[caption id="attachment_35522" align="alignleft" width="300"]
В. В. Балога з унукам Максімам, чэрвень 1988 г.[/caption]
Жыццёвы шлях даўжынёй у 80 гадоў прайшла ветэран працы, капылянка Вольга Васільеўна Балога, якая днямі адзначыла свой юбілей
Так сталася, што некаторая яго частка звязана і з рэдакцыяй газеты “Слава працы”. Дванаццаць гадоў аддала Вольга Васільеўна працы ў выданні, адсюль жа і пайшла на заслужаны адпачынак. Да гэтага, пасля заканчэння курсаў машынапісу, давялося папрацаваць у фінансавым аддзеле, упраўленні райсельгасхарчу райвыканкама. У многім лёсавызначальным для Вольгі Васільеўны стала знаёмства з былымі супрацоўнікамі рэдакцыі – загадчыкам аграпрамысловага аддзела Сяргеем Шахновічам, які даволі часта па справах наведваўся ва ўпраўленне, ды і сусед Рыгор Швец адыграў немалую ролю. Менавіта яны расказалі, што ў рэдакцыі з’явілася месца машыністкі.
Вольга Васільеўна спачатку крыху вагалася, бо, каб пайсці на гэту пасаду, трэба было добра ведаць беларускую мову. Але пры падтрымцы ўсяго калектыву ёй удалося паспяхова асвоіць гэты, здавалася б, непад’ёмны пласт. Калегі ўспамінаюць жанчыну як вельмі пісьменнага, адказнага спецыяліста. У любую вольную хвіліну яна не губляла часу дарма, а чытала тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Помніцца Вользе Васільеўне і тое, як даводзілася прымаць паведамленні БелТА. У пэўны час садзілася каля радыёпрыёмніка і пад дыктоўку з Мінска друкавала на машынцы тэксты. Здаралася і такое, што некаторыя інфармацыі (напрыклад, пра з’езд ці Пленум ЦК КПСС) паступалі ў 23 гадзіны. Друкавалі газету, бывала, і ноччу. Журналісты і друкары вярта- ліся дамоў “з пеўнямі”.
Толькі цёплымі словамі ўспамінае той час наша гераіня. Побач быў творчы, надзейны калектыў, які ўзначальваў Віктар Семянкевіч. Надзейнымі памочнікамі ва ўсіх пытаннях былі Усевалад Гурыновіч, Рыгор Швец, Іван Пракарына, Казімір Кухарчык, Тамара Корзун, Юрый Шыманскі, Іван Ігнатчык, Таццяна Раіцкая, Марыя Шэіна, Мікалай Лосік, Сяргей Квіткевіч, Сяргей Шахновіч, Алена Грышкевіч і іншыя супрацоўнікі. Ніколі не пакідалі адзін аднаго ні ў горы, ні ў радасці. Ды і цяпер, заўважае Вольга Васільеўна, рэдакцыя ніколі не забывае пра ветэранаў: віншуюць са святамі, аказваюць матэрыяльную дапамогу.
[caption id="attachment_35523" align="alignright" width="300"]
Падчас святкавання 55-годдзя В. В. Балога, 3 мая 1989 г.[/caption]
Што датычыцца сям’і Вольгі Васільеўны, то разам з мужам Анатолем Аляксандравічам пражылі 58 гадоў (на жаль, яго ўжо няма на гэтым свеце), выхавалі трох дачок. Цяпер бабулю наведваюць шасцёра ўнукаў і васьмёра праўнукаў. Дарэчы, ёсць кім ганарыцца Вользе Васільеўне – усе дочкі і ўнукі атрымалі вышэйшую адукацыю. А вось адзін з унукаў, Максім, які частку свайго дзяцінства праводзіў на працы ў бабулі і бачыў, як ствараецца газета, прысвяціў сябе паліграфічнай справе і ўзначальвае прыватную друкарню.
Сёння ўсе родныя збяруцца ў гасцінным доме шаноўнай юбіляркі, каб адзначыць яе 80-годдзе. Мы таксама далучаемся да ўсіх цёплых віншаванняў і шчырых пажаданняў у Ваш адрас, паважаная Вольга Васільеўна.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота з архіва “СП”
Комментарии