[caption id="attachment_35646" align="aligncenter" width="580"]

Пацейкаўская СШ. Выступае А. В. Цюленіна, 1964 г.[/caption]
9 мая – дзень святочны і выхадны. Але так было не заўсёды.
Упершыню 9 мая быў аб’яўлены нерабочым днём Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР № 26 ад 8 мая 1945 года:
“У азнаменаванне пераможнага завяршэння Вялікай Айчыннай вайны савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў і здабытых гістарычных перамог Чырвонай Арміі, якія ўвянчаліся поўным разгромам гітлераўскай Германіі, якая заявіла аб безагаворачнай капітуляцыі, устанавіць, што 9 мая з’яўляецца днём усенароднай урачыстасці — святам Перамогі. 9 мая лічыць непрацоўным днём”.
Аднак згодна з Указам ад 23 снежня 1947 года 9 мая лічыўся ўжо працоўным днём. І толькі 26 красавіка 1965 года гэты артыкул быў прызнаны страціўшым сілу Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за подпісамі яго старшыні А. Мікаяна і сакратара М. Геаргадзэ.
Але гэта не азначае, што да ўказанага часу на Капыльшчыне не святкавалі дзень Вялікай Перамогі. Як паведамляе “Слава працы” за 11 мая 1963 года:
“8 мая ў раённым Доме культуры сабраліся рабочыя, калгаснікі мясцовай сельгасарцелі “Ленінец”, служачыя, навучэнцы школ. Даклад для прысутных аб 18-й гадавіне з дня перамогі савецкага народа над фашысцкай Германіяй зрабіў ваенком тав. Перакосаў П. С. 9 мая вучні сярэдніх школ усклалі вянкі на брацкай магіле воінаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Капылі”.
У 1964 годзе напярэдадні 9 мая, як сведчыць “Слава працы”, у вёсцы Русакі сабраліся калгаснікі на ўрачысты мітынг, прысвечаны закладцы парку памяці загінуўшых.
“На трыбуну падымаюцца перадавікі калгаснай вытворчасці, ударнікі камуністычнай працы, моладзь. Сакратар парткома Л. Ф. Клюйка гаварыў аб ахвярах вайны, аб павышэнні пільнасці, умацаванні сваёй краіны. Пасля заканчэння мітынгу пад гукі музыкі калгаснікі высадзілі ў парку дрэвы. На іх прымацавалі таблічкі, на якіх зроблены надпіс, хто якое дрэва будзе даглядаць. Больш 140 маладых таполяў з’явіліся ў парку памяці загінуўшых”.
У гэтым жа нумары быў надрукаваны артыкул Б. Багдановіча “Пяром і аўтаматам”, у якім ідзе гаворка аб нашым земляку, беларускім журналісце, Аляксандру Паўлавічу Малевічу.
Для вучняў Пацейкаўскай СШ 1964 год запомніўся цікавай падзеяй: 4 мая адбылася сустрэча з маці Героя Савецкага Саюза, члена ўкраінскай антыфашысцкай камсамольскай падпольнай арганізацыі маладых юнакоў і дзяўчат “Маладая гвардыя” Сяргея Цюленіна – Аляксандрай Васільеўнай. Вось што расказала жанчына:
“Я выхавала дзесяць дзяцей. Сярожа быў самым малодшым і любімцам усёй сям’і. Вучыўся толькі на добра і выдатна. Ён заўсёды быў бадзёрым, дапытлівым і смякалістым. Вайна застала Сярожу ва ўзросце 16 год… Па даносу здрадніка Сярожа быў арыштаваны. У хуткім часе ў цюрме апынулася і я, дзе прабыла да прыходу Чырвонай Арміі. Аднойчы мяне прывялі ў пакой, дзе дапытвалі сына. Жахліва было глядзець на здзекі, якія ўчынялі фашысты над Сярожам. Яго білі, заганялі пад пазногці іголкі, заціскалі рукі між дзвярэй. Я страціла прытомнасць і апамяталася толькі ў камеры, дзе мне дапамаглі Любоў Шаўцова і яе сяброўкі. Сярожа мужна перанёс усе пыткі, але не выдаў таварышаў”.
Расказваючы аб гэтым, Аляксандра Васільеўна выцірала слёзы. Па дазволе маці піянерская дружына Пацейкаўскай СШ стала насіць імя Героя Савецкага Саюза Сяргея Цюленіна.
Ужо ў “Слава працы” ад 29 красавіка 1965 года, як і ва ўсіх савецкіх газетах, быў надрукаваны Указ аб аб’яўленні 9 мая нерабочым днём, і ў гэты ж дзень адбыліся злёт былых франтавікоў і партызан на месцы Лаўскага бою і мітынг каля брацкай магілы ў Капылі.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота з архіва Пацейкаўскай СШ
Пацейкаўская СШ. Выступае А. В. Цюленіна, 1964 г.
Комментарии