[caption id="attachment_35651" align="aligncenter" width="400"]

Аляксандр Нікановіч[/caption]
Кожны год з вялікім жаданнем чакаю гэта свята. Калі маладое пакаленне з кветкамі выходзіць на вуліцу, а чыстае блакітнае неба сведчыць аб міры і пакоі ў нашай краіне. Хочацца ўспомніць тых, хто набліжаў нашу Перамогу. Размова пойдзе пра простага салдата Вялікай Айчыннай - Коршука Пятра Аляксандравіча, які ў 22 гады страціў зрок.
Нарадзіўся будучы герой у 1922 годзе ў простай і мнагадзетнай сялянскай сям’і (тры сыны) на хутары Гарадок. У 1938 годзе хату перанеслі ў в. Слабада-Кучынка, дзе Пётр скончыў чатыры класы і пайшоў працаваць у мясцовы калгас “Зара свабоды”. Марыў малады хлопец вывучыцца на трактарыста, але ўсе планы парушыла вайна.
З 28 чэрвеня 1943 года Пётр Коршук становіцца байцом (разведчыкам) партызанскага атрада імя К. К. Ракасоўскага брыгады №95 імя М. В. Фрунзе. Удзельнічае ў шматлікіх баявых аперацыях супраць акупантаў: засадах, ліквідацыях паліцэйскіх гарнізонаў, рэйкавай вайне. За гэта быў узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны” ІІ ступені. З вызваленнем Капыльшчыны ўжо вопытны салдат уліваецца ў рады 407-га стралковага палка 108-й стралковай дывізіі 1-га Беларускага фронту. Прызначаецца ў разведку першым нумарам станкавага кулямёта “Максім”. Далей удзельнічае ў вызваленні Брэстчыны і Беласточчыны.
[caption id="attachment_35652" align="alignright" width="213"]

Пётр Коршук з сям’ёй[/caption]
Моцныя баі з фашыстамі разгарнуліся на тэрыторыі Польшчы. 28 жніўня 1944 года полк пачаў фарсіраванне р. Нараў. Воіны Чырвонай Арміі пад моцным агнём праціўніка перапраўляліся на плытах, лодках. Кулямётчык Коршук прыкрываў дэсант, які высадзіўся на варожы бераг. Сапёры зрабілі праходы ў мінных і драцяных загародах. Туды і рынулася наша пяхота. Адразу захапілі першы акоп. А затым, у рукапашнай, і другі. Выйшлі на адкрытую прастору для пашырэння плацдарма. Фашысты адкрылі шквальны артылерыйска-мінамётны агонь як па пераправе, так і па дэсантніках. Цяжка прыйшлося ім: занялі кругавую абарону, з’явілася вялікая колькасць загінуўшых і параненых. Камандаванне прыняло рашэнне адвесці асабісты састаў палка на зыходныя пазіцыі.
— Прыкрывай адход, колькі зможаш! — даў каманду камандзір роты Коршуку.
Застаўшыяся ў жывых воіны выносілі параненых і зброю. У невялічкай варонцы залёг кулямётчык Коршук. Усё бліжэй і бліжэй клаліся міны і снарады. Некалькі разоў мяняў кулямётную стужку, не падпускаючы фашыстаў. Першая міна разарвалася перад кулямётам. Некалькі асколкаў прыняло левае плячо. Страшэнны боль. Адразу пацямнела ў вачах. Хлынула кроў. Гэта затым урачы ў шпіталі адзначаць памеры ран: адзін рубец даўжынёй 18 на 3 сантыметры, другі 20 на 2 сантыметры. Але воін моцна трымаўся правай рукой за ручку свайго “Максіма”, пасылаючы смяротныя чэргі па наступаючых ворагах. Другая міна ўпала злева ад кулямётчыка. Асколкі трапілі ў левую палавіну твару, аставіўшы падоўжны рубец ад сярэдзіны ілба да левага вугла рота даўжынёй у 20 сантыметраў. Пётр праваліўся ў небыццё. Выбух настолькі быў моцны, што яго адкінула на некалькі метраў з разбітым “Максімам”. Ён да канца выканаў свой воінскі абавязак. Там, на другім беразе ракі Нараў, камандаванне палка прадставіла кулямётчыка Коршука пасмяротна да ордэна (атрымае толькі ў 1946 годзе).
Прайшло трое сутак. Чырвоная Армія падцягнула артылерыю і танкі. Пасля артылерыйскай падрыхтоўкі пачалася пераправа. Пакінутыя пазіцыі былі адваёваны. Нашы збіралі загінуўшых. Ішла падрыхтоўка да пахавання: апазнаванне, збіраліся і правяраліся дакументы. Пётр Коршук ляжаў з абязвечаным тварам каля выкапанай брацкай магілы. І вось адбылося цуда. Другі нумар кулямёта (напарнік Пятра) Саша Нікановіч, родам з Уздзеншчыны, ледзь пазнаўшы сябра, закрычаў:
— Дык ён жа жывы!
— Як жывы?! Ён жа тры дні праляжаў без вады і ежы ў моцную спёку, — адказаў другі салдат.
Так малады чалавек змагаўся за жыццё. Ніхто не верыў, што выжыве. Казалі, што мёртвага нясуць на плашч-палатцы.
Медсанбат. Першая аперацыя на галаве. Затым на левым плячы. Калі хірург выняў частку асколкаў, стала лягчэй. Перавезлі ў шпіталь. Левая рука перабіта. Ставілася пытанне аб ампутацыі. Пятра рыхтавалі да новай аперацыі. Побач ляжаў сусед без дзвюх рук. Той сказаў:
— Не будзеш бачыць — гэта нічога. Але зможаш рукамі рабіць рухі, зможаш сябе абслужыць: апрануцца, абуцца, трымаць лыжку.
— Што ж мне рабіць? Як пераканаць урачоў, каб не аднімалі руку? — перажываў Пётр.
— А ты скінь што-небудзь з тумбачкі, каб урачы заўважылі, — параіў той.
Прыклаўшы ўсе намаганні, пераадольваючы адскія мукі ад ран, вядомыя толькі яму, паранены на кансіліуме ўрачоў скінуў на падлогу левай рукою кубак. Так салдат змог адстаяць сваю руку. У галаве рана надгнівала, завяліся чарвякі.
— Значыць выжывеш, — абнадзеіў хірург.
А родныя ў той час хваляваліся без вестак, думалі, што няма яго ў жывых. Таму, крыху акрыяўшы, папрасіў ён суседа па палаце напісаць ліст на радзіму:
— Я жывы!
13 кастрычніка 1944 года стаў зваротным пунктам у жыцці Пятра Коршука: афтальмолаг змог выдаліць з лобнай пазухі асколак. Стала лягчэй. Зніклі страшэнныя болі, якія прыносілі яму неапісальныя мукі. Салдат пайшоў на папраўку. Перад самым Новым 1945 годам яго пера-правілі ў шпіталь №3684, што знаходзіўся ў г. Баку. Гэта быў для яго чацвёрты шпіталь за чатыры месяцы. Шпіталь размяшчаўся ў доме культуры імя У. І. Леніна. Там дасталі апошнія два асколкі з галавы і пляча. Цёплы клімат, фрукты, лячэнне падтрымалі сілы воіна. Але Пятру моцная спёка і шум прыносілі дыскамфорт. Начальнік шпіталя, маёр медыцынскай службы Аліеў, з павагай адносіўся да беларуса:
— З цягам часу ўсё пройдзе.
У маі 1945 года ў суправаджэнні медыцынскай сястры Пятра ад-правілі на радзіму.
Маці, Вольга Фамінічна, атрымала тэлеграму, што неабходна забраць сына на чыгуначнай станцыі г. Слуцка. У калгасе ў разгары ішла пасяўная. Але брыгадзір запрог самага лепшага коніка. Паехала жанчына па сына. Толькі яна адна ведае, што перажыло матчына сэрца (старэйшы сын Фёдар загінуў у пачатку вайны), убачыўшы на пероне чыгуначнай станцыі сыночка з дэфармацыяй левай палавіны твару, без левага вока, які абапіраўся з дапамогай медсястры на мыліцы. Сын не адрозніваў ні дня, ні ночы.
Вось і родная Слабодка. Каля сельсавета натоўп людзей. Праходзіў мітынг. Усе радаваліся, абдымаліся. Гэта было 9 мая 1945 года. Так пачынаўся новы этап у жыцці Пятра Коршука. Спачатку цяжка было хадзіць без мыліц. Рух у плечавым і локцевым суставах вызываў пякучы боль. Але Пётр, упарта перамагаючы яго, рухаўся па хаце. Спачатку ад ложка да стала. Затым ад стала да печы. Пачаў самастойна выходзіць на вуліцу. Праз некаторы час — даставаў ваду з калодзежа, прыносіў дровы ў хату. Праз некалькі гадоў прызвычаіўся класці сена карове. Сам вадзіў каня на пашу і забіраў, мог запрэгчы яго, але не мог ездзіць на ім. Знай-шлася і цудоўная дзяўчына Ганна Астрэйка, якая пайшла замуж за Пятра. Яна не звяртала ўвагу на недахопы. У 1947 годзе нарадзіўся сын Уладзімір, але памёр бацька. Доўгі час мучылі салдата думкі і кашмары. Прачынаўся часта ноччу, “гарэў” у сне. Яму здавалася, што ідзе ён у атаку. З нараджэннем дачкі Соні ў 1951 годзе былы воін “адышоў” ад вайны. У 1958 годзе нарадзіўся сын Анатолій. Як яму хацелася хоць на хвіліначку ўбачыць любых дзетак.
— Я б і сёння памёр, каб на адну хвілінку адным вокам убачыць сваіх дзетак, — казаў Пётр Аляксандравіч родным.
Дзеці сталі для яго галоўнай радасцю і апорай. Жылі дружна. Соня дапамагала бацьку ў грамадскіх справах. Пятра Аляксандравіча прызначылі старшынёй Капыльскага тэрытарыяльнага таварыства інвалідаў па зроку (1960 –1970 гг.). Дачка суправаждала бацьку ў камандзіроўках (Капыль, Мінск). Са школы адпускалі, паколькі дырэктар Трацэўскі І. С., былы франтавік, разумеў становішча і заўсёды даваў дазвол. Выязджалі па заявах інвалідаў, праводзілі абследаванне ўмоў жыцця, сустракаліся з кіраўнікамі калгасаў, сельскіх Саветаў і вырашалі розныя пытанні: каму соткі бліжэй да хаты намераць, сена на карову атрымаць ці дах паправіць. Чулы быў да людзей чалавек. Усіх суседзяў ведаў і называў па бацьку. Не хацеў, каб яны крыўдзіліся.
Трое дзяцей, Пётр з жонкай, маці — крыху цесна стала ў хаце. Пенсія ўсяго 35 рублёў. Райвыканкам вылучыў Коршукам 10 кубаметраў лесу на будаўніцтва. Распачалі. Але гэтага было мала. Што рабіць? Трэба было яшчэ 300 рублёў, каб правесці неабходны рамонт. Бацька з дачкой паехалі ў рэспубліканскі цэнтр інвалідаў па зроку. Там толькі 100 рублёў прапанавалі, а больш даваць не хацелі. А 14-гадовая дачка і кажа:
— Не бядуй, бацька. Зараз пойдзем на вакзал, пасядзім на адным месцы. Людзі дадуць грошы. Як не збяром, у хляве жыць будзем.
Як пачуў гэта сталічны чыноўнік, дык адразу і вылучыў неабходную суму.
У 1965 годзе адбылася цікавая сустрэча двух баявых сяброў: Пятра Коршука і Аляксандра Нікановіча. Дачушка Соня доўга слухала аповед аднапалчан і плакала:
— Каб ты, татачка, загінуў, мяне б не было на свеце.
А гэтай падзеі папярэднічаў выпадак. Слабадскія музыканты ігралі вяселле ў в. Жабчава Уздзенскага раёна. Да кіраўніка аркестра Сяргея Рымашэўскага звярнуўся адзін мужчына (начавалі ў яго хаце):
— Дзе пахаваны Пётр Коршук? Мы разам ваявалі.
— Жывы. Ажаніўся. Трое дзяцей. Прыязджай у госці.
За свае партызанскія і франтавыя подзвігі П. А. Коршук быў узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, медалямі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, “Партызану Айчыннай вайны” ІІ ступені, “За доблесную працу”, юбілейнымі ўзнагародамі. Пайшоў з жыцця наш зямляк у 1996 годзе, пражыўшы 52 гады без зроку, пакінуўшы добрую памяць аб сабе ў аднавяскоўцаў. Выхаваў былы салдат трох цудоўных дзяцей: добразычлівых, працавітых і адкрытых.
Жыццё працягваецца ва ўнуках, а іх шасцёра, праўнуках — восем. Унучка Наталля Грыцкевіч заўсёды прыходзіць прыбіраць магілу дзядулі. І адначасова наводзіць парадак на брацкай магіле савецкіх воінаў, якая побач. Праўнучка Аляксандра (выдатніца ў школе) ускладвае жывыя кветкі. Гэта святая памяць. Як і дзве даты 9 мая і 3 ліпеня лічацца ў Коршукаў, а цяпер яшчэ ў Грыцкевічаў і Бандарэнкаў сямейнымі святамі.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
кіраўнік рэгіянальнага цэнтра вуснагістарычных даследаванняў, член ГА “Беларускі саюз афіцэраў”
Комментарии