Што можа быць больш важным для захавання гісторыі роднага краю? Зразумела, музейная справа.
Аб тым, што запланавана да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і святкавання юбілею Капыля, мы пацікавіліся ў дырэктара раённага краязнаўчага музея Валянціны Шураковай якраз напярэдадні Міжнароднага дня музеяў.
— Самае галоўнае ў нашай справе — гэта стварэнне новых цікавых экспазіцый, — гаворыць Валянціна Леанідаўна. – Увесь калектыў нашай установы зараз працуе над тым, каб у зале музея з’явіўся… сапраўдны партызанскі лагер. Вось, глядзіце, — паказвае суразмоўца, — гэта зямлянка, а тут падрыхтаваны мох і хваёвыя шышкі, якімі, як у са-праўдным лесе, будзе ўсыпана падлога.
І праўда: вось яна, зямлянка з бярвенняў. На невялікай лавачцы — вінтоўка, на стале — франтавы жалезны кубачак.
— Разынка нашай экспазіцыі ў тым, — працягвае Валянціна Леанідаўна, — што яна стане інтэрактыўнай: тут можна будзе праводзіць музейныя і вучэбныя заняткі для школьнікаў. На жаль, сучасныя дзеці мала ведаюць пра тое, як вы-глядаў партызанскі лагер, у якіх умовах жылі абаронцы Радзімы. Аднак і тады, у суровы ваенны час, у лесе існавалі школы, дзе вывучалі матэматыку і родную мову дзеці партызанаў. У нас захоўваюцца падручнікі, надрукаваныя ў 1944 годзе!
А медыцына? Вы ведаеце, што партызаны пры прастудных захворваннях і банькі самі ставілі? Толькі выглядала гэта не зусім звычайна: замест банькі выкарыстоўвалі і шклянкі, і простыя невялікія слоікі. Таму частку экспазіцыі зоймуць тыя няхітрыя медыцынскія прылады, якімі карысталіся салдаты. А калі ў лясных мсціўцаў знаходзілася свабодная хвілінка, яны і станцаваць маглі, і пад гармонік песні праспяваць. Вось ён, гэты самы гармонік, на пянёчку ляжыць, — паказвае Валянціна Леанідаўна на экспанат.
Уверсе размешчаны ваенны выпуск газеты “Калгаснік Капыльшчыны” ад 13 жніўня 1943 года. На пажаўцелых старонках — прызыў: “нічога не даваць нямецкім акупантам”, апошнія звесткі з фронту.
— Так, у гады вайны ў партызанаў працавала нават свая невялічкая друкарня, — працягвае Валянціна Шуракова. — Падчас для таго, каб надрукаваць лістоўкі, трэба была толькі пішучая машынка. І ўжо потым лістоўкі разносілі па вёсках. Тут жа прадстаўлены фотаздымкі партызанаў Капыльшчыны і загінуўшых вызваліцеляў нашага горада. Асаблівую ўвагу мы вырашылі ўдзяліць менавіта тым, хто аддаў сваё жыццё за наш Капыль. Гэта і стане завяршэннем экспазіцыі.
Акрамя створанага партызанскага лагера мы плануем зрабіць мультымедыйную прэзентацыю, якая крыху дапоўніць ваенную тэму. Дадам, што карціну-фон партызанскага атрада намалявала наша супрацоўніца — Вольга Сінькевіч.
— Дзяцей трэба вяртаць у мінулае, — разважае суразмоўца. — Яны павінны памятаць і ведаць, што перажылі іх прадзеды. Павінны хоць крыху ўяўляць тыя жахі, якія адбываліся ў ваенныя гады на нашай зямлі. Толькі так можна пазбегнуць з’яўлення фашызму ў сучасным свеце. Таму адной з формаў узаемадзеяння з падрастаючым пакаленнем стане віктарына, якую мы плануем арганізаваць разам з газетай “Слава працы”. А вось да 740-годдзя Капыля правядзём выставу дзіцячых малюнкаў. Дарэчы, пленэр, які прысвечаны 80-годдзю заслужанага работніка культуры БССР Генадзя Галубовіча, праходзіць на вуліцах горада ўжо на працягу цэлага тыдня. Прыемна, што хлопчыкі і дзяўчынкі аднесліся да ўдзелу ў пленэры вельмі адказна і ўжо зараз прыходзяць да нас, каб амаль з натуры намаляваць зямлянку.
Не так даўно мы праводзілі выставу нашага мастака Уладзіміра Швайбовіча. На жаль, у гэтыя майскія дні пайшоў з жыцця Скрыган Мікалай Міхайлавіч, які таксама любіў і маляваў родны Капыль. У свой час Мікалай Міхайлавіч бескарысліва перадаў у фонд музея некаторыя свае карціны. За гэта мы вельмі ўдзячны мастаку.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
В. Шуракова падчас экскурсіі
Комментарии