Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

44

Залаты юбілей «Бабоўні»

28.04.2014
Сёлета раённае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Бабоўня” адзначыла 50-годдзе з дня свайго заснавання. Як усё пачыналася... На тэрыторыі цяперашняга РСУП “Бабоўня” ў 30-я гады мінулага стагоддзя ў выніку калектывізацыі былі ўтвораны калгасы “Пуцілавец” — вёска Бабоўня, “Чырвоны пагранічнік” — Рымашы, “18-ы партз’езд” — Язвіны, імя Дзяржынскага — Руднікі, імя Крупскай — Засцеб’е, “Ільіч” — Лоцвіны, “На варце” — Выня. У гэты ж час была арганізавана Забалацкая МТС. У 1952 годзе дробныя калгасы аб’ядналіся ў два — “Ільіч” і “На варце”. У 1960 годзе на базе калгасаў Бабаўнянскага, Песачанскага, Сл.-Кучынскага сельсаветаў утварыўся саўгас “Лясное”. У красавіку 1964 года ў выніку разбуйнення гэтай гаспадаркі з’явіўся саўгас “Бабоўня” з двума аддзяленнямі: “Ільіч” і “На варце”. Саўгасу “Бабоўня” было выдзелена чатыры фермы для ўтрымання буйной рагатай жывёлы на 1784 галавы, свінаферма на 1778 галоў і авечкаферма. З тэхнікі мелася 37 трактароў, 5 збожжаўборачных і 4 сіласаўборачныя камбайны. У 1964 годзе пад ворывам было занята 4088 га. У 2001 годзе гаспадарка рэарганізавана ў раённае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Бабоўня”. Слова кіраўніку Віталь КУРАЧАЎ — адзін з самых маладых кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна. Узначальвае РСУП “Бабоўня” амаль тры гады. — Сёння наша гаспадарка, як і некаторыя іншыя сельгаспрадпрыемствы рэспублікі, перажывае не самыя лепшыя свае дні. Аднак мы вельмі спадзяёмся дабіцца тых паказчыкаў (і імкнёмся да гэтага), якія дазвалялі лічыць саўгас “Бабоўня” адной з перадавых гаспадарак раёна, а лепшыя працаўнікі саўгаса былі пастаяннымі ўдзельнікамі злётаў перадавікоў, заносіліся на раённую Дошку гонару. І сёння многія нашыя работнікі працуюць вельмі шчыра і самааддана і, дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці і ўпартасці (у добрым сэнсе гэтага слова), дабіваюцца добрых вынікаў. Гэтыя словы адносяцца перш за ўсё да людзей, якія маюць за сваімі плячыма багаты жыццёвы і працоўны вопыт, многія з іх будучы на заслужаным адпачынку працягваюць працаваць на палях і фермах нашай гаспадаркі. Мы рады, што на гэта ім яшчэ хапае сіл і  здароўя, што ў іх вачах яшчэ гарыць агеньчык працавітасці і энтузіязму. Я лічу, что наша гаспадарка паступова пачынае набіраць абароты. Дапамагло і тое, што ў сферы льготнага крэдытавання дзяржава дапамагла ў набыцці сучаснай тэхнікі. Мы абнавілі шлейф корманарыхтоўчай тэхнікі, што, спадзяюся, дазволіць нам сёлета нарыхтаваць высакаякасныя кармы для нашага статка, павысіць яго прадукцыйнасць. Працуем над павышэннем культуры земляробства: узбуйняем палеткі, вызваляем іх ад камянёў, кустоўя, адзінкавых дрэў, якія яшчэ сустракаюцца на нашых землях. Шмат увагі надаём апрацоўцы пустуючых участкаў, паўнаце нашых палёў, якія стараемся заворваць па максімуме, каб не расло пустазелле, і г. д. Не скідваем з рахунку і працяг рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў, стварэнне шматкампанентных пашаў для жывёлы і многае іншае. Святкаванне залатога юбілею гаспадаркі плануем сумясціць з яшчэ адной вельмі важнай падзеяй — Днём Перамогі. І хаця ветэранаў і ўдзель-нікаў Вялікай Айчыннай вайны ў нас амаль не засталося, мы абавязкова 9 мая ўспомнім усіх, хто каваў Вялікую Перамогу на франтах і ў тыле ворага. А напамінам пра 50-гадовы юбілей гаспадаркі стане велізарны валун, які мы днямі знайшлі на полі, што рыхтавалі да сяўбы цукровых буракоў. Гэты камень, упрыгожаны адпаведным надпісам, зойме пачэснае месца ля адміністрацыйнага будынка сельгаспрадпрыемства. Самыя шчырыя словы прызнання за плённую працу прагучаць у гэты дзень у адрас ветэранаў працы, перадавікоў вытворчасці, людзей, неабыякавых да лёсу роднай гаспадаркі. Дарагія  сябры! Хочацца пажадаць, каб вы і надалей з надзеяй глядзелі ў будучыню, каб спраўдзіліся вашыя спадзяванні. Каб на працу вы ішлі з чыстым сэрцам і добрым настроем. Працаўнікі саўгаса “Бабоўня” не раз даказвалі, што сваёй працай яны могуць дасягнуць многага. Я думаю, што разам з вамі гаспадарка не толькі ўспомніць свае лепшыя дні, але і даб’ецца намнога большага. Міру і дабра ў вашы сем’і! Моцнага здароўя вам і вашым блізкім, спакою і дабрабыту, шчасця і ўсяго самага найлепшага! Ветэраны і сёння ў страі 32 гады свайго жыцця аддаў працы ў “Бабоўні” Галік Іванавіч СТАХОЎСКІ. Усяго ж у сельскай гаспадарцы ён ужо 54 гады. Былі ў біяграфіі Галіка Іванавіча розныя пасады: пяць гадоў ён узначальваў сельгаспрад-прыемства на Віцебшчыне, быў галоўным ветурачом у саўгасе “Бабоўня”, і цяпер, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, дапамагае калегам у вырашэнні задач, якія стаяць перад ветслужбай гаспадаркі. “Некалі нам даводзілася абслугоўваць звыш 4000 галоў буйной рагатай жывёлы і прыкладна столькі ж свіней, — успамінае ветэран працы. — Да таго ж,  на ўласных вясковых падвор’ях утрымлівалася больш за 500 кароў, я ўжо не лічу свіней і іншую жыўнасць. А таму па дапамогу да ветурачоў звярталіся ў любы час сутак. Цяпер работа, вядома ж, больш спакойная, але са сваімі цяжкасцямі. Разам і працаваць весялей Так сталася, што пасведчанні на права кіравання трактарам бацька і сын — Мікалай Мікалаевіч і Віктар Мікалаевіч КУНЦЭВІЧЫ — атрымалі адначасова, пасля заняткаў у Капыльскім вучэбна-курсавым камбінаце. Толькі бацька да гэтага ўжо 22 гады адпрацаваў вадзіцелем-зваршчыкам. А пасля вырашыў змяніць свой аўтамабіль на трактар. У яго ўжо трэці “Беларус”: пачынаў з МТЗ-80, МТЗ-82, цяпер перасеў на “Беларус-3022”. Яшчэ нядаўна — араў, а днямі падчапіў прычэп з раскідвальнікам і будзе вывозіць арганіку на палі. Сучасная энерганасычаная тэхніка і ў Віктара — “Беларус-3522”. І ідзе паміж бацькам і сынам своеасаблівае спаборніцтва. А хто ў ім пераможа: вопыт ці маладосць — пакажа час.   Ардэнаносец Анатоль Іванавіч МАЦКЕВІЧ — адзін з нямногіх у раёне, хто ўзнагароджаны ордэнам Леніна. Гэтай вышэйшай адзнакі савецкай краіны ён быў удастоены ў красавіку 1971 года. Механізатарскі стаж ардэнаносца налічвае 44 гады, з іх дзевяць ён адпрацаваў ужо будучы на пенсіі. Праз рукі Анатоля Іванавіча за гэты час прайшло нямала трактароў і іншай сельгастэхнікі розных марак, пачынаючы з ХТЗ на металічных колах і да КСК-10, які верай і праўдай адслужыў механізатару больш за 20 гадоў, — чым не прыклад ашчаднага стаўлення да тэхнікі!       Сцяжынка іх вяла на ферму Зінаіда Яфімаўна КЛОЧКА, Валянціна Мікалаеўна КАШУБА, Ганна Рыгораўна ПАЖЫГАН. Гэтых жанчын аб’ядноўвае не толькі тое, што яны жывуць у адной вёсцы — Лоцвіны. Яны практычна ўсё  сваё  жыццё прысвяцілі працы ў жывёлагадоўлі, а дакладней — на свінатаварнай ферме. Зінаіда Яфімаўна пачынала свой працоўны шлях як даярка, затым перайшла на свінарнік. Яна знаходзіла час і магчымасць не толькі бездакорна выконваць сваю справу, але і клапаціцца пра сваіх пяцярых дзетак. Толькі самыя шчырыя словы ўдзячнасці за працу можна сказаць і ў адрас Валянціны Кашубы. “Пад маёй апекай былі свінаматкі, — успамінае Валянціна Мікалаеўна, — па 40 галоў і прыкладна па 8 парасятак ад кожнай. Амаль усе 48 гадоў я працавала з імі. Вельмі любіла маленькіх парасятак, калацілася над кожным з іх, каб выжыла. Праца была цяжкая, ручная, практычна без выхадных, а поўны водпуск (цэлы каляндарны месяц) я адбыла хіба што толькі раз. А так — імкнулася зарабіць капейку, таму і не зважала на стому”. З аптымізмам глядзіць на жыццё Ганна Рыгораўна. У прафесію яна прыйшла па прыкладзе мамы, якая таксама ўсё жыццё працавала ў жывёлагадоўлі: даяркай, даглядчыцай, свінаркай. Менавіта пасля смерці матулі вырашыла Ганна звольніцца са сталічнага “Гарызонта” і прыняць маміну групу на свінаферме. Так і засталася… Бо любіла сваю справу ўсёй душой і імкнулася выконваць яе як мага лепш. Прыклад для маладых Са студзеня 1971 года працуе ў роднай гаспадарцы Канстанцін Канстанцінавіч Кручак. Ён мясцовы, скончыў школу, затым Уздзенскае СПТВ-210, дзе і атрымаў спецыяльнасць трактарыста і вадзіцеля. Пасля службы ў арміі сеў за руль аўтамабіля і змяніў яго на трактар толькі 11 гадоў таму. І на камбайне шчыраваў, нават некалькі сезонаў паралельна быў камбайнерам і вадзіцелем: адвозіў “КамАЗам” намалочанае на сваім “Класе-Мега” зерне. Неаднаразова іх экіпаж прызнаваўся пераможцам спаборніцтва на ўборачнай і заносіўся на раённую Дошку гонару ў газеце “Слава працы”. Цяпер Канстанцін Канстанцінавіч на пенсіі, але працу ў гаспадарцы пакуль кідаць не збіраецца. Мы сустрэліся з ім ля склада, дзе ён разам з калегам Дзмітрыем Клочкам загружаў на свой МТЗ-82 скрынкі з насеннем цукровых буракоў. Практычна ўдвух яны і засеялі гэтай культурай ўсе запланаваныя 400 га. Сапраўдная гаспадыня Гаспадыняй Меднай гары жартам называюць Ганну Канстанцінаўну Шпакоўскую знаёмыя. А яна ўжо 28 год працуе ў РСУП “Бабоўня” загадчыцай склада, дзе ў засеках знаходзіцца самае галоўнае багацце гаспадаркі — збожжа. І яшчэ шмат чаго іншага. Аграном па спецыяльнасці (Ганна Канстанцінаўна ў свой час скончыла Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум), жанчына спраўна прымяняе свае веды на практыцы, строга сочыць за парадкам і ў чатырох складах, і на зернетоку падчас уборачнай, і на сушылках… Пад яе началам чатыры пастаянныя рабочыя, да якіх  у гарачую пару далучаецца не адзін дзясятак сезонных.   Таленавітыя і спагадлівыя На бабаўнянскай зямлі жывуць не толькі надзвычай працавітыя, але і вельмі таленавітыя людзі. Хто не ведае “Лоцвінскіх удалух”, слава пра якіх разляцелася далёка за межы раёна. Яшчэ адзін сапраўдны цэнтр культурнага жыцця — Бабаўнянская сельская бібліятэка. Яна размясцілася ў класах былой пачатковай школы. Бібліятэкар Святлана Іванаўна Грушэвіч умее знаходзіць агульную мову не толькі з дзецьмі, але і дарослымі. Вельмі плённае супрацоўніцтва, па словах самой Святланы Іванаўны, у іх завязалася з адміністрацыяй сельгаспрадпрыемства, прафсаюзным камітэтам. Добрая падтрымка ўсіх ідэй і спонсарская дапамога ў набыцці  сувеніраў і пачастункаў для маленькіх удзельнікаў мерапрыемстваў, што праводзяцца ў бібліятэцы, ужо стала добрай традыцыяй. Часта і сама старшыня прафкама Галіна Васільеўна Самусенка бярэ ўдзел у такіх ранішніках. У сваю чаргу юныя артысты — пастаянныя ўдзельнікі ўшанаванняў перадавікоў вытворчасці на жніве, у складзе валанцёрскага атрада наведваюць адзінокіх людзей, якія знаходзяцца ў Бабаўнянскай бальніцы сястрынскага догляду і радуюць іх сваёй творчасцю і маленькімі сувенірамі. Стварыць свята для аднавяскоўцаў умеюць і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Лоцвінскага СДК. Матэрыялы падрыхтавала Маргарыта САКОВІЧ. Фота аўтара, Сяргея ЛАЗОЎСКАГА і з архіва РСУП “Бабоўня

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей