На мінулым тыдні адбылося выязное пасяджэнне Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Галоўным пытаннем, вынесеным на разгляд, стала навядзенне парадку на зямлі на тэрыторыі Мінскай вобласці. Падчас пасяджэння былі наведаны Слуцкі і Капыльскі раёны.
Тэрыторыя Капыльшчыны была ахоплена двума маршрутамі, якія ўзначалілі старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі. Старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Жданеня працаваў на першым маршруце пад кіраўніцтвам губернатара. Анатоль Іосіфавіч каменціруе вынікі аб’езду:
— Мы наведалі тэрыторыі ЗАТ “Жыліхава”, ААТ “Ціміразеўскі”, “Піянер-Агра”, “Старыца-Агра” і г. Капыля. Пачну з заўваг, выказаных у наш адрас. У першую чаргу старшынёй аблвыканкама адзначана, што на некаторых пасевах няма тэхналагічнай каляіны, на палетках з кукурузай і цукровымі буракамі з’яўляецца пустазелле.
Было ўказана і на непрывабны выгляд агароджаў на некаторых жывёлагадоўчых аб’ектах (напрыклад, у ААТ “Ціміразеўскі”), на стан дарог на тэрыторыі раёна. Сапраўды, на дарогах хапае ям і выбоін, не ўсюды яны абкошаны, у некаторых месцах прыйшлі ў нягоднасць з-за старых насаджэнняў (у прыватнасці, з-за таполяў), якія трэба спілоўваць. Акрамя таго, палі севазвароту неабходна даводзіць да самых дарог.
Была звернута ўвага на тое, што выпас кароў вядзецца нефрантальным спосабам (напрыклад, у ААТ “Скабін”, па тэрыторыі якога таксама праяз- джалі), ёсць заўвагі і наконт пашы. Адсюль і праблемы з надоямі.
Акрамя таго, было ўказана, і гэта відаць няўзброеным вокам, на стан агароджаў у населеных пунктах. Калі каля некаторых устаноў яны знаходзяцца ў добрым стане, то на прыватных сядзібах не ўсюды дагледжаны. А гэта клопат кожнага жыхара нашага раёна — зрабіць усё, каб мы жылі ў прыгажосці і акуратнасці. За гэта адказваюць не толькі старшыня райвыканкама, сельвыканкама, кіраўнік сельгаспрадпрыемства, але і ўсе тыя, хто жыве ў нашым раёне.
Усе выказаныя заўвагі будуць даведзены да “вертыкалі” раёна. Мы таксама будзем праводзіць падобныя выязныя мерапрыемствы з усімі зацікаўленымі службамі. Работа па добраўпарадкаванні будзе працягвацца. Нам неабходна выконваць задачу, пастаўленую Прэзідэнтам нашай Рэспублікі Беларусь, каб сапраўды жыць у нармальнай, цывілізаванай краіне.
— Анатоль Іосіфавіч, вядома ж, адзначаны і станоўчыя моманты?
— Спынюся толькі на асноўных з іх. Адзначана, што ў цэлым культура земляробства ў нашым раёне ёсць, вя- дзецца мэтанакіраваная работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, заўважана, што горад таксама мяняецца. Падкрэслю, што гэтыя работы будуць асабліва актывізаваны напярэдадні 740-годдзя Капыля.
Увогуле члены аблвыканкама выказалі добрыя ўражанні ад наведвання Капыльшчыны.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии