У ГОНАР 9 МАЯ. У сувязі са святкаваннем 69-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне старшыня райвыканкама А. Жданеня падпісаў распараджэнне, у якім даручана старшыням сельвыканкамаў, кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў у тэрмін да 7 мая 2014 года арганізаваць за кошт сродкаў суб’ектаў гаспадарання выплату ў памеры дзвюх базавых велічынь удзельнікам, інвалідам вайны, працаўнікам тылу, былым вязням фашысцкіх лагераў, сем’ям загінуўшых воінаў, блакаднікам, інвалідам з дзяцінства з прычыны ранення, кантузіі, калецтва, звязаных з вынікамі баявых дзеянняў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
АДОРАНАЯ МОЛАДЗЬ. Пасведчанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў па выніках мінулага года атрымалі днямі прадстаўнікі Капыльшчыны. Гэтага гонару ўдастоены пераможцы заключнага этапа рэспубліканскай прадметнай алімпіяды 2013 года – адзінаццацікласнік СШ №2 г. Капыля Уладзіслаў Быліновіч і выпускнік Бучацінскай СШ, курсант Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Хацько.
ПРЭЗЕНТАЦЫЯ. Сёння Рэдакцыя газеты «Слава працы» праводзіць творчую прэзентацыю на ХVIII Міжнароднай спецыялізаванай выставе «СМІ ў Беларусі», якая адкрылася ўчора ў Мінску. На гэты раз капыльскія журна- лісты прадстаўляюць праект аб беларускай нацыянальнай кухні, дзе галоўным дзеючым героем стала аматарскае аб’яднанне нацыянальнай кухні «Лоцвінскія ўдалухі».
ФЕСТЫВАЛЬ. Выхаванкі настаўніцы музыкі СШ №2 г. Капыля Таццяны Ермаловіч вярнуліся з узнагародамі з абласнога фестывалю эстраднай песні “Веснавыя рытмы”, што прайшоў у г. Дзяржынску. Настасся Карповіч атрымала Дыплом лаўрэата II ступені, а Марыя Брылеўская і Дзіяна Зіновенка – дыпломы ўдзельнікаў.
КАНФЕРЭНЦЫЯ. 25 красавіка адбудзецца V справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі ГА “БРСМ”. На ёй будуць падведзены вынікі дзейнасці за 2012-2014 гады і абраны новыя кіруючыя органы.
АБНАЎЛЕННЕ. У раённым Цэнтры культуры гаспадарчым спосабам вядзецца рамонт памяшканняў. Адначасова новы выгляд набываюць лесвічныя праёмы, сцены на другім паверсе, а таксама столь у калідоры, які вядзе за сцэну. У хуткім часе прыгожа і больш камфортна стане і ў кабінетах спецыялістаў установы культуры.
Падрыхтавалі М. ШЭІНА, С. КОЗЕЛ, С. ЛАЗОЎСКІ
Комментарии