Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

64

Светлае вызваленне (CMigrator copy 2)

19.04.2014
(Працяг. Пачатак у №№ 26,28) Сваё слова сказала ў баях у раёне Леніна (ранейшая назва Раманава) 1-я Польская дывізія імя Касцюшкі пад камандаваннем генерала Берлінга. У складзе 33-й арміі байцы прарвалі абарону, ім давялося з цяжкасцю фарсіраваць раку Мярэя. Пераадолеўшы водны рубеж, салдаты з белым арлом на касках смела білі фрыцаў агнём і штыком. У складзе польскіх падраздзяленняў ваявалі і нашы землякі. У свой час былы начальнік капыльскага аэрапорта Іван Якаўлевіч Малашэвіч асвойваў мінамёты і граміў ворага ў складзе  61-га гвардзейскага палка, а затым  баявы шлях, да самай перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, прайшоў у 1-й Польскай дывізіі, дзе ён ваяваў разам з будучым кіраўніком Польскай народнай рэспублікі Войцехам Ярузельскім. Малашэвіч адным з першых  асвоіў гвардзейскія “Кацюшы”, агнём якіх дапамагаў польскім салдатам разграміць фашыстаў у мястэчку Леніна (Горацкага раёна Магілёўскай вобласці). Гэты бой увайшоў у слаўную старонку вызвалення Беларусі. Затым Малашэвіч асвоіць лётную справу і ў складзе польскага фарміравання на начным бамбардзіроўшчыку будзе бамбіць ворага каля Баранавіч і Брэста. Плячо ў плячо з палякамі будзе ваяваць капітан  Рыгор Шаблюк з Пясочнага, а таксама лейтэнант  Мікалай Лявонцьевіч  Казейка з Перавоза. Яны будуць вызваляць родную Беларусь і пасля баёў пад Брэстам  выганяць немцаў з Польшчы і штурмаваць Берлін. У баях пад Леніна білі гітлераўцаў шмат ураджэнцаў Капыльшчыны, Случчыны і Клеччыны. На сустрэчах франтавікі ўспаміналі пра іх, але шкада, што не ўдалося запісаць гэта. Бітва пад Леніна сімвалізавала гістарычную агульнасць славянскіх народаў. Малашэвіч быў адзначаны Радзімай ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў, Шаблюк – ордэнам Леніна, Казейка – двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, і ўсе гэтыя праслаўленыя воіны ўзнагароджаны трыма польскімі Крыжамі (кожны). А вось Сцяпан Міхайлавіч Карповіч даслужыўся да звання падпалкоўніка і ў рангу камандзіра стралковага палка вызваляў бацькаўшчыну. Яшчэ ён служыў у  войску Польскім у якасці саветніка ў дывізіі Тадэвуша Касцюшкі, узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і двума Чырвонай Зоркі, а таксама трыма ордэнамі Срэбны Крыж Заслугі. Нечаканым для ворага быў удар ля Магілёва. Ад моцнага агню 39-га танкавага корпуса па абодвух баках Дняпра праціўнік пацярпеў паражэнне, хоць гітлераўцы стварылі моцную абарону. Першымі ў горад Магілёў уварваліся воіны  238-й стралковай дывізіі. Рота нашага земляка Рыгора Самуілавіча Туроўскага ў рукапашным баі захапіла плацдарм. Усю ноч ішлі крова-пралітныя баі, але байцы Туроўскага і ўсе падраздзяленні  49-й арміі не далі гітлераўцам вырвацца  з акружэння, хоць іх падтрымлівалі шмат “тыграў” і штурмавыя гарматы. Вечарам  абласны цэнтр быў поўнасцю вызвалены. Але, як успамінаў франтавік: “Перад вачыма маіх байцоў ляжаў горад увесь у руінах  і без людзей”. У вызваленні Магілёва прынялі ўдзел амаль усе злучэнні 3-га Беларускага фронту. У распрацоўцы аператыўнага плана гэтай важнай аперацыі ўдзельнічаў наш зямляк палкоўнік Уладзімір Іванавіч Бякешка з Бадзяжоў, а таксама Барыс Васільевіч Чарных, начальнік аператыўнага аддзела аднаго з корпусаў 3-га Беларускага фронту. Тры браты Чарных – Барыс, Георгій і Глеб – мужна ваявалі на розных франтах і як старэйшы брат  вызвалялі родную Беларусь. Усе яны родам з Савічаў. Упартыя баі разгарнуліся пад Віцебскам і Оршай, якія былі важнымі фарпостамі для гітлераўцаў. Трэба адзначыць, што ў баях за абласны цэнтр удзельнічаў былы намеснік старшыні Капыльскага райвыканкама Кузьма Цітавіч Аўчыннікаў. Ён ваяваў у 6-й гвардзейскай  арміі   камандзірам  батальёна сувязі. Пад кулямётным і артылерыйскім агнём ворага наладжваў сувязь паміж вайсковымі падраздзяленнямі, 264 салдаты і афіцэры яго батальёна былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі “За адвагу”. У складзе 19-й гвардзейскай стралковай дывізіі ваяваў Іван Іосіфавіч Яўсючэня са Смалічоў. Разам са сваім франтавым сябрам Веніямінам Аляксандравічам Гамічавым, сваяком будучага касманаўта Лявонава, яны смела ўрываліся ў акопы ворага. Мікалай Акімавіч Дыдзенка разам з ўзводам разведчыкаў, дзе камандзірам быў будучы генерал Леанід Густаў, прабраўся ў штаб нямецкай часці. Перад гэтым яны ціха знялі ахову і захапілі нямецкага афіцэра з сакрэтнай дакументацыяй. Гэтым яны дапамаглі камандаванню даведацца пра слабыя лініі абароны праціўніка ў Оршы. Наш зямляк з Семежава, палкоўнік Васіль Якаўлевіч Рагачоў, удзельнічаў у планаванні Віцебскай наступальнай аперацыі. Дзякуючы ўмела распрацаванаму плану, 25 кастрычніка 1944 года 39-я і 43-я арміі ўварваліся ў Віцебск, і два дні працягваліся жорсткія баі за кожны квартал, за кожны дом. Затым працягваліся баі па ачыстцы Віцебшчыны ад фашыстаў. Актыўна і з вялікай мужнасцю змагаўся з ворагам наш зямляк, капылянін Том Антонавіч Крысько. Перад узяццем Оршы яму было даручана ўзяць “языка”. Разам з шасцю разведчыкамі дзве ночы наглядалі за патрульнымі пастамі. Замаскіраваліся так, што гітлераўцы іх не бачылі, але здранцвелі рукі і ногі. Пад вечар паставыя пайшлі пагрэцца ў бліндаж, а адзін з іх прыпыніўся. Дзвюх хвілін хапіла зваліць з ног фельдфебеля. Паклалі на плашч-палатку і пацягнулі да сваіх, але фрыцы апамята-ліся і пачалі страчыць з  кулямётаў. Сяржанта паранілі. Фельдфебель расказаў пра планы гітлераўцаў, што дапамагло з найменшымі стратамі прарваць  абарону  на адным з участкаў Оршы. Камбат Маслаў прадставіў Крысько да ўзнагароды  медалём “За адвагу”. Дарэчы, затым Том Антонавіч прымаў удзел у вызваленні Мінска, Маладзечна, Гродна. Але ў вайне загінула шмат нашых смелых землякоў. Камандзір батальёна маёр Аляксандр Гаўрылавіч Верабей з Бадзяжоў радаваўся, калі яго байцы выгналі немцаў з мястэчка Бачэйкава Віцебскай вобласці, але вораг пайшоў у контратаку, штурмавікоў разбілі, а маёр загінуў. Пры вызваленні Дубровенскага раёна загінуў Іван Сцяпанавіч Пархомчык з Дзягцян, Уладзімір Мікалаевіч Чарнушэвіч з Капыля – каля Клімавіч. Іван ІГНАТЧЫК, член ГА “Беларускі саюз журналістаў” (Працяг будзе)

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей