Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

29

Запрашае «Капыльскае кальцо»

17.05.2014
18 мая на фізкультурна-аздараўленчым комплексе стартуе лёгкаатлетычны прабег “Капыльскае кальцо” памяці Віктара Новіка. Чым цікава гэта мерапрыемства, што чакае спартсменаў, балельшчыкаў на спартыўным свяце? Пра гэта наша гутарка з намеснікам начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Віктарам ВАСІЛЕЎСКІМ: — Віктар Васільевіч, раскажыце падрабязней для нашых чытачоў пра гісторыю ўзнікнення і правядзення гэтых спаборніцтваў. — Многія ведаюць, што “Капыльскае кальцо” — адзін са старэйшых прабегаў. Спачатку асноўная траса праходзіла практычна па кальцавой дарозе вакол Капыля, адкуль свята здароўя і атрымала сваю назву. Тады на старт выйшлі 108 бегуноў. З цягам часу паўмарафон заваяваў любоў многіх спартсменаў-аматараў. У наш горад прыязджалі нават бегуны з Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы і, бясспрэчна, усіх рэгіёнаў Беларусі. Асабліва масавымі сталі старты з 1998 года, калі ў праграму ўвайшоў марафон па-капыльску, дзе спаборніцтвы праходзілі два дні. Спачатку бегуны пераадольвалі 21 кіламетр па шашы, а потым 10 км — па стадыёне, 11 — крос. У 2005 годзе гэта дысцыпліна была спрошчана. — Ці зменіцца сёлета траса? — Прабег, які па традыцыі прысвечаны таксама Дню работнікаў фізічнай культуры і спорту, збярэ пад свае сцягі аматараў бегу з розных куткоў краіны. Яны ўжо добра ведаюць трасу, таму дыстанцыі застануцца, як і раней, — 1, 3, 11 і 21,1 кіламетра (паўмарафон) адпаведна з узроставымі катэгорыямі. — Як Вы лічыце, чым прыцягальна для аматараў бегу “Капыльскае кальцо”? — Да нас прыязджаюць удзельнікі беларускіх клубаў аматараў бегу “Аматар”, “Няміга”, “Калабок” (г. Салігорск), “Атлант”, “Вікторыя”, ”Мэта-42” (г. Мінск), “Бадзёрасць” (г. Жодзіна), “Рэгіён” (г. Маладзечна) і многія іншыя. Такіх прабегаў, дзе б маглі сустрэцца і пагутарыць аматары здаровага ладу жыцця, у вобласці не існуе. Магчыма, на папулярнасць уздзейнічае таксама тое, што тут маецца шмат узроставых катэгорый. У кожнай з іх першая тройка атрымлівае ад арганізатараў мерапрыемства (Капыльскага райвыканкама, упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінаблвыканкама) граматы і медалі з сімволікай прабегу. — Колькі бегуноў-аматараў чакаеце на свяце? — Мяркуем, што ўдзел на розных дыстанцыях прыме каля 300 чалавек. Калі іх прыедзе больш, будзем толькі рады. Таму запрашаем усіх, асабліва жыхароў нашага раёна, у нядзелю на “Капыльскае кальцо”. — Дзякуй за размову. Гутарыў Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей