Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

33

Светлае вызваленне (CMigrator copy 3)

05.05.2014
(Працяг. Пачатак  у №№26, 28, 30) Дапамагла прыблізіць вызваленне Алена Іосіфаўна Мамчыц з вёскі Лугавая, якая па заданні камандзіра партызанскага атрада “За Радзіму” пранікла на службу ў гестапа. Дзякуючы яе звесткам партызаны Магілёўшчыны паспяхова грамілі акупантаў, а найбольш каштоўныя нямецкія сакрэты траплялі ў Маскву. А калі вызвалілі Касцюковічы, Мамчыц закінулі  у тыл адступаючага ворага каля Оршы. Яна трапіла ў “Абвергрупу”. Запомніла мянушкі, прозвішчы і прыкметы шпіёнаў, і калі гэту групу перакідалі пад Мінск, у час невялікага перапынку яна змагла перадаць  спіс здраднікаў у надзейныя рукі. Сакрэтнае паведамленне дапамагло нашым афіцэрам выкрыць варожую агентуру. Яна і з Мінска перадала каштоўныя звесткі, якія дапамаглі раскрыць слабыя месцы ворага. Пасля вызвалення Віцебска паспяхова былі выгнаны акупанты з Полацка. Што цікава, наш зямляк з Быстрыцы афіцэр Уладзімір Адамавіч Бань на пачатку вайны абараняў гэты гістарычны цэнтр Беларусі і ў складзе 4-й ударнай арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Малышава вызваляў горад. Як гітлераўцы адчайна не супраціўляліся, савецкія часці за 12 дзён прайшлі з баямі 180 кіламетраў і вызвалілі поўнасцю Полацкую і Віцебскую вобласці. У вызваленні гэтых рэгіёнаў удзельнічалі капыляне: камандзір аддзялення Аляксандр Захаравіч Лагаеў, камандзір аддзялення 116-га артпалка Андрэй Рыгоравіч Панчанка, камандзір узвода Барыс Андрэевіч Пенчанскі, лейтэнант медыцынскай службы Марыя Савельеўна Казючыц.  Не злічыць, колькі яна на сваіх плячах з поля бою вынесла параненых салдат. Іван Паўлавіч Бендзь з Пясочнага пасля прарыву блакады Ленінграда ў складзе 27-га авіяпалка вызваляў Беларусь у Віцебскім напрамку. Яго 2-гі гвардзейскі чырвона-сцяжны полк атрымаў назву Аршанскага. Ля Заходняй Дзвіны ў напрамку Полацка гітлераўцы сканцэнтравалі шмат танкаў і жывой сілы. Яны стараліся ўтрымаць свой рубеж і адрэзаць пехацінцаў ад дывізіі, але ім не ўдалося. На іх шляху стаялі такія байцы, як наш зямляк Васіль Кірылавіч Дашукевіч. Ён быў паранены, але не лёг у шпіталь, а са сваёй гарматай уступіў у дуэль з варожай самаходкай “Фердзінанд”. Спачатку раскалашмаціў гусеніцу самаходкі, а потым другім выстралам падпаліў яе. Пасля перадышкі яму прапанавалі звярнуцца ў шпіталь, але ён адмовіўся: “Хачу дапамагчы хутчэй вызваліць родную Беларусь”. У другім баі зноў атрымаў раненне, падпоўз да нямецкага танка і, ледзь стрымліваючы боль, кінуў  звязку гранат пад яго гусеніцы.  І той успыхнуў агнём. За баявыя заслугі Дашукевіч атрымаў ордэн Славы ІІІ ступені і ордэн Чырвонага Сцяга. Войскі 3-га Беларускага фронту ачысцілі тэрыторыю ад гітлераўцаў да ракі Беразіны і перарэзалі адступаючаму ворагу дарогі да Мінска. Як успаміналася раней, паспяхова прарываў абарону 2-гі Беларускі фронт на магілёўскім напрамку.  28 чэрвеня быў узяты Магілёў. Цікава, што цімкаўлянін, лейтэнант Павел Паўлавіч Панцялейка ў першыя дні вайны абараняў гэты абласны цэнтр і разам з капылянінам Туроўскім выганяў гітлераўцаў з горада. Злучэнні 1-га Беларускага фронту развівалі наступленне на Бабруйск. На галоўным напрамку стаў першы танкавы корпус генерала Панова, дзе немалаважную ролю сыграў капылянін Міхаіл Сцяпанавіч Мароз. Ён вёў карэкціроўку баявых дзеянняў паміж артпалкамі і танкавымі падраздзяленнямі. Яны прарваліся на 20 кіламетраў. На стыку 65-й і 28-й армій стала конна-механізаваная група генерал-лейтэнанта Пліева. Разгарнуліся жорсткія баі пад Парычамі. Ваенны інжынер капітан Яўсей Маісеевіч Салавейчык з Пясочнага служыў у корпусе Пліева ў аўтамабільнай брыгадзе. Пад яго камандай было амаль 150 машын, і на іх ён дастаўляў кавалерыстам і артылерыстам боепрыпасы і харчаванне. Менавіта да Парычаў і ехала калона машын Салавейчыка. Раптам на скрыжаванні дзвюх дарог спынілася група немцаў, яны выходзілі з акружэння і натыкнуліся на нашу калону. Песачанец успамінаў: “Я падумаў, трапілі ў пастку, тым больш што з аднымі вадзіцелямі нельга было перамагчы ў дзесяць разоў большую групу гітлераўцаў. Мы прыпыніліся, і немцы таксама. З легкавушкі выйшаў нямецкі афіцэр, падняў руку і выкрыкнуў: “Гітлер капут, вайне канец!” І ён прапанаваў не ўступаць у бой. Я даў згоду. Так мы разышліся. А ўступі ў бой, нашы часці не атрымаюць боепрыпасаў”. У складаных умовах вадзіцелі Салавейчыка  дастаўлялі ваенныя грузы воінскім часцям пад Бабруйск, Мінск, Баранавічы. Трапна бамбілі ворага на рацэ Беразіне нашы лётчыкі-землякі Вікенцій Іванавіч Радкевіч, брат  Героя Савецкага Саюза Аляксандра Радкевіча, і Міхаіл Пятровіч Белавусаў. Цяжка давялося пры штурме Бабруйска, ускраіны якога былі замініраваны, на перакрыжаваннях  вуліц былі ўкапаны танкі, утвораны барыкады. Ва ўпартых баях вызначыліся нашы землякі, афіцэры-артылерысты  Міхаіл Сцяпанавіч Мароз і Павел Паўлавіч Панцялейка. Іх 995-ы артылерыйскі полк гарматнымі залпамі змятаў абарону праціўніка, а таксама радавы Васіль Лявонавіч Дзялендзік. 29 чэрвеня нашы войскі завалодалі Бабруйскам. Частка гітлераўцаў на чале з камендантам Бабруйска Гаманам (які вельмі па- здзекаваўся і перастраляў шмат беларусаў) вырвалася з акружэння. Яны разбегліся групамі ўздоўж Беразіны. Адны з іх кінуліся на чыгуначны мост,  каб перайсці на другі бераг каля пасёлка Елізава Асіповіцкага раёна. На іх шляху сталі зенітчыкі 1359-га зенітна-артылерыйскага палка маёра Мікалая Васільевіча Рамашкі. І калі вораг заўважыў на ўзвышшы каля аркі маста нашых зенітчыкаў, то пайшоў у атаку, але артылерысты і кулямётчыкі далі прыцэльны агонь па фрыцах — і горы  трупаў ляжалі на чыгуначнай каляі. Давялося  і  297-му стралковаму палку, у якім ваяваў у акопах Сталінграда і на Курскай дузе Сцяпан Пятровіч  Борыс з Навасёлак, стрымліваць атакі, як і Рамашку на Беразіне. Своечасова ім прыйшлі на дапамогу падраздзяленні 1-га гвардзейскага танкавага корпуса. Разам яны ўтаймавалі атакуючых і ўзялі ў палон каля 5 тысяч варожых салдат і афіцэраў. Борыс потым вельмі радаваўся, што вызваляў Бацькаўшчыну і штурмаваў Берлін. Незабыўнай была сустрэча аднапалчан на Эльбе з амерыканцамі. Яшчэ калі дабівалі фашыстаў у Бабруйску, частка сіл 1-га Беларускага фронту наступала на Асіповічы і Слуцк. Конна-механізаваная група генерал-лейтэнанта  Пліева на сваім шляху граміла гарнізоны акупантаў і вызваляла ад фашысцкай навалы наш  Капыль і частку раёна. Пасля разгрому бабруйскага катла імкліва ішло наступленне на Мінск і Баранавічы. Праз сувязных гаркама партыі падпольшчыкі атрымалі вестку, што Чырвоная Армія ўжо блізка і вызваліць горад.  Адным  з кіраўнікоў падпольнага гаркама быў наш зямляк, арганізатар і камандзір атрада імя Будзённага Міхаіл Мікалаевіч Ізюмскі. У 1943 годзе па заданні партыі яго забралі ў Мінск для арганізацыі падпольнай работы. Ізюмскі з падпольшчыкамі вёў агляд будынкаў, абсталявання прадпрыемстваў і іншых аб’ектаў і знішчаў варожыя каманды мінёраў і падпольшчыкаў. Патрыёты сачылі за злачынствамі фашыстаў. Яны ліквідоўвалі праводку, якая цягнулася да ўзрыўной толавай начынкі, былі выпадкі, што знішчалі закладчыкаў мін і толу. Шмат капылян дзейнічала ў групах патрыётаў, якія жылі і працавалі ў Мінску і ў час акупацыі  сталі мсціўцамі.  Шкада,  што ў свой час мы пра іх не ведалі, і нават пра Ізюмскага, аднаго з кіраўнікоў мінскіх падпольшчыкаў. Іван ІГНАТЧЫК, член ГА  “Беларускі саюз журналістаў” (Працяг будзе)

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей