Першынство Мінскай вобласці па футболе сярод СДЮШАР, ДЮСШ і футбольных клубаў 2000-2001, 2002- 2003 г. н. стартавала ў пачатку мая.
Першыя гульні прадстаўнікоў аддзялення футбола Капыльскай СДЮШАР адбыліся на сваім полі, дзе ім супрацьстаялі юныя спартсмены са Стоўбцаў. Так, гульня малодшай групы, 2002-2003 г. н., закончылася на карысць гасцей з лікам 5:1. У гэтай гульні крыху не хапіла зладжанасці ў дзеяннях як нашых нападаючых, так і ў абаронцаў. Тым не менш, неабходна адзначыць, што ў капыльскіх футбалістаў ёсць неблагі патэнцыял, паколькі па сярэднім узросце каманда амаль на два гады была маладзейшая за сапернікаў.
Зусім іншая карціна назіралася ў другім матчы, дзе спаборнічалі юнакі 2000 -2001 гадоў нараджэння. Спачатку гульня не ладзілася і ў капылян, і ў стаўбчан. Але пасля гола, праведзенага ў вароты гаспадароў на 25-й хвіліне першага тайма, нашы юнакі ў другой палове сустрэчы нібы ажылі: на працягу ўсяго матча даволі востра пастаянна атакавалі вароты сапернікаў. У выніку пасля фінальнага свістка суддзі на табло значыліся лічбы 4:1 на карысць капыльскіх юнакоў. Тры галы запісаў на свой лік Мікіта Сергіеня і адзін — Антон Баркоўскі.
Наступныя сустрэчы футбалісты правядуць 22 мая таксама на сваім полі. Іх сапернікамі стануць юнакі Любанскай ДЮСШ.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии