Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

44

ЖЫВІ Ў СТАГОДДЗЯХ, ПЕРАМОГА!

23.03.2010
У Жыліхаўскай сельскай бібліятэцы існуе цыкл пастаянна дзеючых выстаў пад агульнай назвай “Жыві ў стагоддзях, Перамога!”. Не так даўно дзякуючы сям’і А. М. Уласовіча яна папоўнілася некалькімі новымі экспанатамі. Андрэй Мікалаевіч мае хоббі: з кардону, паперы і іншых падручных матэрыялаў вырабляе розныя рэчы ваеннай тэматыкі. У бібліятэку ён падарыў мініяцюру браняпоезда з пушкамі, башнямі і з надпісамі: “За Родину!”, “Смерть фашистам!”. Гэты экспанат заўсёды выклікае цікавасць у нашых наведвальнікаў. Наступны экспанат, вельмі дарагі для нас, падарыла жонка Уласовіча Жанна Мікалаеўна. Гэта песеннік невядомага салдата. З запісаў у ім можна прасачыць за шляхам байца, таму што амаль пад кожным вершам або песняй стаіць дата і назва мясцовасці, дзе быў прывал. Напрыклад, пасля песні “Моя Москва” пазначана “Купичев. Волынская обл. УССР. 2.10.44 г.”, пасля песні “Дочурка” подпіс “20.9.45. Чаплица. Т. Д. Жеренкова”. Ёсць успаміны пра “Штеттин, песня из альбома капитана Сороки”. З песенніка можна даведацца, што новы 1946 год гэты таварыш сустрэў у Германіі: “г. Рерик! Германия. 31.12.45 года”. Апошні запіс пасля рамансу “Калитка”, занатаваны  ў «г. Рерик 30.08.46 г. у Михайленко”. У песенніку была выразка з газеты “Сталинец: красноармейская газета” за 2 снежня 1945 г. (нядзеля №153). На газеце па-значана “Прочти и передай другому”, на адвароце выразкі - «Смуглянка”, якая друкавалася «по просьбе сержанта Крючкова”. Адзін з раздзелаў выставы называецца “Па цяжкіх дарогах вайны ішлі мае аднавяскоўцы”. Тут размешчана папка з успамінамі людзей, якія на свае вочы бачылі і перажывалі ў гады ліхалецця ўсе нястачы. На жаль, іх ужо няма ў жывых, але нашчадкам яны пакінулі ўспаміны, фотаздымкі розных гадоў, лісты-трохкутнікі. На гэтай паліцы захоўваецца даведка, выда-дзеная 21.06.1946 г. Аляшкевіч Л. Ф. аб тым, што яе муж Аляшкевіч Ц. Г. загінуў 15.10.1944 г. і пахаваны ў в. Масюкі Варшаўскага ваяводства. Ужо даўно няма ў жывых Лізаветы Фёдараўны і ўжо гадоў 10 як памёр яе адзіны сын, не па-кінуўшы пасля сябе на-шчадкаў. Вялікую цікавасць вы-клікае ў аматараў чытання паліца “Прачытай кнігу аб вайне”, на якой размешчаны творы дзіцячых аўтараў І. Сяркова, Л. Касіля, С. Баруздзіна, Б. Палявога і інш. Для дарослых чытачоў існуе выстава “Вайна ў творах беларускіх пісьменнікаў”, на якой размешчаны І. Шамякін, В. Быкаў, Р. Няхай, І. Пташнікаў і інш. Вучні мясцовай школы (Д. Наяровіч, А. Яцына і інш.), работнікі гаспадаркі (С. А. Наяровіч, У. В. Макуцэня, В. В. Машко і інш.), пенсіянеры захапляюцца літаратурай дадзенай тэматыкі. Кніжныя паліцы перыядычна абнаўляюцца. Згодна з планам работы на 2010 год, бібліятэка сумесна з іншымі арганізацыямі плануе правесці шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 65-годдзю Перамогі.

Валянціна РАДКЕВІЧ,

бібліятэкар Жыліхаўскай сельскай бібліятэкі


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей