Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

30

Гонар зямлі Капыльскай

21.04.2014
Дзевяцікласніцы СШ №2 г. Капыля Настасся Лушчыцкая, Аліна Малашэвіч і Лізавета Новік пад кіраўніцтвам настаўніка геаграфіі Анатоля Мікалаевіча Сікорскага атрымалі Дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Невычэрпныя крыніцы гісторыі” ў конкурсе дзіцячых вучэбна-даследчых праектаў “Я родным краем ганаруся”, рэспубліканскі этап якога праходзіў на базе НАЦ “Зубраня”. У рэспубліканскім конкурсе вучаніцы СШ №2 г. Капыля прадставілі і дастойна абаранілі праект “Цуды і гонар зямлі Капыльскай”. Асаблівасцю праекта з’яўляецца тое, што ён складаецца з 7 раздзелаў па 7 асаблівасцей у кожным. У раздзеле “7 колераў нацыянальнай вясёлкі” раскрываецца роля нашых землякоў розных нацыянальнасцей, якія праславілі не толькі сябе і Капыльшчыну, але ўнеслі значны ўклад у развіццё краіны. Раздзел “7 гістарычных падзей” уключае інфармацыю пра першае ўпамінанне Капыля, атрыманне Магдэбургскага права і герба, пра ўтварэнне раёна, вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, атрыманне флага і гімна. Пра асаблівасці пабудовы нашых храмаў, сядзіба-паркавых комплексаў ідзе размова ў раздзеле “7 цудаў архітэктуры”. Асаблівасці прыроды раёна, помнікі прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння, камень-следавік “След Хрыста”, лепшая аграсядзіба Беларусі “Вясёлая хата”, экалагічная сцяжынка Лясноўскай СШ, лепшыя сядзібы раёна – гэта змест раздзела “7 цудаў прыроды”. Выклікае цікавасць раздзел “7 маўклівых сведкаў мінуўшчыны” – пра гарадзішча, курганныя могільнікі, помнікі і музеі вёсак Цімкавічы і Семежава, Лаўскі бой, в. Масявічы, краязнаўчы музей. Раздзел “7 знакамітых людзей” апавядае пра іерэя У. Пастэрнацкага, марксіста К. Пятрусевіча, пісьменніка, дзяржаўнага дзеяча Ц. Гартнага, Героя Беларусі  М. Высоцкага,  біятланіста А. Сымана,  трэнера па гімнастыцы Р. Кныша, альпіністаў братоў А. і В. Лутавых. Змястоўны матэрыял прадстаўлены ў раздзеле “7 значных сучасных дасягненняў і падзей”. Тут ёсць інфармацыя пра абрад “Цары” са Спісу ЮНЕСКА, пра лепшае легкаатлетычнае свята “Капыльскія пагоркі”, пра стварэнне Зялёнага маршрута “Міжрэчча Мажы і Морачы”, пра клуб нацыянальнай кухні “Семяжовачка”, а таксама пра ўзорны дзіцячы аркестр, пра прысваенне звання “Народны майстар Беларусі” па ткацтве, пра неаднаразовых пераможцаў жніва – сям’ю Пяцігорцаў. Настасся ЛУШЧЫЦКАЯ, вучаніца  9 “Б” класа ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Капыля імя Цішкі Гартнага”

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей