[caption id="attachment_35799" align="aligncenter" width="570"]

Актыў музея Слабадакучынскай СШ з ветэранам В. Гапонавым[/caption]
Гісторыка-краязнаўчы музей “Бацькаўшчына” (кіраўнік І. І. Тагіль) ДУА “Каменскі ВПК д/с-СШ” заняў першае месца ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшы школьны музей гісторыка-краязнаўчага профілю. Конкурс праходзіў у рамках святкавання 70-й гадавіны вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў адпаведнасці з рэспубліканскай акцыяй навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.
Галоўнымі мэтамі, якія стаялі перад арганізатарамі конкурсу, было ўдасканаленне грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі сродкамі музейнай дзейнасці, а таксама адраджэнне і захаванне гістарычнай і культурнай спадчыны рэгіёна.
Раённае журы, у склад якога ўвайшлі супрацоўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, раённага края-знаўчага музея і раённага Савета ветэранаў, з цікавасцю наведвала музеі, створаныя школьнікамі і настаўнікамі. Юныя краязнаўцы старанна рыхтаваліся да наведвання камісіі. Напрыклад, у музеі імя І. С. Трацэўскага (Слабадакучынская СШ, кіраўнік музея Б. М. Дзенісюк) члены клуба “Патрыёты Радзімы” прапанавалі гасцям тэматычную экскурсію “Імя ў гісторыі” ў выглядзе краязнаўчай гасцёўні, прысвечаную 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
– У ДУА “Слабадакучынская СШ” створаны ўсе ўмовы для выхавання сапраўдных грамадзян і патрыётаў! Працягвайце і далей вывучаць і захоў-ваць гісторыка-культурную спадчыну нашай Радзімы, – так адзначыла работу калектыва школьнага музея старшыня раённага Савета ветэранаў Казіміра Мікалаеўна Ганчар.
Аднак найбольшую цікавасць выклікалі экспазіцыі “Этнаграфічны матэрыял нашай мясцовасці”, “Ян Скрыган – наш славуты зямляк”, прысвечаная вядомаму пісьменніку, і “Вайна вачыма землякоў”. Усе яны створаны ў яшчэ зусім “маладым” музеі “Бацькаўшчына” ДУА “Каменскі ВПК д/с-СШ”.
– Гэта вельмі добра, што ў школе адкрыўся такі музей, – пракаменціраваў вынікі конкурсу дырэктар ДУА “Капыльскі раённы цэнтр дзіцячага турызму і краязнаўства” Сяргей Мялешка. – Вучнямі школы праведзена вялікая пошукавая работа, наладжана сувязь са сваякамі Яна Скрыгана. Члены журы не маглі не адзначыць праведзеную работу так высока.
На другой прыступцы п’едэстала гонару – музей баявой і працоўнай славы СШ №3 г. Капыля (кіраўнік Т. В. Кульбіцкая). У наступным годзе музею споўніцца 30 гадоў. За ўвесь час тут сабрана шмат цікавых экспанатаў, у якіх і захоўваецца наша гісторыя. А зараз наведвальнікаў зацікавяць адноўленыя экспазіцыі, прысвечаныя 70-годдзю вызвалення нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Трэцяе месца заняў краязнаўчы музей Песачанскай СШ (кіраўнік А. У. Майсюк), які вядзе адлік свайго існавання з 1997 года. Адметна, што за апошні час у музеі з’явіліся новыя вітрыны, таксама адноўлены экспазіцыі, дзе сабраны матэрыялы аб Вялікай Айчыннай вайне, знакамітых земляках, прылады сялянскай гаспадаркі. Але асаблівай увагі, як заўважыў Сяргей Уладзіміравіч, усё ж такі заслугоўваюць юныя экскурсаводы, якія на высокім узроўні расказвалі аб гісторыі роднага краю. Дарэчы, школьнікі з лёгкасцю правядуць экскурсіі і на нямецкай мове. А вось навучэнцы Камсамольскага ВПК д/с-СШ могуць правесці цікавыя гістарычныя падарожжы на англійскай мове. Гэта асабліва актуальна зараз, у Год гасціннасці.
У намінацыі “Культурна-асветніцкая дзейнасць школьнага музея ў рамках работы юных экскурсаводаў” прызнаны лепшым музей Быстрыцкай СШ (кіраўнік Т. В. Новік).
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии