Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

59

Гэта трэба жывым

09.05.2014
[caption id="attachment_35642" align="aligncenter" width="366"]Падолін К. В., 2009 г. Падолін К. В., 2009 г.[/caption] Пасля заняткаў у школе я часта заходжу да бабулі з дзядулем. Абаім ужо болей за 80 гадоў. У іх заўсёды ціха, спакойна, не тое, што ў школе: заняткі, сачыненні, кантрольныя, конкурсы бясконцыя. А пагуляць таксама хочацца. Але сёння я прыйшла, каб пагаварыць з дзедам пра вайну, каб ён яшчэ раз расказаў пра свайго старэйшага брата, які загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны. Чаму я ўспомніла пра гэта? Нядаўна пахавалі Падоліна Канстанціна Васільевіча, апошняга ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, які жыў у нашай вёсцы. Мы з настаўніцай занеслі вянок на яго магілу. Шмат аднавяскоўцаў прыйшло, каб правесці героя ў апошні шлях. Канстанцін Васільевіч сапраўды быў героем, таму што сярод вялікай колькасці ўзнагарод у яго былі і два ордэны Славы ІI і ІIІ ступеняў. Ён часта прыходзіў у школу, расказваў нам пра свае франтавыя дарогі, пра баі, у якіх удзельнічаў, пра ўзяцце Берліна. Цяпер я думаю, можа трэба было больш задаваць ветэрану пытанняў, каб паўней даведацца пра гераізм нашых дзядоў і прадзедаў, пра іх цяжкі ваенны лёс. Усё. Пайшоў з жыцця апошні ветэран, якога я ведала. І больш нічога ён нам не раскажа. …Дзедаў брат, таксама Канстанцін, сустрэў вайну 18-гадовым юнаком. Як толькі ў Пясочным з’явіліся партызаны, дзедаў брат далучыўся да іх. Смела і мужна змагаўся ён з акупантамі. [caption id="attachment_35643" align="alignleft" width="246"]Умрэйка К. Л., 40-я гады Умрэйка К. Л., 40-я гады[/caption] Аднойчы Канстанцін Умрэйка і Міхаіл Аляксеенка вярталіся з задання і нарваліся на засаду. Сілы былі няроўныя. Канстанцін быў паранены ў абедзве нагі. Калі паліцаі пачалі акружаць партызанаў, Кастусь адправіў сябра ў лес, а сам адстрэльваўся, пакуль не закончыліся патроны. Апошні патрон ён пакінуў для сябе. Хавалі Канстанціна Умрэйку ў родным Пясочным на партызанскіх могілках у закрытай труне. У дзедавага брата няма ваенных узнагарод, не дзеля іх ён змагаўся з фашыстамі, але я таксама лічу яго героем. Дзед расказваў, што старэйшы брат быў вельмі здольны да вучобы, быў добрым сталяром, граў на розных музычных інструментах, прыгожа спяваў. І вось гэты малады, рознабакова развіты і здольны хлопец не пашкадаваў свайго жыцця дзеля таго, каб мы маглі жыць і радавацца, здзейсніць усе яго запаветныя мары. А колькі іх, маладых і сталых, нашых дзядоў і прадзедаў, загінула на франтах і ў партызанскіх атрадах, здабываючы Перамогу! Колькі іх вярнулася дамоў раненымі і пакалечанымі! Сёння ідуць з жыцця апошнія з тых, хто выжыў у страшнай вайне. Мы ўшаноўваем іх памяць, носім кветкі на іх магілы. Але яны гэтага не бачаць, ім ужо ўсё роўна. Гэтыя кветкі патрэбны нам, жывым. Каб памяталі. Каб не дапусцілі паўтарэння той жудаснай вайны. Я ўжо вучуся ў 10-м класе. Не ўсё, але многае пачынаю разумець у жыцці. Як робіцца страшна, калі чытаю ў газетах або гляджу па тэлевізары пра па- дзеі, якія адбываюцца на Украіне. Няўжо ў людзей такая кароткая памяць? Няўжо хочуць убачыць на свае вочы жахі вайны? Можа, не ўсе равеснікі згодны з маімі поглядамі, можа лічаць мяне несучаснай (хаця сама я пра сябе так не думаю), але я лепш буду наведваць  заняткі, пісаць сачыненні і кантрольныя, удзельнічаць у шматлікіх конкурсах, модна апранацца і хадзіць на дыскатэку. Буду заўсёды памятаць пра дзедавага брата Канстанціна, насіць кветкі да помніка загінуўшым у вайну аднавяскоўцам. У вольны час буду чытаць кнігу свайго дзядзькі Аляксандра Яраслававіча Умрэйкі “Записки о Родине”. Бо гэта трэба нам, жывым! Кацярына ЛАГВІНОВІЧ, вучаніца 10 класа Песачанскай СШ

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей