Працяг. Пачатак у №№26, 28, 30, 33)
1-ы гвардзейскі танкавы корпус генерала Панова гнаў ворага з Пухавіч да Мінска і каля Уладзіміраўкі разбіў ворага. Тут мужнасцю і адвагай вызначыўся наш зямляк афіцэр Міхаіл Сцяпанавіч Мароз.
Гвардзейскі разведчык Гаўрыіл Клімавіч Пыжык з Труханавіч вызваляў сталіцу нашай радзімы ў складзе 226-га мінамётнага палка. “З пачатку наступлення на Мінск, — успамінаў наш зямляк, — разгарнуліся жорсткія баі каля будынка ваеннай нямецкай школы. І яе курсанты жорстка супра- ціўляліся, але нашы мінамётчыкі іх разбілі. Так, ва ўпартых баях мы вызвалілі Мінск”. Затым цяжкія баі працягваліся з групоўкай гітлераўцаў, якія спрабавалі вырвацца з мінскага катла, асабліва каля Смалявіч. У адным з баёў Пыжык быў цяжка паранены і ўпаў у акоп, дзе яго потым і знайшлі. Але перад гэтым родным напісалі, што ён загінуў.
Больш імкліва ішло наступленне чырвонаармейцаў у напрамку Старых Дарог і далей. Ужо 30 чэрвеня 1944 года ў начным маршы конна-механізаваная група генерала Пліева авалодала Слуцкам, а раніцай, 1 ліпеня, салдаты ўвайшлі ў Капыль. Як расказаў капылянін Фелікс Мароз: “Капыляне з радасцю сустракалі нашых вызваліцеляў, іх абдымалі і ўручалі кветкі, многія ад радасці плакалі. Усіх здзівілі двухгорбыя вярблюды, якія цягнулі вазы з боепрыпасамі. Трэба было іх напаіць і даць папіць вады кавалерыстам, таму я пабег дадому, узяў вядро і кубак і пачаў з калодзежа выцягваць ваду і паіць усіх воінаў і іх транспартную жывёлу. Усё-такі мне было 8 гадоў, і я быў задаволены, што чым-небудзь дапамагаю вызваліцелям”.
Праз наш райцэнтр прайшоў 37-мы танкавы полк 2-й танкавай арміі генерала Багданава, і нашаму зямляку-капыляніну Пятру Пятровічу Малевічу, які ваяваў у гэтым злучэнні, пашанцавала заглянуць да бацькоў, якія жылі на вуліцы Пралетарскай. Тут, каля бацькоўскай хаты, дзе ён нарадзіўся і рос, на вачах роднай маці і суседзяў, перад строем аднапалчан капітан прышпіліў яму ордэн Чырвонай Зоркі. Часць, дзе служыў Малевіч, накіроўвалася ў бок Нясвіжа і Баранавіч, вызваліла Пацейкі, Жавулкі, Траянава. У гэтым напрамку рухаліся кавалерысты-пліеўцы. “Мы, сапёры, ішлі першымі і размініравалі масты, дарогі, будынкі, — успамінаў Малевіч, — а затым ужо нашы артылерысты і танкісты смела ішлі ўперад і ламалі абарону ворага. Здаралася не раз брацца за аўтамат, як гэта было пад Баранавічамі. Рота сапёраў размініравала поле і мост і трапіла ў акружэнне, але нам удалося прарвацца. Затым на дапамогу прыйшлі танкісты, і ўжо фрыцы папалі ў акружэнне, паднялі рукі і за- крычалі: “Гітлер капут!”. Наш зямляк пасля вызвалення Баранавіч вызваляў Брэст і дайшоў да Берліна.
Скабінцу Адаму Савельевічу Бохану, як і Малевічу, пашчасціла вызваляць Бацькаўшчыну. Ён стойка і смела ваяваў на Уздзеншчыне і адзначыўся ў баі за Пясочнае. Вораг азвярэла супраціўляўся, калі яго выбівалі з розных населеных пунктаў Беларусі. У Пясочным іх баявыя шляхі перасякліся з вядомым беларускім паэтам Паўлюком Пранузам. У час перадышкі да байцоў-вызваліцеляў падыйшлі пажылыя мужчыны-песачанцы і расказалі пра зверствы фашыстаў, якія замучылі і расстралялі шмат жыхароў мястэчка. Расказалі яны пра сваіх суседзяў, якія змагаліся з акупантамі, і Прануза, і Бохан пачулі прозвішча Астрэйка. “А ці не сваяк ён паэту Анатолю Астрэйка?” — спытаўся Прануза. “Гэта ж бацька Анатоля”, — адказалі вяскоўцы. Салдаты пабывалі ў бацькоў і даведаліся, што паэт пяром і аўтаматам знішчаў фашыстаў, і палкім словам узнімаў народ на барацьбу супраць захопнікаў. Ужо пасля перамогі бацька расказаў сыну-паэту пра салдатаў, якія вызвалялі Пясочнае, і сустрэчу з імі, а таксама што сярод вызваліцеляў нават былі землякі. У Скабіне адбылася незабыўная сустрэча з роднымі і аднавяскоўцамі. Хлебароб прайшоў з баямі ад Масквы да Берліна, але на ўсё жыццё ў сэрцы захаваў радасць ад вызвалення роднай Капыльшчыны.
У вызваленчым паходзе конна-механізаванай групы Пліева ўдзельнічаў Іосіф Міхайлавіч Лук’янчык з Лоцвін. Ён вызваляў Грозава, Капыль і родную вёску. І хоць баі за Капыль не былі такія жорсткія, як за Старыя Дарогі ці Слуцк, шмат нашых салдатаў загінула ад бомбавых удараў гітлераўскіх лётчыкаў. Капыль да гэтага быў зруйнаваны, а гітлераўскія авіятары дабавілі яшчэ больш руін. Ад падаючых бомбаў на Нясвіжскай (зараз Савецкая) вуліцы загінула трое салдат-аднапалчан Лук’янчыка. Іх паблізу ад дома №66 пахавалі Шпакоўская, Ліннік, Курыльчык. Прозвішчы гэтых чырвонаармейцаў невядомы. А вось прозвішчы загінуўшых па вуліцы Максіма Горкага перапісаў Мечыслаў Александровіч, брат пісьменніка Сцяпана. Салдаты былі спачатку пахаваны на двары капыльскай СШ №1, а затым іх, як і загінуўшых на Савецкай вуліцы, перапахавалі ў брацкую магілу. Дзякуючы Александровічам сталі вядомы прозвішчы некаторых пахаваных: капітан Іван Пукін, лейтэнант Рыгор Гульчынскі, старшына Спірын, малодшы сяржант Абушка, чырвонаармеец Дзясяткаў.
Восем зенітак замацаваліся паблізу ад былога ваенкамата. Як успамінаў зенітчык Уладзімір Афанасьевіч Усціменка: “Не паспелі замацавацца, як наляцелі “Фокке-Вульфы” і пачалі бамбіць. Пасыпаліся зверху бомбы, застракаталі кулямёты, і ў момант усё стала нагадваць ад. Адна бомба трапіла ў грузавік з бочкамі, і яны загарэліся. Але мы далі ворагу адпор. Адзін, другі загарэліся самалёты і ўпалі на ўскрайку Капыля. Загінула нашых 10 чалавек і 8 было паранена. Цімкаўлянін-ваенурач Ісак Шусцер накладваў павязкі і ратаваў параненых зенітчыкаў. Чым маглі дапамагалі капыляне: прынеслі матрацы, на якія нас і палажылі”.
Па Капыльшчыне ў розных кірунках з баямі ішлі палкі. Ужо названы 4-ы корпус Пліева вызваляў райцэнтр, а 30-я кавалерыйская дывізія Галаўскога зламала супраціўленне ворага каля вёскі Яўсеевічы і пасля абеду авалодала Бабоўняй, 9-я кавалерыйская дывізія выгнала ворага з Думічаў. 151-ы танкавы полк пераправіўся з дэсантам праз Выню і пайшоў на Стоўбцы. Іх прыкрывалі нашы зенітчыкі, бо больш за 200 нямецкіх самалётаў бамбілі Бабоўню, Капыль, Грозава і пераправы праз рэчку Выню каля вёскі Ржаўка. Зенітчыкі ў паядынку з ворагам, ратуючы вынянскую пераправу, падбілі тры бомбавозы. І, дзякуючы паветраным снайперам, кавалерысты не страцілі амаль нікога. Танкісты і кавалерысты выйшлі з Капыльшчыны і з ходу выбілі гітлераўцаў са Стоўбцаў і перарэзалі чыгуначную магістраль Мінск-Баранавічы. Конная група брыгады імя Чапаева, дзе камбрыгам быў Мікалай Анісімавіч Шастапалаў, з боем узяла масты, размініравала іх і тым самым дапамагла нашым вайскам хутка пера- правіцца і ўзяць Стоўбцы. Брыгада дапамагала 193-й стралковай дывізіі генерала Фраленкова вызваліць Нясвіж.
Іван ІГНАТЧЫК,
член ГА “Беларускі саюз журналістаў”
(Працяг будзе)
Комментарии