[caption id="attachment_35638" align="alignleft" width="310"]

Г. І. Ліннік, 60-я гады[/caption]
9 мая 1924 года ў сям’і простага краўца Івана Лінніка з вёскі Калінаўка, што ля Русакоў, на свет з’явілася дзяўчынка. Назвалі Ганнай. Ішлі гады, жыццё хутка перагортвала лісты календара. І вось зараз, праз 90 год, выціраючы скупыя слёзы, Ганна Іванаўна Ліннік уздыхае: “Ці ж магла я раней падумаць, што гэты дзень будзе такім вялікім святам для людзей!” Але лёс самой жанчыны святочным зусім не назавеш…
Праз ваенныя ліхалецці
З вайной жыццё Ганны Іванаўны звязана не толькі светлай датай 9 мая. Яна, скончыўшы 1 курс тэхнікума ў Сімферопалі, куды ў 1939 годзе пераехала сям’я, павінна была прыйсці за вынікамі сесіі ў нядзелю.
— А ў нядзелю было 22 чэрвеня 1941 года, — успамінае Ганна Іванаўна. — Старшакурснікаў адразу ж забіралі ў армію. Разам з астатнімі студэнтамі мы пайшлі капаць акопы ля Перакопу. Немцы ўвайшлі ў Крым на Кастрычніцкія святы. Мы з дзяўчатамі вярнуліся ў Сімферопаль, дзе здымалі пакой у аднаго дырэктара-яўрэя. Але хата тая стаяла зачыненая, нават і вокны былі забіты. А ў пакоі засталіся ўсе нашы рэчы разам з дакументамі. Таму дадому я вярнулася ў тым, у чым і была. З нашай моладзі сямёра чалавек паехалі ў Германію: вельмі добра працавала агітацыя. Сусед, які сам адправіў дзвюх дачок, прапаноўваў і мне, але бацька сказаў, што яго дзеці павінны заставацца з ім. Пры немцах мы працавалі ў садзе, недалёка ад горада Белагорска.
Вызвалілі Крым вясной 1944 года. Калі прыйшлі савецкія салдаты, забралі ў армію ўсіх мужчын, якія яшчэ заставаліся. У тым ліку і брыгадзіра з нашых садоў. Сярод моладзі больш-менш адукаваная была толькі я, таму старшыня саўгаса выклікаў мяне і прапанаваў стаць брыгадзірам. Я адмаўлялася, бо не ведала, што і як трэба было рабіць. Але ён усё ж угаварыў мяне. Калі наша камсамольская брыгада выйшла пераможцай па выніках сацыялістычнага спаборніцтва, мы разам са старшынёй саўгаса ездзілі ў Сімферопаль на ўшаноўванне пераможцаў.
[caption id="attachment_35636" align="alignright" width="366"]

Ва ўнівермагу. Г. Ліннік (злева) адмервае тканіну. Пачатак 60-х гадоў[/caption]
Жыццё ў першыя пасляваенныя гады цяжкае было. У мачыхі нарадзі- ліся блізняты — хлопчык і дзяўчынка. Нас стала пяцёра. Мукі не было. Хлеба на нашу сям’ю выходзіла мала, таму што працавалі толькі я і бацька. Утрыманцам належала па 200 грамаў хлеба па картках, а працоўным — па 700 (у дзень). На нашу сям’ю выходзіла ўсяго па 2 кг 400 г хлеба. І я пакуль прынясу свой хлеб, то палову ўжо і з’ем — гэтакі ён быў смачны! Мы хадзілі на млын і абменьвалі яблыкі на муку ці кукурузу, з якой рабілі мамалыгу. Потым напісаў з Беларусі татаў брат і папрасіў вярнуцца на радзіму. Ён жыў у бацькоўскай хаце, якая была пабудавана з дзвюх частак, дык вось другая палова стаяла свабодная. На той час бацьку ўжо споўнілася 60 гадоў, ён рабіў на пчальніку вартаўніком. Адзіны мужчына на ўсю брыгаду. І тата вырашыў паехаць у Беларусь. А сястра Ліда засталася.
Вяртанне ў дзяцінства
— Ні дзяцінства, ні юнацтва ў мяне не было… — у думках азіраючыся на мінулае, распавядае Ганна Іванаўна. — Маці памерла, калі мне споўнілася 6, а сястры Лідачцы 9 гадкоў. Бацька ажаніўся на другой, і ў нас з’явілася мачыха. Але сапраўдныя пакуты пачаліся пасля таго, як у 1937 годзе ад маланкі загарэлася хата. Страха была зроблена з саломы, таму ўспыхнула вельмі хутка. Пажарныя, хаця яны і былі ў той час, ездзілі не на машынах, а на конях. Пакуль прыехалі з Русакоў, то ўжо і не трэба. Жыць не было дзе. Мы з сястрой і свіней пасвілі, і кароў калгасных. Тата быў краўцом, ездзіў па вёсках, а потым пайшоў рабіць у калгас. І ў 39-м па прыкладзе суседа паехаў шукаць лепшую долю ў Крым. На Радзіму мы прыехалі ў 1948 годзе.
Пачатак новага жыцця
[caption id="attachment_35637" align="alignleft" width="204"]

М. А. Рымашэўскі падчас вызвалення Аўстрыі, 1945 г.[/caption]
— Пасля вяртання ў Беларусь бацька з мачыхай засталіся жыць у Русаках. А я пайшла ў Капыль (гарадок быў такі зруйнаваны!). На работу ўзялі афіцыянткай у сталоўку, якая знаходзілася ў будынку сучаснага магазіна “Забота”. Загадчыкам тады быў Матвееў Андрэй Палікарпавіч. Потым мяне паставілі прадаўцом на выяздны гандаль квасам. Хутка я перайшла ў буфет, дзе працавала і Захарык Марыя Пятроўна, з якой мы пасябравалі.
У буфеце прадавалі ежу, прыгатаваную ў сталоўцы, спіртныя напоі, са Слуцка прывозілі бочкавае піва. Былі і розныя цукеркі, але шакаладныя, з-за таго, што дорага каштавалі, асаблівай папулярнасцю не карысталіся. З гэтага буфета мы з Надзяй — яна рабіла бухгалтарам у сталовай — калі-нікалі бегалі на танцы, якія праходзілі ў клубе (зараз тут ЗАГС). Папросім вартаў- ніка паназіраць, а самі — на танцы. Калі ён прыходзіў і гаварыў, што ў буфет завітаў пакупнік, мы вярталіся. Танцы праходзілі пад гармонік, на якім іграў Сабалеўскі, што працаваў у райнарыхт- канторы. Узначальваў райспажыўсаюз у пасляваенны час Палікарпаў. Тавара- знаўцаў тады не было, таму мы з Марыяй па чарзе ездзілі за таварамі ў Слуцк ці Цімкавічы. Калі вярталіся з Цімкавіч, тады я, Захарык Марыя, Велікжаніна Ніна, Сіліна Валянціна — прадаўцы з універмага — грузілі тавар на сані, браліся за вяроўкі і самі цягнулі.
Потым мяне перавялі на склад пры сталовай. Праз нейкі час нас з Марыяй вызваў Палікарпаў і кажа: “Дзяўчаты, прымайце ўнівермаг (ён знаходзіўся недалёка ад былой рэдакцыі на месцы сучаснага райвыканкама)”. Справа ў тым, што я паняцця не мела ні як адмерваць тканіну, ні як яе правільна лічыць. Не адразу, але мы згадзіліся. Далі нам моцных рэвізораў: Велікжаніна і Рымашэўскага, майго будучага мужа. Ва ўнівермазе было тры аддзелы: “Тканіна і гатовае адзенне”, “Галантарэя” і “Абутак”. Потым аддзелы тканіны і гатовага адзення раздзялілі. А пасля таго, як пабудавалі сучасны ўнівермаг, нас перавялі туды.
Акрамя працы ў сістэме гандлю 15 год я была засядацелем у судзе. Маю і Ганаровыя граматы. А ў 1978 годзе мне прысвоілі званне “Ударнік камуністычнай працы”.
Аднойчы і назаўжды
— З мужам Рымашэўскім Мікалаем Антонавічам мы пазнаёміліся ў 1948 годзе. Да вайны Мікалай з мамай, братам і сястрой (бацька памёр раней) жылі ў Старыцы. Мікалай спрабаваў паступіць у ваеннае вучылішча – не ўзялі з-за стану здароўя. Пасля Старыцкага бою, падчас якога згарэла ўся вёска, сям’я перабралася ў Дунаева. У кастрычніку 1942 і да ліпеня 1944 года ён быў у партызанах і з’яўляўся камандзірам узвода атрада імя Шчорса брыгады імя Чапаева. Франтавымі дарогамі ў складзе 32-й Гвардзейскай гаў- бічнай артылерыйскай Кубанскай Чырвоназнамённай ордэна Суворава брыгады БМ 19-й артылерыйскай Венскай ордэна Кутузава дывізіі прарыва РГК дайшоў да Аўстрыі. У складзе названай ваеннай часці ён ваяваў у Аўстрыі, Румыніі і Венгрыі. Мікалай Антонавіч — удзельнік знакамітага партызанскага параду, які адбыўся 16 ліпеня 1944 года ў Мінску. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “Партизану Отечественной войны”, “За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941-1945 гг.” і іншымі.
[caption id="attachment_35639" align="alignright" width="225"]

М. А. Рымашэўскі і Г. І. Ліннік з унукам, 1998 г.[/caption]
Ажаніліся мы ў 49-м. Вяселля ніякага не рабілі, проста распісаліся і разам з сябрамі сціпла адсвяткавалі гэту падзею. Нават падарункаў ніякіх не было. У 1950 годзе з’явіўся першынец Анатоль, праз тры гады Уладзімір. Дзяцей цяжка было гадаваць: дэкрэтны водпуск давалі толькі за месяц да нара- джэння дзіцяці і столькі ж пасля. Таму прыходзілася звяртацца і да суседзяў, і да сваякоў, і да знаёмых. Першы пасляваенны дзіцячы садзік з’явіўся недзе ў сярэдзіне 50-х гадоў. Ён знаходзіўся на месцы 90-кватэрнага дома па вуліцы Я. Купалы. Туды я і аддала Толю. А хату, у якой жывём і зараз, пабудавалі ў 1958 годзе, да гэтага ж часу блукалі па кватэрах.
Памёр Мікалай Антонавіч у 1999 годзе: сардэчная недастатковасць. Разам мы пражылі 49 гадоў. Выхавалі двух сыноў — Анатоля і Уладзіміра. Анатоль Мікалаевіч зараз працуе начальнікам дыягнастычнай станцыі філіяла «Аўтамабільны парк №21», а Уладзімір жыве ў Пясочным, дзе ён застаўся пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага інстытута фізічнай культуры працаваць настаўнікам. Радуюць унукі і праўнукі.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота з сямейнага архіва Г. І. Ліннік
Комментарии