“Але Хрыстус уваскрос з мёртвых, першынец з памерлых. Бо як смерць праз чалавека, так праз чалавека і ўваскрасенне з мёртвых. Як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць” (да Карынцянаў 15, 20-22).
На свята Пасхі Хрыстовай рыма-каталіцкая парафія Святых Пятра і Паўла складае найлепшыя пажаданні вернікам Каталіцкай Царквы, вернікам Праваслаўнай Царквы, вернікам іншых хрысціянскіх супольнасцей і ўсім лю-дзям добрай волі на нашай капыльскай зямлі.
Няхай успамін устанаўлення Эўхарыстыі і сакраманту Святарства, што мы перажылі ў Вялікі Чацвер, абудзіць у нас удзячнасць Езусу Хрысту за дар, дзякуючы якому можам быць з Ім у поўні злучанымі і ведзенымі ў кірунку Бога тымі, каго Збаўца паклікаў словамі: “Ідзі за мною”.
Як выказаць нашу ўдзячнасць Езусу Хрысту за Збаўленне праз Крыж? Што можа наогул сказаць смяротны чалавек у абліччы ТАКОГА праяўлення Божай Любові? Толькі сама Божая Любоў сваім дотыкам можа ўвесці нашу душу ў стан удзячнасці і безслоўнага адказу на Caritas Christi.
Няхай раніца Велікоднай Нядзелі загучыць у вашых сэрцах гімнам “Te Deum Laudamus!” — “Цябе, Бога, праслаўляем!”, воклічам удзячнасці і захаплення “Аллелюя” і велічнай песняй Радасці і Надзеі, што плыве з пустога гроба Хрыстовага.
Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!
Святар Аляксандр ТАРАСЕВІЧ,
пробашч (настаяцель) парафіі святых Пятра і Паўла
Комментарии