Жодзіна, “Калабок” з Салігорска, “Аматар” з Мінска і Жлобіна, “Рэгіён” з Маладзечна, “Арыенцір” і “Бадзёрасць” з Мінска, “Лідар” з Ліды, “RUN4FUN” з Баранавіч і шэсць “Вікторый” — з Мінска, Гродна, Смалявічаў, Нясвіжа, Крупак, Беразіно. Хтосьці прыехаў да нас проста паспрабаваць свае сілы на складанай дыстанцыі, а хтосьці — выключна па перамогу. У розных узроставых групах лідарамі станавілася шмат гасцей свята, але асобна хацелася б спыніцца на капылянах, якія ўвайшлі ў тройку мацнейшых. На 11-кіламетровай дыстанцыі сярод іх: ва ўзросце да 18 гадоў — Святлана Пятрыка і Антон Смольскі (I месца), Паліна Вабішчэвіч і Дзмітрый Карпіленя (II), Ганна Бохан і Максім Салагуб (III); 18-20 гадоў — Карына Кісель і Аляксандр Астрэйка (II), Анатоль Сярожкін (III).
На паўмарафоне сярод пераможцаў — большасць гасцей капыльскага свята. Але іх пералік можа заняць шмат часу, паколькі тут вельмі многа ўзроставых груп. Таму, мяркую, лепш назваць тых, чый вынік з’явіцца арыенцірам для ўдзельнікаў будучых прабегаў. У жанчын абсалютна лепшы час (1.32.09) паказала мінулагодняя пераможца спаборніцтваў Аляксандра Перасава з Мінска. У мужчын першым на фінішы быў дэбютант “Капыльскага кальца” Аляксандр Кошур з Баранавіч (1.12.43). Немагчыма не назваць пастаяннага ўдзельніка паўмарафону капыляніна Сяргея Місючэнку, які дастойна пераадолеў дыстанцыю (1.22.24), заняўшы II месца сярод спартсменаў ва ўзроставай групе 40 — 44 гады.
У рамках лёгкаатлетычнага прабегу праводзіўся і адкрыты чэмпіянат Мінскай вобласці па паўмарафоне, дзе таксама вызначаны мацнейшыя спартсмены. Пасля ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў у адрас арганізатараў, раённага кіраўніцтва прагучалі словы ўдзячнасці за гасціннасць, выдатнае спартыўнае свята. А галоўны суддзя спаборніцтваў, старшыня раённага спартыўнага клуба “Ураджай” Мікалай Жук, запрасіў аматараў бегу на наступны, 27-мы капыльскі паўмарафон.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии